Клод Манэ «У Эртрэце»

Клод Манэ «У Эртрэце»

У мастацкім музеі ідзе шыкоўная выстава сусветнага мастацтва «Нармандыя ў жывапісе». Манэ, Будэн, Каро, Курбэ…

1. Непадробныя і ў падобным

Нармандыя — не Італія. Росквіту прыроды тут проціпастаўлена манатонная прыгажосць: шэрая расліннасць, пустэльныя пляжы, мітусня працоўных портаў, а таксама бязмежнае неба, паветра, якое таксама мае свой колер) і занебакрайныя абсягі. Аднак, як высвятляецца, гэтая частка Францыі зрабілася праўдзівай крыніцай натхнення для мастакоў з усяго свету. Сярод тых, хто апяваў нармадскія прасторы і прадстаўнікі раматычнай плыні французскага мастацтва (Жэрыко, Каро), а таксама імпрэсіяністы (Манэ, Дзюфі). Мастакі паказваюць сваё бачанне, выражаюць жывапісным шляхам пухкую атмасферу нармандскай зямлі. Яны выхопліваюць акрэсленае імгненне, момант, хвілю, і гуляюць на кантрастах святла, колера.

Вянчаюць выставу карціна Клода Манэ «У Эртрэце» і тры працы прадвесніка імпрэсіянізму, Эжэна Будэна. Так, тут не самая знакамітая праца Клода Манэ, які падчас сваіх вандровак па Францыі толькі ўбіраўся ў пер’е. На карціне — толькі спробы знайсці свой штрых пад няяркім сонцам Нармандыі. Але тое непаўторная спроба.

2. Гатовы рэцэпт поспеху

Канцэпцыя аднайменнай, напалову дзяржаўнай напалову — прыватнай калекцыі «Нармандыя ў жывапісе» — простая. Але тая канцэпцыя ўжо здабыла калекцыі вялізную папулярнасць: выстава наведала еўрапейскім кантынент і ЗША, прэзентуючы Францыю і яе мастацтва. Створаная ў 1992 у горадзе Кан, калекцыя злучае імёны такіх вядомых мастакоў як Клод Манэ, Шарль Дабіньі, Гюстаў Курбэ, Жан Батыст Каміль Каро, Эжэн Будэн, маючы ад кожнага ўнёсак па адной-дзве карціне. Няважна, калі тварыў мастак, у ХVIII ст. ці ХХ, быў ён імпрэсіяністам або кубістам, французам або амерыканцам, збор «Нармандыя ў жывапісе» грунтуецца на прынцыпе мастакоўскага погляду на нармандскі краявід, акцэнтуючы ўвагу на сувязь паміж прыродай Нармандыі і нараджэннем новых прыёмаў у жывапісе.

Палессе — не Італія. Хараству буяння і росквіту прыроды тут проціпастаўлена манатонныя шыхты дубраваў, аднастайнасць пушчаў і ўсё ж магічнае палескае неба. Так, Палессе — не Італія, але ўсё роўна як Нармандыя, яго краявіды натхнілі цэлы сонм мастакоў: беларускіх і іншаземных. Жукоўскі, Вайсэнгоф, Шышкін — гэта ХІХ ст. І больш познія Вашчанка, Грамыка, Бялыніцкі-Біруля, Мазалаў, Шыбнёў, Цвірка…

Гледзячы на пустынныя кравіды французскіх імпрэсіяністаў, так і просіцца

тэматычныя выставы і збор, якія б маглі прэзентаваць беларускае мастацтва за мяжою. Не пампезная выстава на неахопную тэму «Беларусь у мастацтве», а калекцыя жывапісу на адмысловую тэму, скажам «Палессе ў жывапісе», візітоўку нашай краіны, як тое зрабілі ў Францыі. А паводле спецыялістаў запаснікі айчынных музеяў не пустуюць.

Падсумоўваючы, выстава «Нармандыя ў жывапісе» натхняе: мастацтвалюбаў і, як не дзіўна, папулярызатараў беларускага мастацтва.

Выстава «Жывапіс у Нармандыі» працягнецца ў Нацыянальным Мастацкім музеі да 25 мая. Цана квіткоў — 8 тыс., для студэнтаў — зніжка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?