12.04.2010 / 18:35

Беларусам лічаць за лепшае не нагадваць, па кім гучыць звон 62

Афіцыйная жалоба ў звязку з польскай трагедыяй была абвешчана 12 красавіка па ўсім перыметры беларускіх межаў. Але не ў нас.

Сёння па ўсім перыметры межаў Беларусі — афіцыйная жалоба. У сувязі з гібеллю польскай эліты ў авіякатастрофе пад Смаленскам дзень 12 красавіка абвешчаны жалобным у Расіі, ва Украіне, у Літве, Латвіі, іншых краінах Еўразвязу. І нават у далёкай Бразіліі. У Польшчы жалоба будзе доўжыцца сем дзён. Беларускія ўлады практычна дапамаглі сваякам ахвяраў, але сцягі прыспускаць не сталі.

Ва ўсякім выпадку, на той момант, калі пішуцца гэтыя радкі, такі намер не анансуецца. Прэс-сакратар прэзідэнта не ў курсе. Дэпутат Сяргей Маскевіч тлумачыць сітуацыю «працяглымі выхаднымі». Сам Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў турнэ па сельскай глыбінцы. Абвешчана, што будзе знаёміцца з ходам пасяўной, наведае сыраробны завод…

І ўжо зразумела, што

момант для сімвалічнага кроку ў значнай ступені страчаны.

А вось украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч сёння асабіста прынёс кветкі да польскага пасольства, зрабіў запіс у кнізе спачуванняў.

Дзеля справядлівасці трэба зазначыць: гэтымі днямі беларускія ўлады дапамаглі палякам справай. Без цяганіны, спрытна прынялі чартэры з Варшавы ў аэрапорце Віцебска. Беларускі бок спрасціў візавыя фармальнасці для сваякоў загінулых, узяў на сябе расходы. Палякаў на спецыяльна выдзеленым транспарце пераправілі ў Смаленск.

Многія беларусы прыйшлі са свечкамі і кветкамі да пасольства Польшчы ў Мінску. За душы ахвяр катастрофы маліліся ў нашых храмах. Але на дзяржаўным узроўні сімволіка абмежавалася тым, што было выказана спачуванне.

Але ж трагедыя здарылася ля самай мяжы Беларусі. Дый наогул — ці трэба разжоўваць, наколькі знітаваны гістарычныя лёсы нашых народаў? Дарэчы, этнічных палякаў у нас — пад 400 тысяч. Абласны горад!

Так, у гісторыі суседства двух народаў было ўсялякае. Уласна кажучы, і зараз, калі браць афіцыйны ўзровень, ідыліяй не пахне. Скандал вакол апальнага Звязу палякаў на Беларусі азмрочыў адносіны Мінска не толькі з Варшавай, але і з Еўразвязам увогуле.

Беларускае кіраўніцтва апошнімі тыднямі якраз і адкручвала сітуацыю назад. Лукашэнка паабяцаў стварыць сумесную камісію дзеля вырашэння канфлікту. Праўда, яе працу пакуль не назавеш тытанічнай, але польскі бок ацаніў сам жэст.

Здавалася б, вось зараз і зрабіць яшчэ адзін важны, высакародны жэст.

Афіцыйны Мінск несумненна выйграў бы і маральна, і, калі ўжо на тое, палітычна, абвясціўшы жалобу ў сувязі з гібеллю прэзідэнта і дзесяткаў прадстаўнікоў эліты суседняй краіны.

Але 12 красавіка ў Беларусі — звычайны выхадны. А напярэдадні, калі тэлеканал «Россия» паказваў «Катынь» Анджэя Вайды, па беларускім гібрыдным варыянце канала пусцілі «Танцы з зоркамі».

Чаму ж тутэйшае высокае начальства не палічыла патрэбным абвясціць жалобу?

«Чарговым разам выявілася філасофія маральнай ізаляцыі ад глабальных працэсаў, — мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. — А прасцей кажучы — местачковасць мыслення».

На яго думку, кіроўным вярхам востра нестае адчування датычнасці да сучаснага ўзаемазвязанага свету.

«Беларускія ўлады проста не гатовы прыняць гуманную філасофію новага глабальнага свету ХХI стагоддзя, заснаванага на агульнасці гістарычных лёсаў, на тым, што чужога гора не бывае», — кажа аналітык.

