Беларускае МЗС «здзіўлена і шкадуе», што краіну не запрасілі ў Вашынгтон на саміт па ядзернай бяспецы.

«Беларусь пераканана падтрымлівае неабходнасць умацавання ядзернай бяспекі і барацьбы з ядзерным тэрарызмам, нераспаўсюджванне ядзернай зброі, што з’яўляецца, як было заяўлена, прадметам вашынгтонскага "саміта", і спадзяецца на поспех усіх міжнародных намаганняў у гэтым рэчышчы», — гаворыцца ў каментары начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс‑сакратара МЗС Андрэя Савіных.

Але незапрашэнне Абамам Лукашэнкі балюча зачапіла беларускага дыктатара.

«Разам з тым, — заявіла МЗС, — заяўленыя мэты "саміта", як уяўляецца, не цалкам суадносяцца з адабраным Вашынгтонам складам удзельнікаў мерапрыемства, які не толькі не з’яўляецца універсальным, але і не ўключае поўнае кола асноўных дзейсных суб’ектаў міжнародных намаганняў у гэтай галіне. У прыватнасці, Беларусь не будзе прадстаўлена на мерапрыемстве».

«Селектыўны падыход Вашынгтона да запрашэння дзяржаў выклікае здзіўленне і шкадаванне, носіць контрпрадуктыўны характар з пункту гледжання надзейнасці гарантый ядзернай бяспекі для дзяржаў, якія адмовіліся ад наяўнасці ядзернай зброі», — заявіў Савіных.

«Наша краіна ўнесла прынцыпова важны ўклад у справу ядзернага раззбраення, першай і добраахвотна адмовіўшыся ад свайго стратэгічнага ядзернага наступальнага патэнцыялу.
Беларусь працягвае іграць важкую ролю ў сферы нераспаўсюджвання, забеспячэння захаванасці ядзерных матэрыялаў і супрацьдзеяння ядзернаму тэрарызму шляхам адказнага выканання міжнародных абавязацельстваў», — падкрэсліў прэс‑сакратар.

«На нашу думку, — адзначыў Савіных, — сапраўдны поспех у барацьбе з такой глабальнай з’явай, як тэрарызм, у тым ліку ядзерны, а таксама зніжэнне пагрозы распаўсюджвання ядзернага матэрыялу магчымы толькі за кошт калектыўных намаганняў членаў сусветнай супольнасці».

Саміт па праблемах ядзернай бяспекі праходзіць у Вашынгтоне 12–13 красавіка. На яго з’ехаліся лідэры 47 краін, у тым ліку Расіі. У прыватнасці, учора Барак Абама ў рамках саміта сустрэўся адзін на адзін з Нурсултанам Назарбаевым, прэзідэнтам Казахстана. Для Абамы гэты саміт асабліва важны, бо ён надае адмысловае значэнне атамнаму раззбраенню. Нядаўна ЗША падпісала дамову СНУ-2 з Расіяй. А новая ядзерная дактрына ЗША абмяжоўвае ролю атамнага арсенала. За гэта Абама трапіў пад моцную крытыку правых сілаў, перадусім у Рэспубліканскай партыі. Рэспубліканцы мяркуюць, што мір можа трымацца толькі на сіле амерыканскага патэнцыялу.

Што да незапрашэння, то Аляксандр Лукашэнка аказаўся ў малым гроне. Не запрасілі таксама фанатычнага прэзідэнта Ірана Ахмадзінэджада і тырана Паўночнай Карэі Кіма.

Беларусь мела падвойную падставу быць запрошанай: краіна адмовілася ад атамнай зброі і, да таго ж, у краіне працуе ў навуковых мэтах ядзерны рэактар ды плануецца пабудова АЭС. Аднак адносіны Беларусі з ЗША стаяць на кропцы замярзання.
Беларускі бок трымае амерыканскае пасольства на мяжы закрыцця. Акрамя таго, ён паслядоўна развівае кантакты з антыамерыканскімі рэжымамі ад Венесуэла да Судана, што выклікае раздражненне Вашынгтона. Нарэшце, беларускі рэжым мае паскудную рэпутацыю з прычыны поўнага ігнаравання правоў чалавека ў краіне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?