Еўропа ў жалобе: Леха і Марыю Качынскіх хаваюць у Кракаве на Вавэлі.

Пасля тыднёвага ўрачыстага развітання ў Варшаве парэшткі прэзідэнта Польшчы і ягонай жонкі выправіліся ў Кракаў. З прэзідэнцкага палаца іх правезлі вуліцамі сталіцы, з якімі было звязана жыццё прэзідэнцкай пары.

Цэлы тыдзень бясконцая чарга людзей стаяла на Кракаўскім прадмесці, каб аддаць апошнюю пашану прэзідэнту. У краіне абавязвала жалоба. Амаль на кожным доме вісяць дзяржаўныя сцягі Польшчы з чорнымі стужкамі. У крамах спынены продаж алкаголю. У суботу дзесяткі тысяч людзей сабраліся на памінальную імшу на пляцы Пілсудскага.

У Кракаў труны з целамі прэзідэнта і ягонай жонкі былі перавезеныя на транспартным самалёце. Ён ляцеў ніжэй за ўзровень попельных хмараў. Аднак зацягненасць неба попелам зменшыла колькасць замежных дэлегацый, якія здолелі дабрацца да Кракава. Адмянілі свае візіты прэзідэнты Абама, Сарказі, канцлерка Мэркель, прынц Чарльз, прэм'еры Сапатэра і Берлусконі. Аднак прэзідэнт Мядзведзеў паляцеў у Кракаў на сваю рызыку. Самалёты прэзідэнта вылецелі з Масквы і накіроўваюцца ў кракаўскі аэрапорт Баліцы.

Выхадам было перанесці пахаванне і чакаць адкрыцця паветранай прасторы, але супраць таго выказалася сям'я Качынскіх.

Разам з палякамі жалобу абвесцілі дзесяткі іншых краінаў Еўропы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў усім дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі ў нядзелю, 18 красавіка, у сувязі з пахаваннем прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага і іншых загінулых 10 красавіка ў выніку авіякатастрофы пад Смаленскам абмежаваць трансляцыю забаўляльных праграм з 12.00 да 18.00.

У 15:40 у нядзелю на БТ пакажуць фільм Анджэя Вайды «Катынь». Раней яго ў Беларусі замоўчвалі.

Гэтыя жэсты прыязні стала рэакцыяй на моцную крытыку грамадствам абыякавай рэакцыі беларускіх уладаў на трагедыю ў суседняй краіне. Беларусь, суседка Польшчы, стала адной з нешматлікіх краін Еўропы, якія не абвесцілі жалобы ў знак салідарнасці з суседзямі. У той жа час тысячы людзей прынеслі свечкі і кветкі пад будынкі пасольства і консульстваў Польскай Рэспублікі.

Беларускую дэлегацыю на пахаванні Леха Качынскага і яго жонкі Марыі ў Польшчы ўзначаліць старшыня савета рэспублікі нацыянальнага схода Барыс Батура.

Іншыя замежныя дэлегацыі дабіраліся да Кракава хто як. Прэзідэнт і прэм'ер Чэхіі выправіліся цягніком. Экс-прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка паехаў машынаю. Гэтаксама зрабіла і прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце.

Пахаванне Качынскіх мела сабраць 95 замежных дэлегацый. Усеагульнае захапленне выклікала нацыянальнае адзінства і высокая палітычная культура палякаў перад абліччам гібелі цвету нацыянальнай эліты.

Сярод іншых меў прыляцець прэзідэнт ЗША Барак Абама, хоць прэзідэнты ЗША вельмі рэдка наведваюць пахаванні за мяжой. Да прыкладу, яны не прыляталі на пахаванне Уінстана Чэрчыля, прынцэсы Дыяны і Джавахарлала Нэру. Аднак вулканічная хмара перашкодзіла прылёту.

Тысячы людзей запоўнілі кракаўскі рынак. Польскія тэлеканалы вядуць жывую трансляцыю з сумнай урачыстасці. Прэзідэнцкая пара спачне ў той самай крыпце, што і аднаўляльнік незалежнай польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?