У часопісе «Нёман» апублікавана невядомая расейскамоўная аповесць Уладзіміра Караткевіча «Перадгісторыя».

«Перадгісторыя» — гэта твор аб прыгнечаным народзе, які аўтар называе славянамі. У гэтых славянах лёгка пазнаюцца беларусы, а ў прыгнятальніках — рускія. Апошнія рабуюць зямлю карэннага насельніцтва, гвалтуюць жанчын, забіваюць мужчын. А славяне-беларусы падымаюць няўдалыя паўстанні. Вось і цяпер яны чакаюць прыходу месіі, які ўздыме сцяг, пад якім збярэцца народ для вызвольнага паходу. У канцы аповесці Караткевіч узгадвае Каліноўскага, што прывязвае твор канкрэтна да падзей 1863 года.

— А ці ведаеце вы, панства, што я саромеюся свайго звання, калі бачу, што і вы, вырадкі, носіце яго. Хопіць, я буду гаварыць на іншай мове, мове Каліноўскага на шыбеніцы. Вы назвалі мяне шляхціцам. Мана. У нас няма шляхты, у нас усе роўныя. Адна кроў цячэ ў нашых жылах, на адной зямлі мы нарадзіліся, і памром мы аднолькава — гэта простыя людзі, і я, толькі зараз зразумеўшы, якое высокае званне — просты чалавек, — кажа перад смерцю паўстанец Грынкевіч.

Дакладнай даты напісання твора няма. Але літаратуразнаўца Анатоль Верабей, які адшукаў аповесць, прыйшоў да высновы, што, хутчэй за ўсё, яна напісана ў канцы 1940-х — пачатаку 1950-х гадоў. Тады Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце рускага аддзела Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Аўтару было каля дваццаці ці крышку больш гадоў.

Вынік аднолькавы і ў рэальнасці, і ў Караткевіча, — параза паўстання.

«Перадгісторыя» лёгка чытаецца. Аповесць нагадвае літаратурныя праекты Барыса Акуніна. Сюжэт развіваецца гладка, за кошт выпадковасцяў, якія часта адбываюцца з персанажамі. Калі пачынаеш чытаць пра ўцёкі з вязніцы аднаго з герояў, то з самага пачатку ведаеш, што ён уцячэ. І ніхто, акрамя аўтара, не зможа яму перашкодзіць. Сюжэт аповесці — сюжэт захапляльнага гістарычнага дэтэктыва. Са шпегамі, дуэлямі, сакрэтнымі перамовамі. Гэта перадгісторыя Караткевіча-празаіка.

Перадгісторыя/ Уладзімір Караткевіч // Нёман. — 2010. — №№1-3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?