Па ходзе мясцовых выбараў апазіцыя прыйшла да высновы, што ўсё па‑старому: выбараў як такіх у Беларусі па‑ранейшаму няма. У сумеснай заяве партыйныя лідэры прапаноўваюць уладам «пачаць абмеркаванне прапаноў аб змяненні выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі». Аб’яднаная грамадзянская партыя і ўвогуле ляпнула дзвярыма гэтай кампаніі, каб прыцягнуць увагу Захаду.

Але Штатам зараз не да Беларусі, іх стрэмкі — Афганістан ды Іран. Еўрасаюз таксама агорнуты сваімі праблемамі: Грэцыя калапсуе, еўра спаўзае і ўсё такое. Да таго ж у Бруселя проста няма моцных вагароў ціску на Мінск.

У сваю чаргу, беларускія ўлады напэўна мяркуюць, што і так пашчыравалі, калі ўнеслі перад цяперашнімі мясцовымі выбарамі два вазы і цэбар паправак у выбарчае заканадаўства. Прасілі дэмакратызацыі — вось вам!

Аднак карэктывы аказаліся спрэс імітацыйнымі.

Вертыкаль цудоўна адаптавалася да навацый.

Так, квоту ў трэць складу выбаркамаў для партый і грамадскіх арганізацый практычна пад завязку ўпакавалі людзьмі з лаяльных структур, у тым ліку абсалютна фантомных.

У прынцыпе, калі ўжо моцна прыцісне, можна, вядома, і пад прэзідэнцкія выбары без вялікай рызыкі ўпырснуць у Выбарчы кодэкс дозу паліятыву. Але, хутчэй за ўсё, і такога жэсту апазіцыя з Еўропай не дачакаюцца.

Розніца ж паміж кампаніямі каласальная. Што тычыцца мясцовых саветаў, то зараз апаненты рэжыму не захапілі б гэты бастыён, нават калі ўявіць фантастычную сітуацыю: улада звар’яцела і дала ідэйным праціўнікам поўную волю.

На барацьбу за больш чым 21 тысячу дэпутацкіх крэслаў з самага пачатку была выстаўлена жменька штыкоў — некалькі соцень рэальных дэмакратычных кандыдатаў.

Так што гэтую кампанію вярхі палічылі цалкам прыдатнай для тэставання нарматыўных навацый.

Але ўжо прэзідэнцкія выбары, калі крэсла адно, а яго страта смерці падобная, эксперыментаў не цярпяць.

На думку палітолага Валера Карбалевіча, дамагчыся ад Лукашэнкі зменаў у выбарчым заканадаўстве напярэдадні найважнейшай для яго кампаніі — паходу на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін — «практычна нерэальна». Ён не будзе рызыкаваць па дробязях.

Сапраўды, фон будучай кампаніі і так далёка не бясхмарны. Масква не выказвае намераў падтрымаць матэрыяльна, як гэта было ў лепшыя часы. Плюс крызісная яма. Як нашкрэбсці грошай на абяцаную зарплату ў пяцьсот долараў? Сацыёлагі НІСЭПД ужо адзначаюць «зніжэнне індэксаў сацыяльных настрояў».

У такіх напружаных умовах — яшчэ і развязваць апазіцыі рукі? Ну ўжо не!

Ёсць і яшчэ адзін момант. Кладучы руку на сэрца, на найбліжэйшых выбарах дзейны кіраўнік дзяржавы, хутчэй за ўсё, мог бы перамагчы і ў абсалютна празрыстых умовах, пры фармальна раўнапраўнай канкурэнцыі.

Асабліва калі злёгку наблізіць дату выбараў. Памятаеце: усе чакалі, што выбары‑2006 пройдуць летам, а іх — бац! — і перанеслі на сакавік. Апазіцыя яшчэ не разварушылася, а тут трэба з месца ў кар’ер кампанію разгортваць.

На гэты раз, апрача жадання зноў ашаламіць апазіцыю, можа спрацаваць і комплекс эканамічных меркаванняў: няхай прагаласуюць, пакуль Масква не заламала еўрапейскую цану за газ, не напалохалі лічбы ў жыроўках і ўсё такое.

Але гэта толькі тактычныя хітрыкі. А ў прынцыпе электаральны рэйтынг Лукашэнкі (пры ўсёй умоўнасці гэтага паказчыка ў «краіне аднаго палітыка») — на парадак большы, чым у Аляксандра Мілінкевіча. Згодна з сакавіцкім апытаннем НІСЭПД — 42,7% vs 4,7%. Астатнія апазіцыянеры — у межах статыстычнай хібнасці.

Вынесем за дужкі прычыны такой бядотнай розніцы вагавых катэгорый. Факт тое, што цудаў не бывае. Нарасціць рэйтынг на парадак за лічаныя месяцы для любога з абоймы гіпатэтычных сапернікаў нязменнага прэзідэнта — нерэальна.

Мінскі аналітык Андрэй Фёдараў зазначае: «Ніводзін з наменклатурных цяжкавагавікоў не рызыкне пайсці на самагубны крок — кінуць выклік прэзідэнту.

У апазіцыі ж на сёння няма ні фігур, ні элементарных базавых умоў для роўнай канкурэнцыі».

З’яўленне народу нейкага дагэтуль невядомага харызматыка таксама больш чым праблематычнае.

І потым, не забывайце: працэнты на выбарах падлічваюцца ад колькасці тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. А да скрыняў больш актыўна ідуць прыхільнікі Лукашэнкі. Вось вам і яшчэ адзін арыфметычны фактар на яго карысць.

Карацей, у дзейнага лідэра ёсць усе шанцы перамагчы чыста. Але — з вынікам, які кіраўнік дзяржавы з дрэнна хаванай гідлівасцю называе «еўрапейскім».

Здаецца, тут бы і пакарыць Еўропу: глядзіце, вось мае сумленна заробленыя — ну, скажам, 57%!

На гнілым Захадзе пераможца з такім вынікам быў бы на сёмым небе.

Аднак «для харызматычнага беларускага правадыра гэта не паказчык», мяркуе Валер Карбалевіч. Паводле палітолага, Лукашэнка апынуўся ў пастцы сваіх «элегантных перамог».

Разумееце, харызматычны аўтарытарны лідэр заўсёды баіцца здацца слабым. На выбарах‑2006 Цэнтрвыбаркам абвясціў пра 83% галасоў за дзейнага кіраўніка. І калі чарговым разам вынік будзе на 20‑25% ніжэйшы, то арэол усенародна абранага рэзка паблякне.

А раптам народ вырашыць, што правадыр ужо не той? Гэтая фобія занадта моцная, каб дагаджаць Бруселю.

А самае галоўнае: калі кампанію пусціць, так бы мовіць, на самацёк (вы разумееце, пра што гаворка), то «разладзіцца ўвесь механізм забеспячэння патрэбнага выніку», зазначае Валер Карбалевіч. Вертыкаль размагніціцца, і калі не на гэтых выбарах, то на наступных можна чакаць чаго заўгодна.

Такім чынам, разлічваць на лібералізацыю ўмоў маючых адбыцца выбараў — або наіўнасць, або хітраватасць. Нейкія дэкаратыўныя штучкі магчымыя. Але ў прынцыпе сцэнар чарговай прэзідэнцкай кампаніі будзе традыцыйна жорсткім, без элегантнасці і эксперыментаў на ўцеху Еўропе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?