Цяперашняе пакаленьне ўжо амаль ня памятае, хто гэта такі. А ў 1991–1993 гг. ён быў лепей знаны за самога Лукашэнку. І нашмат папулярнейшы. Проста ўзрост не дазваляў яму ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

І тады ён пастанавіў зрабіць стаўку на Лукашэнку. Ён, Ганчар і Сініцын. Толькі гэтым тром, самому сабе і беларускаму народу Лукашэнка мог лічыць сябе хоць чымсьці абавязаным. Ды яшчэ Кебічу, які высакародна «пакрыў» яго ў гісторыі з бортправаднічкай.

Дзіма быў вельмі прыгожы. Мая сталая маці любавалася ім на тэлеэкране гадзінамі – калі ён прапаноўваў на сэсіях чарговыя законапраекты. Сам ён шчыра меркаваў, што падобны на Алена Дэлона. Мажліва, так яно і было.

У 1994 г., пасьля перамогі, Дзіма разьлічваў ачоліць Канстытуцыйны суд. Але галоўны пераможца гэтага не схацеў. І Булахаў на даўгія гады зьнік у забыцьцё.

Зрэшты, ці вярнуўся ён адтуль? Што і хто сёньня памятае пра Дзьмітрыя Пятровіча?

Памятаюць: быў такі.

Памятаюць: сарваў рэфэрэндум пра роспуск Вярхоўнага Савету, ініцыяваны БНФ. А зь якой нагоды плянаваўся гэты рэфэрэндум – цяпер ужо гэта справа гісторыкаў і палітычна заклапочаных грамадзян.

Памятаюць: ганарыўся Канстытуцыяй 1994 году. Той самай, паводле якой мы і абралі Лукашэнку.

Што яшчэ?..

І толькі тыя, хто ведаў яго асабіста, уздыхнуць аб нерэалізаваных мажлівасьцях гэтага напраўду таленавітага чалавека, які пераступіў цераз уласныя прынцыпы – а можа, проста іх ня меў.

Фота photo.bymedia.net