Дзяржаўная друкарня ў Бабруйску запатрабавала прыбраць сімвал БХД з перадвыбарчай улёткі кандыдаткі ў дэпутаты.

Напярэдадні мясцовых выбараў у кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі ўзнікае ўсё больш перашкод. У Бабруйску кандыдатке ўказалі на сімвал БХД — валошку, і прапанавалі прыбраць, палічыўшы «фашысцкім знакам». У выніку жанчына пагадзілася, інакш друк маглі зацягнуць ці наогул спыніць. А ў Брэсцім раёне кандыдату, які ўваходзіць у ініцыятыўную групу па стварэнні БХД, наогул адмовілі вырабляць улёткі.

— Абвінавачванне ў фашызме не новае для дзеячаў нацыянальнага руху яшчэ з часоў Беларускага народнага фронту, — сказаў «Салідарнасці» сустаршыня БХД Павел Севярынец, запэўніўшы, што, нягледзячы на перашкоды, сімволіка партыі будзе прысутнічаць у агітацыйнай прадукцыі ўсіх кандыдатаў ад БХД. — Зараз маса выпадкаў, калі друкаванне агітацый папросту затрымліваецца. На сённяшні дзень толькі палова кандыдатаў БХД атрымала на рукі друкаваную прадукцыю, шмат каму пастаянна кажуць «заўтра‑заўтра‑заўтра, пачакайце»… Шмат ціску на кандыдатаў з тым, каб яны зняліся з выбараў. Але ўсе 83 нашы кандыдаты працягваюць кампанію.

На думку Севярынца, «усе гэтыя выпадкі сведчаць пра тое, што ўлада сапраўды спалохалася той моцнай кампаніі, якую вядзе БХД»:

— Зараз у нас 83 кандыдаты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гэтыя людзі вядуць сваю кампанію з імпэтам, шмат дзе ў гэтым удзельнічаюць і цэрквы. Натуральна, што такі ход справаў не ўпісваўся ў карціну слабенькай апазіцыі, якая ледзь‑ледзь выходзіць на выбары і кволым галаском просіць лібералізацыі і чагосьці такога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?