28 жніўня

Адказ з «нацыянальнага сходу» атрымаў актывіст з Гомелю Васіль Палякоў: ён прасіў патлумачыць закон пра адказнасьць за грамадзкі парадак падчас мітынгаў (у «Законе аб масавых мерапрыемствах» адказнымі называюцца арганізатары, а суд Цэнтральнага раёну Гомелю адмовіў у гэтым фізычным асобам, і гэта было падставай для забароны мітынгу). Адказ НС быў: палажэньні закону «выкладзеныя ясна і зразумела».

29 жніўня

У Гомелі ўлады ня здолелі спагнаць па 5 базавых велічыняў штрафу за раздачу ўлётак з Кацярыны і Андрэя Толчыных: беспрацоўныя ня мелі грошай, а потым сышоў тэрмін спагнаньня.

30 жніўня

Падчас антыфашысцкага пікету на плошчы Перамогі ў Менску былі затрыманыя Тацяна Камкар, Зьміцер Шаўлюкевіч, Юлія Міхайлава, а таксама Руслан Мацьвееў, які фатаграфаў іх. Мацьвеева як адзінага паўналетняга зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыяванай акцыі.

У Баранавічах на пастара царквы пяцідзясятнікаў «Ратаваньне» Сяргея Пазьняковіча наклалі штраф у 150 б.в. за несанкцыяваны абрад масавага хрышчэньня.

Газэце ПКБ «Товарищ» аб’яднаньне «Белпошта» адмовіла ў распаўсюдзе па падпісцы і ўраздроб на 2007 год.

У Салігорску падчас раздачы ўлётак пра галадоўку Валер’я Бараноўскага затрыманы моладзевы актывіст Іван Шыла. Хлопца затрымалі таксама і 1 верасьня.

31 жніўня

У цэнтры Бабруйску падчас акцыі пратэсту быў затрыманы дэпутат гарсавету, былы настаўнік Алесь Чыгір (яму не падоўжылі кантракту з палітычных прычынаў). Пры затрыманьні яму пашкодзілі руку. Разам зь ім затрымалі журналістаў Юлію Дарашкевіч, Сяргея Пульшу, Галіну Абакунчык, Паўлюка Канавальчыка, Валер’я Ляўкова, Кацярыну Герасянкову, Уладзіслава Пятніцу, Алену Якжык, Настасьсю Неказакаву, Яўгена Шчэтава. Пракуратура адмовілася даваць дазвол на арышт Чыгіра, бо ён дэпутат. Моладзевага актывіста Дзяніса Буйніцкага, затрыманага разам зь імі, у судзе апраўдалі: міліцыянты не змаглі падаць у суд нават пратаколаў затрыманьня.

1 верасьня

Журналістаў недзяржаўнай газэты «Мясцовы час» (Пінск) не акрэдытавалі на адкрыцьці Палескага дзяржунівэрсытэту з удзелам Лукашэнкі.

Карэспандэнту «Gazety Wyborczej» Вацлаву Радзівіновічу адмовілі ў акрэдытацыі: у беларускай амбасадзе ў Варшаве яму заявілі, што ён «неаб’ектыўны журналіст».

Валер Шчукін падаў у Вярхоўны суд на судзьдзю Аляксея Рыбакова, які вёў працэс Аляксандра Казуліна. Шчукін лічыць выдаленьне журналістаў з залі суду перашкодай у прафэсійнай дзейнасьці.

4 верасьня

Палітвязьня Міколу Статкевіча перавялі з Баранавічаў у вёску Сітнікі Пухавіцкага раёну.

Палітвязень Аляксандар Казулін заявіў, што яму дагэтуль не далі аналізаў мэдычнага абсьледаваньня ў турэмнай больніцы. Таксама яго сваякам не даюць магчымасьці перадаць пітную ваду.

Фота Радыё Свабода