14 красавіка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску адкрыўся фестываль Аrt.Intouch.

У экспазіцыі, якая размясцілася ва ўсіх залах музея, паказана амаль 200 мастацкіх твораў.

Як адзначыла дырэктар музея Наталля Шаранговіч, творчая акцыя арганізавана ўстановай пры падтрымцы Інстытута Гётэ ў Мінску. Паводле яе слоў, фестываль — гэта выстава карцін і скульптуры, твораў дэкаратыўна‑прыкладнога мастацтва і фатаграфій, гэта музыка, тэатр, літаратура, гэта велізарнае дзейства, якое будзе дэманстравацца штодня да 30 красавіка ў залах музея, а з 20 красавіка — яшчэ і ў Нацыянальнай школе прыгажосці.

Кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка падкрэсліў, што праект закліканы паказаць дынаміку беларускага мастацтва ў першым дзесяцігоддзі XXI стагоддзя. У экспазіцыі — творы аўтараў, якія вызначаюцца стрыманасцю і сціпласцю, тонкасцю, самапаглыбленасцю, прастатой і лапідарнасцю ў стаўленні да гледача, сказаў мастацтвазнаўца. Паводле яго слоў, фестываль павінен сфарміраваць поле для дыялогу мастакоў і мастацтвазнаўцаў, крытыкаў і журналістаў, камерсантаў і мецэнатаў, таму ў праграму творчай акцыі ўключаны круглыя сталы, прэзентацыі часопісаў і кніг, перформансы, лекцыі, выступленні музыкантаў, дуэль паэтаў, літаратурны форум, дэманстрацыі відэаарта і кароткаметражнага кіно.

Як адзначыў Шунейка, фестываль дасць магчымасць не толькі паказаць актуальны мастацкі кантэкст першага дзесяцігоддзя стагоддзя, але і аб’яднаць у адно асяроддзе прадстаўнікоў розных пакаленняў, а таксама выявіць знакавыя персаналіі. Паводле яго слоў, творчая акцыя дазволіць паказаць узаемасувязі відаў і кірункаў мастацтва, матэрыялаў і тэхнікі, пакаленняў, пазіцый і адносін.

У адкрыцці фестывалю ўзялі ўдзел гурты «Князь Мышкін» і Re123+, а таксама агнявы цырк «Крэсіва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?