Хмара дасягнула Беларусі ў пятніцу, і за суботу накрые ўсю тэрыторыю краіны. Попел можа застацца над краінай двое сутак.

Прагнозны стан вулканічнай хмары ў ноч з пятніцы на суботу.Чорныя зоны - хмара. Жоўтая - ападкі попелу. Чырвоная - ападкі попелу з дажджом.Звесткі гідраметцэнтра Нарвегіі.

Прагнозны стан вулканічнай хмары ў ноч з пятніцы на суботу.
Чорныя зоны - хмара. Жоўтая - ападкі попелу. Чырвоная - ападкі попелу з дажджом.
Звесткі гідраметцэнтра Нарвегіі.

Прагнозны стан вулканічнай хмары на 18.00 суботы.Чорныя зоны - хмара. Жоўтая - ападкі попелу. Чырвоная - ападкі попелу з дажджом.Звесткі гідраметцэнтра Нарвегіі.

Прагнозны стан вулканічнай хмары на 18.00 суботы.
Чорныя зоны - хмара. Жоўтая - ападкі попелу. Чырвоная - ападкі попелу з дажджом.
Звесткі гідраметцэнтра Нарвегіі.

 Падчас вывяржэння вулкана слуп попелу ўзняўся на вышыню 6 км.

Падчас вывяржэння вулкана слуп попелу ўзняўся на вышыню 6 км.

Асабліва небяспечным вулканічны дождж можа быць для асобаў з хранічнымі рэспіраторнымі захворваннямі і астматыкаў, папярэджваюць дактары з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Попел збольшага крэмневы, але ў ім прысутнічае таксама сера і фтор, злучэнні якіх могуць быць небяспечнымі для здароўя. Выкіды з ісландскіх вулканаў у мінулых стагоддзяў прыводзілі да паморак быдла і людскіх ахвяраў у Еўропе. Аднак сёлетняе вывяржэнне пакуль не такое магутнае. Зрэшты, канца актыўнасць вулкана Эйяф’ялайекюль пакуль не відно. Апошнія два дні ісландскія вулканолагі назіралі ўзмацненне яго актыўнасці.

Згодна з разлікамі нарвежскіх метэаролагаў, заснаванымі на звестках лонданскага інстытута Volcanic Ash Advisory, хмара вулканічнага попелу дасягнула захаду беларускае тэрыторыі ў пятніцу ўвечары. Уначы з пятніцы на суботу яна будзе прасоўвацца на ўсход Беларусі. Пасля гэтага яно накрые яе, і ўтрымаецца над Беларуссю прынамсі ў нядзелю.

Як паведаміў «НН» кіраўнік Рэспубліканскага авіяметэрэалагічнага цэнтра Алег Аўдзейчык, верагоднасць гэтага вельмі вялікая.

Мы будзем назіраць незвычайных колераў захад сонца, а калі вывяржэнне зацягнецца, наступны год можа стаць халодным.

У пятніцу воблака вулканічнага попелу накрыла Польшчу амаль цалкам, акрамя яе паўднёва-ўсходняга куточка, а таксама тэрыторыі Літвы, часткова Латвіі, з’явілася і на поўначы Расіі.

Толькі 11 000 з 27 000 еўрапейскіх авіярэйсаў стартавалі ў пятніцу.

У аэрапорце Франкфурта ў вулканічную пастку трапіў і рэдактар НН Андрэй Дынько. Яму прыйшлося адстаяць 11 гадзінаў у чэргах, каб выменяць авіяквіток да Менска на чыгуначны. У Франкфурце, найбольшым аэрапорце Нямеччыны, панавала разгубленасць. Яго закрылі а 6.30 ранку пятніцы. Самае прыкрае для пасажыраў і перавозчыкаў -- ніхто не можа дакладна спрагназаваць рух хмары і час перапынку ў руху. Найбольш пацярпелі тыя, хто чакае міжкантынентальных пералётаў. Чэргі выцягнуліся на сотні метраў,
усе гатэлі запоўненыя транзітнымі пасажырамі. Супрацоўнікі авіякампаніяў раздавалі транзітным пасажырам ваду і салодкія батончыкі, а таксама ваўчары на абеды і адпачынак. Прынамсі некалькі чалавек самлелі ў чэргах.
У Нямеччыне на вечар пятніцы працаваў толькі аэрапорт Мюнхена на поўдні. З меркаванняў бяспекі самалёт канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель, якая вярталася з ЗША, прызямліўся ў Лісабоне (Партугалія). А 18.00 закрыўся аэрапорт Вены (Аўстрыя). У пятніцу былі закрытыя таксама паветраныя вароты Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, краінаў Балтыі. Ад чацвярга перапыненая дзейнасць аэрапортаў Скандынавіі, Брытаніі, Ірландыі, Бенілюкса, паўночнай Францыі, паўночнай Германіі.
Пры цяперашняй сіле і кірунку ветру хмара можа пратрымацца над поўначчу Еўропы да двух сутак.

У пятніцу ўвечары і ў суботу зранку маюць аднавіць дзейнасць аэрапорты Шатландыі, часткова Ірландыі і Швецыі, а пазней — магчыма, і Лондана. Цікава, што паветраная прасторы Рэйк’явіка — сталіцы Ісландыі — застаецца чыстай. Ветры ад вулкана веюць на паўднёвы ўсход, у іншым кірунку.

Самым папулярным жартам у англамоўным твітэры ў пятніцу было: «Ісландцы, мы ў Вас прасілі cash (грошы), а Вы прыслали нам ash (попел)»
 — з намёкам на нядаўняе банкруцтва ісландскіх банкаў і адмову астраўлянаў сплаціць запазычанасці брытанскім і нідэрландскім укладчыкам.

Нагадаем, што ў сераду адбылося выбуховае вывяржэнне вулкана, які размешчаны каля ледніка Эйяф’ялайекюль за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка. У выніку на вышыні 5–10 тыс. метраў узнікла хмара вулканічнага попелу, які разносіцца ветрам. Патокі распаленай лавы часткова растапілі ледавік, што выклікала паводкі. Уладам краіны давялося эвакуяваць з бліжэйшых вёсак 800 чалавек. Цяперашняе вывяржэнне — ужо другое за апошнія некалькі тыдняў. Вулкан спаў да гэтага 200 гадоў.

Вулканічны попел можа пашкодзіць рухавікі самалётаў, таму органы забеспячэння бяспекі паветранага руху спынілі авіяпералёты ў раёнах распаўсюджвання попелу. Аднак па меры ўсведамлення, што крытычная сітуацыя расцягваецца надоўга, улады некалькіх краінаў Еўропы ў суботу арганізавалі пробныя рэйсы з тым, каб ацаніць уплыў ісландскага вулканічнага попелу на самалёты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?