Нафтаправод Адэса–Броды ўсё ж будзе падоўжаны да Плоцку. Польшча і Ўкраіна хочуць, каб праект прафінансавала Эўракамісія.

Прэм’ер Яраслаў Качыньскі ясна заявіў, што Польшча зацікаўленая падаўжэньнем да Плоцку трубаправоду Адэса–Броды. Украінскі кіраўнік ураду Віктар Януковіч падтрымаў задуму пасьля размоваў з Качыньскім.

Так распачаўся XVI Эканамічны форум у Крыніцы – месца сустрэчы бізнэсу, палітыкі і няўрадавых арганізацыяў, што называюць польскім Давосам. Курорт запоўніўся эканамістамі, урадоўцамі, ахоўнікамі і журналістамі.

Труба, пра будаўніцтва якой дамаўляюцца прэм’еры Польшчы і Ўкраіны, мусіла была б перапраўляць, між іншым, касьпійскую нафту з Казахстану і Азэрбайджану. Кіраўнік польскага ўраду павінен весьці гаворку пра гэтую інвэстыцыю падчас свайго візыту ў ЗША.

Прэм’ер Віктар Януковіч пацьвердзіў, што ён зацікаўлены ў польска-ўкраінскім супрацоўніцтве ў сфэры транспартаваньня касьпійскай нафты ў Плоцк. Падчас прэсавай канфэрэнцыі ён таксама нагадаў, што інфраструктура, неабходная для перапраўкі нафты, на ўкраінскім баку ўжо ёсьць. Неабходна яшчэ збудаваць польскую нітку.

Адкуль мы возьмем грошы на будаўніцтва гэтай трубы?

Прэм’ер Качыньскі абвясьціў, што сродкі, неабходныя для падаўжэньня трубаправоду, пойдуць з Эўразьвязу. Для гэтай мэты ў 2007–2013 гг. маглі б знайсьціся грошы ў праграме «Інфраструктура і асяродзьдзе», але рашэньне, ці пойдуць 400 млн эўра на энэргетычныя інвэстыцыі, прыме Эўрапейская камісія, а ня наш урад. «Інвэстыцыя ў трубаправод трапіла ў сьпіс найважнейшых для праграмы праектаў. Патрабаваньне пра ўключэньне яго ў гэты сьпіс выказала Міністэрства Эканомікі, – тлумачыць Гражына Гэнсіцка, міністар рэгіянальнага разьвіцьця. – Праекты з асноўнага сьпісу ня ўдзельнічаюць у конкурсах на сродкі ЭЗ, бо яны атрымоўваюць іх аўтаматычна. Аднак тое, ці будуць грошы прызначаныя, залежацьме ад Эўракамісіі, якая зробіць ацэнку нашых асноўных праектаў. Пакуль што цяжка прагназаваць, якім можа быць рашэньне Камісіі», – дадае міністар Гэнсіцка.

Грошы на разьмяшчэньне трубаправоду з Украіны да Плоцку маглі б таксама паходзіць з Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку. Яшчэ нядаўна гэты банк аб’вяшчаў, што гатовы крэдытаваць капіталаўкладаньне.

«Была прыведзеная ў рух міжнародная польска-ўкраінская камісія, на працягу месяца яна зьбярэцца на сваё першае паседжаньне, каб падрыхтаваць сустрэчу прэм’ераў у лістападзе. Гэта вельмі сур’ёзны крок наперад, – сьцьвярджае міністар эканомікі Пётар Возьняк. – У сувязі з заявамі прэм’ера, я акурат іду на сустрэчу з замежнымі партнэрамі», – казаў Возьняк у Крыніцы. Ён не схацеў патлумачыць, з кім весьціме перамовы, а ў якасьці адной з найбольшых пагрозаў польскага нафтавага сэктара ён назваў, між іншым, страту нафтавых крыніцаў. «Мы баімся, што прайграем гонку за радовішчамі. Але тут трэба быць асьцярожным у прыняцьці рашэньняў», – камэнтаваў ён.

Таксама і Павал Аляхновіч, кіраўнік «Лотасу», не захацеў наўпрост камэнтаваць заявы прэм’ераў.

«Чым больш крыніцаў паставак, тым лепш. Выглядае на тое, што ўкраінскі бок сур’ёзна заангажаваўся ў справе, і гэты праект мае добрыя шанцы на посьпех», – сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?