Праваслаўнае брацтва Сьв.Архістраціга Міхаіла ў Менску выдала кнігу Гардзея Шчаглова "1863-і – забытыя старонкі".

Яе паўсотні старонак прысьвечаны памяці праваслаўнага сьвятара Данііла Канапасевіча, "нявінна забітага польскімі мяцежнікамі". Менавіта так – “польскімі мяцежнікамі”, бо на працягу ўсёй кнігі няма ніводнай узгадкі пра паўстанцаў-беларусаў, ані пра Кастуся Каліноўскага.

Сьвятар Багушэвіцкай царквы (Ігуменскі павет) Д.Канапасевіч не любіў палякаў. Скончылася гэта тым, што ён данёс пра паўстанцкі атрад уладам. Паўстанцы пакаралі яго за гэта шыбеніцай.

Паводле аўтара "Забытых старонак", паўстаньне, якое "мела сэнс для палякаў, памешчыкаў, ксяндзоў і наагул для карэннай Польшчы", ня мела ніякага сэнсу для "праваслаўнага беларуска-літоўскага насельніцтва заходніх губэрняў" і абярнулася чарговай трагедыяй для жыхароў нашага краю, прынёсшы народу нямала гора. Аўтар кнігі хваліць графа Мураўёва, віленскага генэрал-губэрнатара, энэргічнага душыцеля паўстаньня.

Рэлігійнае, як пададзена ў выходных зьвестках, выданьне надрукаванае накладам 2 000 асобнікаў па блаславеньні Мітрапаліта Філарэта. Яно распаўсюджваецца ў праваслаўных цэрквах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?