Афіцыйна Малое Сітна – калёнія-пасяленьне пры Ветрынскай спэцкамэндатуры №15. Межамі калёніі лічацца межы вёскі, і пакідаць іх без распараджэньня начальніка камэндатуры забаронена: парушэньне рэжыму. Такім чынам, купацца ў бліжэйшым возеры, лавіць рыбу або зьбіраць у лесе грыбы ды ягады «хімікі» могуць толькі пад пагрозай арт.415 Крымінальнага кодэксу: замена «абмежаваньня волі» на пазбаўленьне волі («зону» або калёнію агульнага рэжыму).

«Хімічных» спэцкамэндатураў у Беларусі больш як паўсотні. У кожнай зь іх па некалькі працоўных філіяў. Гэтак, кантынгент Ветрына, апроч Сітна, могуць адпраўляць у калгас у вёсцы Нача, на склады ў Вітаржы або на абслугоўваньне «зоны» ў Наваполацку. Калі прыглядзецца, уся Беларусь аблытаная сеткай «калёніяў-пасяленьняў» – і сама паціху ператвараецца ў адну вялікую калёнію.

«Хімікі» трапляюць сюды за тое, да чаго ў нас дапускаецца бальшыня насельніцтва. Бытавыя п’янкі з распусканьнем рук, нявыплата алімэнтаў, пашкоджаньне маёмасьці ці неасьцярожнае прычыненьне шкоды чалавеку. Калі строга (як у Эўропе ці ЗША) датрымлівацца закону, у калёніях-пасяленьнях мусяць пастаянна знаходзіцца некалькі мільёнаў беларусаў. Гэткі мэханізм працуе на ўладу. Нязгодныя з палітыкай дзяржавы баяцца пераступіць пэўныя межы (адкрыта выказацца, паставіць подпіс, узяць удзел у маніфэстацыі), бо асабіста ім гэта пагражае «ўзмацненьнем рэжыму». Калёнія рабскага, генэтычнага саўковага страху, гэткі невялікі свойскі архіпэляг ГУЛАГ, займае ладную частку душы сярэдняга беларуса. Увогуле, каляніяльная сьвядомасьць – спадчына дзьвюхсотгадовага панаваньня тут расейскага імпэрыялізму. Вяскоўцы ў Сітне, дый гараджане ў Віцебску ці Менску дагэтуль жывуць як не на сваёй зямлі, і задавальняюцца зьбіральніцтвам, дробным крадзяжом ды спажывецтвам – быццам чорныя тубыльцы, вывезеныя кудысьці на пасяленьне. У стане пастаяннага страху пакараньня прасьвядомасьць лёгка выцясьняецца масавай крымінальнай сьвядомасьцю. І мы прызвычайваемся. Звычайны страх. Звычайны прэзыдэнт. Звычайны рэжым.

Між тым, калёнія пашыраецца. Паводле колькасьці вязьняў на душу насельніцтва Беларусь у сьвеце саступае ўжо толькі Расеі ды Амэрыцы. А дзяржава вынаходзіць усё новыя віды крымінальна караных дзеяньняў.

Міхаіл Марыніч адседзеў у турме за тое, што прыняў у падарунак ад пасольства ЗША некалькі кампутараў.

Сяргей Скрабец сядзіць дагэтуль, бо калісьці быў вылучыўся ў прэзыдэнты.

Андрэй Клімаў – на «хіміі» за тое, што заклікаў людзей адсьвяткаваць Дзень Волі й выйшаў на плошчу з мэгафонам.

Мікалай Статкевіч – там жа: не паверыў афіцыйным вынікам рэфэрэндуму.

Аляксандар Казулін адбывае 5,5 году калёніі, бо нагаварыў па тэлевізіі замнога праўды й разьбіў шкло на партрэце Лукашэнкі.

Артур Фінькевіч – у спэцкамэндатуры за надпіс «Мы хочам новага!».

Вячаслаў Сіўчык – пад «крыміналкай», бо пад ягоным кіраўніцтвам у намётавым гарадку на плошчы Каліноўскага не аказалася ані выбухоўкі, ані гарэлкі, ані наркотыкаў, ані нават дохлых пацукоў.

Мікалай Аўтуховіч – у ізалятары: сумленна займаўся бізнэсам.

Мікалай Астрэйка, Цімох Дранчук, Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка зьняволеныя за ўдзел у «незарэгістраванай арганізацыі», зарэгістраваць якую ў законным парадку не дазволіла сама дзяржава.

Цяпер суду за тое ж самае чакаюць маладафронтаўцы – а БТ на ўсялякі выпадак распавядае пэнсіянэрам, што насамрэч у летніках з дапамогаю «аўганцаў» «МФ» рыхтуе баевікоў.

Працэсы паказальныя. Больш за тое, паказальна абсурдныя. Маўляў, было б за што саджаць – увогуле б забілі.

І люд баіцца.

Што ж можна супрацьпаставіць страху?

Толькі веру. Вера зьнішчае страх.

Тыя, каму Бог прадугледзеў прайсьці празь зьняволеньне, павінныя памятаць словы Бібліі: «Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю, а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, безь ніякай пахібы» (Якуба 1:2–4).

Адбыцьцё сутак у спэцпрымальніках, месяцаў у ізалятарах, гадоў на «хіміі» ці ў турме кшталтуе ды гартуе змагароў. Дае час на роздум, грунтоўную адукацыю, духовае ўдасканальваньне. Паверце, дарагія Аляксандар і Артур, Цімох і Мікалай, Сяргей і Андрэй – Госпад Бог лепш за ўсіх ведае, дзе нам у гэты момант трэба быць. І ў вырашальную хвіліну, калі Беларусі спатрэбяцца найвялікшая цьвёрдасьць, бязьмежнае трываньне, рэдкая адвага – гэты гарт дасьць плён, і мы зробімся кропкамі апірышча для рычага, што пераверне краіну.

«Шчасьлівыя тыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае!» (Мацьвея 5:10).

Што ж да спробаў запалохаць судзілішчамі ўвесь народ... Беларусам няма чаго баяцца. Насамрэч, калёнія звычайнага рэжыму – у галовах. Як і ў выпадку зь Сітнам, мяжа забароны ўмоўная. Зямля беларуская. Людзі нашыя. Параза рэжыму непазьбежная. Калі зразумець гэта, страх проста зьнікае.

Бо Беларусь атрымала незалежнасьць ня дзеля таго, каб быць калёніяй-пасяленьнем на 10 мільёнаў асуджаных да абмежаваньня волі. Божая воля для сучаснае Беларусі – гэта нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?