Правацэнтрысцкая партыя Фідэс атрымала, па папярэдніх дадзеных, перамогу ў першым раўндзе парламенцкіх выбараў у Венгрыі, пазбавіўшы ўлады сацыялістаў, якія кіравалі краінай апошнія восем гадоў.
Выбары прайшлі ў мінулую нядзелю.

Па інфармацыі Нацыянальнай выбарчай камісіі Венгрыі, партыя Фідэс, пад кіраўніцтвам былога прэм'ер-міністра краіны Віктара Орбана, набрала 52,8% галасоў выбаршчыкаў і атрымала 206 з 386 месцаў у парламенце краіны.

На другім месцы апынуліся сацыялісты з 19,3% галасоў, што дазволіць ім разлічваць на 28 мандатаў. Упершыню ў парламент праходзіць і нацыяналістычная партыя Йоббік, якая набрала ў першым туры галасавання 16,7% галасоў, што дасць ёй 26 дэпутацкіх мандатаў. Скрайне левая ліберальная партыя LMP стала чацвёртай сілай, што прабілася ў галоўны заканадаўчы орган краіны з 7,42%. Гэта дало ёй права накіраваць у парламент пяць дэпутатаў.

Лёс 121 месца ў парламенце будзе вызначаны ў нядзелю, 25 красавіка, калі адбудзецца другі тур выбараў.

Парламент Венгрыі абіраецца на чатыры гады. Права голасу ў краіне маюць 8,3 мільёна чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?