На працэсе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, які праходзіць у Вярхоўным судзе 16 красавіка, пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць аднаго з фігурантаў Мікалая Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Дзяржабвінаваўца заявіў, што лічыць Аўтуховіча вінаватым па ўсіх эпізодах крымінальнай справы.

Яшчэ двух фігурантаў справы, Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына, пракурор запатрабаваў прыгаварыць да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова пракурор запытаў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

***

Нагадаем, Вярхоўны суд разглядае крымінальную справу, па якой праходзяць Аўтуховіч, Асіпенка, Ларын і Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.

Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў аб планах падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер па яго прадухіленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?