30-гадовы мянчук Сяргей Карчыцкі называе сябе геймерам, сьціпла дадаючы — «жрэц Фартуны і Інтэлекту». Сяргей выпускае часопіс «Новая экономика», дзе пляжыць амэрыканізм і свабодны рынак. І, натуральна, гуляе ў сёгі, якія ўважае за сродак паразуменьня чалавецтва: «Сумнеўна, што з задачай яднаньня справіцца мова гамбургераў і Галівуду».

Леташні чэмпіянат Беларусі па сёгах пакінуў уражаньне самадастатковасьці і пэрыфэрыйнасьці: у краіне мала япаністаў, а незарэгістраванай Беларускай асацыяцыі сёгаў не пад сілу арандаваць нават Палац шахмат і шашак. Тым ня менш, пры канцы году пераможца чэмпіянату БАС упершыню пазмагаўся ў міжнародным турніры. Паводле С.Карчыцкага, у Токіё ён пачуваўся сваім:

— Самай цікавай была партыя з Дайскэ Сузукі — зь першай дзясяткі сусьветных «профі». У сэансе адначасовай гульні, арганізаваным для чэмпіёнаў Беларусі, Расеі, Украіны, я перамог славутага гульца (расеец і ўкраінец прайгралі). Але Сузукі даваў нам туру наперад: прафэсіяналы з аматарамі бяз форы не змагаюцца. Наступны фэст заплянаваны на 2007 год: спадзяюся выступіць і там.

Ці ёсьць у сёгі ў Беларусі будучыня? Гутарачы з чальцамі Беларускай фэдэрацыі шахмат, заўважаеш шчыры інтарэс да перастаноўкі фігурак з герогліфамі. Хоць Давід Бранштэйн, які завітаў у клюб «Вясьнянка» на традыцыйны бліцтурнір, сказаў карэспандэнту «НН», што па-ранейшаму аддае перавагу клясычным эўрапейскім шахматам. «І галоўнае ў іх — фантазія», — зазначыў ён. Дарэчы, перамог у калядным спаборніцтве гросмайстар Сяргей Азараў: 5,5 бала з 7.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?