Патасная дыпляматычная вечарына ледзьве ня сталася выясьненьнем стасункаў. А ўсё ад таго, што прадметам бяседы сталі ня кепскае надвор’е і ня мноства грыбоў у беларускіх лясох, на якія з жахам пазіраюць заходнія дыпляматы, але мажлівасьць скасаваньня санкцыяў стасоўна шэрагу беларускіх службоўцаў. Дарэчы, як можна меркаваць па многіх дэталях, гэтую тэму абмяркоўваюць не ўпершыню і ня толькі калі афіцыянты мяняюць стравы. Аргумэнты: санкцыі несапраўдныя; адсутнасьць перамоваў – гэта тупік; нарэшце, сьлед падумаць аб тых, хто сёньня мучыцца ў турмах, бо іх вызваленьне акурат і ёсьць умоваю скасаваньня санкцыяў...

Я так разумею, паведамленьні пра тое, што да нас едзе (а потым ня едзе) старшыня ПАРЭ Рэнэ Ван дэн Ліндэн, зьвязаныя менавіта з тым, што погляды шчэ не сфармаваліся ў трывалую пазыцыю. Але мяркуючы па тым, што зрэшты гаворка вялася пра мажлівасьць такога візыту і сустрэчы высокапастаўленага эўрапейскага чыноўніка з астатнім эўрапейскім дыктатарам, рашэньне высьпявае. І Аляксандар Мілінкевіч сваім шчырым заклікам бараніць незалежнасьць Беларусі як мага, бо ўжо навісла праўдзівая пагроза інкарпарацыі нашага краю ў Расею цераз правядзеньне саюзнага рэфэрэндуму, дзівуй ні дзівуй, толькі падштурхоўвае Эўропу да прыняцьця рашэньня. Бо сувэрэнная Беларусь з Лукашэнкам – гэта паводле любой лёгікі ўсё ж лепей, чым адсутнасьць Беларусі як самастойнае дзяржавы.

Праблема палягае толькі ў тым, што сёньня Лукашэнка даможацца скасаваньня санкцыяў і паляпшэньня замежных стасункаў з Эўропай і скарыстае гэта як перадышку і дадатковы аргумэнт у сваіх каншахтах з Расеяй. А гэта значыць, што доўгая і дакучлівая мэлёдыя пад назвай «Саюзная дзяржава» атрымае новую аранжыроўку і зноў стане гітом беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Эўрапейскія экспэрты прызнаюць, што яны сёньня апынуліся ў сытуацыі цяжкога выбару: з аднаго боку, нельга адштурхоўваць працягнутую руку (менавіта Беларусь падала сыгнал гатовасьці да перамоваў), але з другога боку, і пасьля такога кшталту руканьняў хочацца памыцца. Увогуле, цяжка вызначыцца з палітыкай наконт нашай краіны.

А як на мяне – дык нічога складанага. Гісторыя ведае толькі тры дзейсныя спосабы: палітыка бізуна, палітыка перніка і палітыка бізуна і перніка. Беларускі лідэр давёў, што добра разумее палітыку бізуна. Гатовасьць да перамоваў – гэта прыўкрасна, і вызваленьне палітычных вязьняў – гэта вельмі жаласьліва. Але замест адных закладнікаў у турмы трапяць іншыя. Шлях такі тупіковы, таму гэтая ўмова аніяк ня можа быць галоўная на перамовах. Гэтаксама ня можа быць галоўнай умова расьсьледаваньня справаў аб зьніклых. Ну, зьвінавацяць банду Марозава ў тым, што яны забілі Юр’я Захаранку, – на іх і так столькі забойстваў, што адным болей – другім меней. І нават калі праз гэтыя гучныя справы ў турмы трапяць шэйманы-паўлічэнкі, на зьмену ім прыйдуць карпянковы-пятровы-сідаравы...

Ёсьць дзьве прынцыповыя пазыцыі, якія карэнным чынам уплываюць на сытуацыю ў краіне: гэта вольныя выбары і свабода СМІ. Калі Лукашэнка пойдзе на гэта – дык тады і можна будзе казаць пра мажлівасьць скасаваньня санкцыяў. І не авансам, як гэта неаднойчы практыкавалася. Больш надзейны і правераны спосаб: раніцою грошы – увечары крэслы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?