Ён нагадвае: у 2001 годзе пасля страшнай атакі тэрарыстаў на Нью-Йорк беларускі афіцыйны лідэр так і не прыехаў у амерыканскае пасольства выказаць спачуванне.

Дарэчы, і пасля тэрактаў у Расіі Мінск жалобу не абвяшчаў, хаця фармальна ў нас саюзная дзяржава.

Апрача ўсяго іншага, у такіх выпадках беларускія вярхі «не хочуць парушаць сакральную стабільнасць», мяркуе Карбалевіч. У нас жа па савецкай схеме ўзмоцнена культывуецца сацыяльны аптымізм, насаджаецца стэрэатып ідылічнага астраўка ў бушуючым свеце. Вядома, усё гэта — дзякуючы мудраму кіраўніцтву.

А тут, уявіце сабе, сцягі з чорнымі стужкамі, сумная музыка… Або сірэны, як у Варшаве ды іншых гарадах. Навошта палохаць народ, уносіць смуту ў дрымотную свядомасць электарату?

Жаданнем «не ўносіць смуту» ў масавую свядомасць тлумачыцца, на думку эксперта, і адчужанасць беларускіх уладаў ад тэмы Катыні.

Такое ўражанне, што яна тычыцца толькі польска-расійскіх дачыненняў. Між тым дагэтуль не абнародаваны гэтак званы беларускі спіс расстраляных афіцэраў.

Прычым нам, беларусам, праблему трэба ўспрымаць шырэй. Размова ж не толькі пра тое, што частку палонных польскіх афіцэраў энкавэдысты расстралялі ў 1940 годзе на тэрыторыі БССР. Гаворка ідзе пра тое, што сярод ахвяраў жудаснай спецаперацыі былі тысячы нашых землякоў, якія мелі польскае грамадзянства.

Але найвышэйшыя чыноўнікі сённяшняй Беларусі ва ўпор не бачаць тут праблемы. Маўляў, наша хата з краю. Ад трагедыі пад зборным грыфам «Катынь» (хаця эліту тагачаснай Польшчы, уключна з этнічнымі беларусамі, энкавэдысты забівалі і ў Харкаве, і ў нас) Мінск імкнецца адмежавацца.

На думку Валера Карбалевіча, тут усё ўпіраецца ў ідэалагічны фактар. «Улады ў прынцыпе не хочуць акцэнтаваць увагу на сталінскіх рэпрэсіях, на бесчалавечнасці сталінізму як з`явы», — мяркуе аналітык.

Сапраўды, што там Катынь, калі высокае начальства не шануе і Курапаты — месца масавых расстрэлаў сталінскіх часоў побач з цяперашняй мінскай кальцавой! Затое спраўна возяць ідэйна блізкіх гасцей кшталту Уга Чавеса на абсталяваную з размахам мемарыяльную «Лінію Сталіна».

«Лінія Сталіна» ў шырокім, сімвалічным сэнсе перакрывае Беларусі шлях у дэмакратычную супольнасць нацый.

Сёння афіцыйна смуткуюць усе нашы суседзі. І толькі Беларусь зноў выпала з кантэксту.

Тутэйшае начальства часта наракае на дыскрымінацыю, падвойныя стандарты. Але

абвясціць жалобу — гэта ж не ў Раду Еўропы ўступіць, калі ўсялякіх умоў процьма. Тут дастаткова пераступіць цераз уласныя комплексы.

0
Плачка / Адказаць
12.04.2010 / 18:47
"Дарэчы, этнічных палякаў у нас — пад 400 тысяч. Абласны горад!" - і колькі жыхароў гэтага гораду падтрымліваюць братоў-беларусаў, колькі з іх карыстаецца беларускай мовай, выпісвае беларускія газеты, "НН" напрыклад? Уладзімір Пуцін некалі рэкамендаваў аднаму буйнаму мястачковаму палітыку не мяшаць у адно мухі і катлеты - той засвоіў. Мне здаецца зараз гэта дарэчы.
0
афіцыйна смуткуюць / Адказаць
12.04.2010 / 18:50
трапна! натуральна ж я дакалупаўся да таго, што вынес ў якасьці ніка. але слушна цалкам напісана.
0
Пятро Касьнерык / Адказаць
12.04.2010 / 19:44
Але 12 красавіка ў Беларусі — звычайны выхадны А ў якой яшчэ краіне эўропы 12красавіка "ЗВЫЧАЙНЫ ВЫХОДНЫ" і як ён называецца?
Паказаць усе каментары/ 62 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру