Без прызнання памылак мінулага немагчыма рухацца да збліжэння з Захадам. Піша Віталь Тарас.

 Мемарыяльны комплекс ахвярам генацыду ў Ереване.

Мемарыяльны комплекс ахвярам генацыду ў Ереване.

На фоне нацыянальнай жалобы ў Польшчы, дзе мільёны людзей смуткавалі па ахвярах авіякатастрофы пад Смаленскам, на другі план адышоў Дзень памяці ахвяраў Катастрофы і гераізму — Йом а‑Шаа ў Ізраілі.

У гэты дзень, які сёлета адзначаўся 12 сакавіка, у Ерусаліме, на плошчы Варшаўскага гета адбылася цырымонія памяці ахвяраў Халакоста — знішчэння мільёнаў яўрэяў нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны. (Словы «Халакост», і «Шаа» азначаюць «спаленне»). У той самы дзень у польскім Асвенціме прайшоў традыцыйны Марш жывых.

На трагічнае мінулае, як і ў выпадку з Катынню, немагчыма забыцца. Яно ўвесь час нагадвае пра сябе. І нават далёкая, на першы погляд, гісторыя здольная моцна ўплываць на сённяшні дзень.

24 красавіка 1915 года пачалося тое, што многія сучасныя гісторыкі называюць «першым халакостам ХХ стагоддзя».

У Асманскай імперыі былі знішчаныя, паводле розных ацэнак, ад паўмільёна да двух мільёнаў армян.

А праз пяць гадоў пасля пачатку тых падзей Турцыю ўзначаліў легендарны Мустафа Кемаль (Атацюрк). Пры ім яна стала рэспублікай, пры ім пачаліся гістарычныя пераўтварэнні ў краіне, якая сёння з’яўляецца сябрам НАТО і прэтэндуе на тое, каб стаць паўнавартасным сябрам Еўразвяза.

Геапалітычная катастрофа

Калі скарыстацца вядомымі словамі Пуціна пра распад Савецкага Саюза, крушэнне Асманскай імперыі, якая праіснавала больш за 450 гадоў, з яшчэ з большым правам можна назваць буйнейшай геапалітычнай катастрофай мінулага стагоддзя. Туркі‑асманы моцна паўплывалі на гісторыю не толькі Азіі, але і Еўропы, пакінулі адметны след у цывілізацыі чалавецтва. Гэта дасягненні ў галіне ваеннага мастацтва, мараплавання, будаўніцтва і архітэктуры, паэзіі, музыкі, танца. Між іншым, на тэрыторыі імперыі стагоддзямі жылі і армяне. Але ў гады Першай сусветнай вайны, пасля таго, як кіраўніцтва «младатуркаў» (нацыянальных рэфарматараў) загадала сабраць усю армянскую інтэлігенцыю ў Канстанцінопалі і пачаць іх прымусовую дэпартацыю, на тэрыторыі Турцыі былі знішчаны сотні армянскіх праваслаўных храмаў, помнікаў армянскай культуры.

У абарону армян у 1915 годзе выступіла Расія. (У выніку расійска‑турэцкай вайны 1878 года набылі незалежнасць Сербія, Чарнагорыя і Румынія, а Балгарыя атрымала аўтаномію; тады ж у Асманскай дзяржаве пачаўся масавы пераслед славянскіх меншасцяў і армян). Па загадзе расійскага імператара Мікалая ІІ расійскім войскам удалося ўратаваць ад смерці каля 375 000 турэцкіх армян. Але спыніць разню не ўдалося. Ахвярамі гвалту станавіліся ўсе — у тым ліку, жанчыны, старыя, дзеці.

Краіны Антанты, у якую ўваходзіла Расія, і ЗША прынялі некалькі рэзалюцый з асуджэннем масавых расправаў над армянамі. Арменія лічыць гэта генацыдам. Але Турцыя катэгарычна не пагаджаецца з такой інтэрпрэтацыяй. Яна цвердзіць, што ва ўмовах вайны былі ахвяры з абодвух бакоў.

Знішчэнне армян у асманскай дзяржаве не знайшло моцнага водгуку ў свеце,

не выклікала маральнага асуджэння не толькі ў Германіі, саюзнікам якой была Турцыя, але ў Заходняй Еўропе. І гэта, на думку многіх гісторыкаў, зрабіла магчымым будучы Халакост.

Тым не менш, пасля Першай сусветнай вайны ў Турцыі шмат што змянілася. Туркам у сакавіку 1920‑га удалося выгнаць англічан з Канстанцінопаля (цяпер Стамбул). Пасля гэтага Атацюрк сабраў у Анкары Вялікі Нацыянальны сход, які абраў яго 23 красавіка старшынём парламента і кіраўніком урада. Ён стаў на чале нацыянальна‑вызвольнай вайны супраць Грэцыі (так гэтая вайна завецца ў Турцыі). Тая вайна таксама суправаджалася масавым знішчэннем хрысціян. Але пры гэтым Атацюрк прымусіў перавесці турэцкую мову на «лацінку» і еўрапеізаваў краіну, зрабіўшы адукацыю свецкай, аддзяліўшы мячэць ад дзяржавы, істотна пашырыўшы грамадзянскі правы, у тым ліку — правы жанчын.

Эрдаган супраць антысемітызму

На пачатку гэтага года прэмьер‑міністр Турцыі Таіп Эрдаган даў інтэрвью Euronews з нагоды адкрыцця вяшчання канал на турэцкай мове. Перад гэтым здарыўся непрыемны дыплыматычны інцыдэнт, у выніку якогага ізраільскаму боку давялося прасіць у Анкары прабачэння за праяўленую непавагу да пасла Турцыі. (У МЗС Ізраіля, куды ён быў запрошаны, паслу нават не прапанавалі сесці.) Эрдаган у сваім інтэрв'ю скарыстаўся момантам, каб чарговы раз асудзіць дзеянні ізраільскай арміі ў сектары Газа і ўвогуле палітыку Ізраіля. Пры гэтым ён заявіў, што выступае супраць антысемітызму і лічыць яго «злачынствам супраць чалавечнасці», але як мусульманін ніколі не пагодзіцца з антыісламізмам.

Турэцкі прэм'ер словам «антысемітызм», фактычна, замяніў паняцце генацыд.

Летась 10 кастрычніка міністры замежных спраў Арменіі і Турцыі падпісалі ў швейцарскім Цюрыху пратаколы аб нармалізацыі адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Паводле гэтых пратаколаў, падпісаных у прысутнасці кіраўнікоў мзс Францыі, ЗША, Расіі і Швейцарыі, павінны быць усталяваны дыпламатычныя зносіны паміж Арменіяй і Турцыяй і адкрыта армяна‑турэцкая мяжа, закрытая з 1992 года.

Сёлета Канстытуцыйны суд Арменіі ўхваліў гэтыя пратаколы. Але пры гэтым зрабіў шэраг тлумачэнняў. У прыватнасці, КС даў зразумець, што гэтыя пратаколы нельга ўвязваць з праблемай Нагорнага Карабаха.

Але самае галоўнае, суд зрабіў выснову, што армяна‑турэцкія практаколы не могуць «уступаць у супярэчнасць з палажэннямі прэамбулы Канстытуцыі Арменіі і 11‑м пунктам Дэкларацыі незалежнасці Рэспублікі Арменія». У гэтым пункце гаворыцца, што Арменія выступае за міжнароднае прызнанне генацыду армян 1915 года ў Асманскай Турцыі.

Пра гэта турэцкі бок не хоча чуць. Усе згадкі пра генацыд успрымаюцца Анкарой у штыкі.

Між тым, генацыд армян афіцыйна прызнаны і асуджаны больш як у 20 краінах свету (у тым ліку, у Расіі і Польшчы), а таксама Радай Еўропы і Еўрапарламентам. Сёлета на пачатку сакавіка Камітэт па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША таксама прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаецца факт генацыду. Пазней парламент Швецыі прагаласаваў (з мінімальнай перавагай ) за асуджэнне генацыду армян, а таксама панційскіх грэкаў і асірыйцаў у асманскай дзяржаве. Турцыя вельмі востра рэагавала на гэтыя рашэнні. Са Швецыі нават быў адкліканы турэцкі пасол. Да галасавання рэзалюцыі ў амерыканскім Кангрэсе справа пакуль не дайшла.

Далёка да пакаяння

Зусім нядаўна, падчас саміту ў Вашынгтоне, прысвечанага пытанням ядзернай бяспекі ў свеце, адбыліся сустрэча прэмьер‑міністра Турцыі з прэзідэнтам Арменіі, а таксама кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў гэтых краін. Але больш падрабязнай інфармацыі не з’явілася, і гэта гаворыць аб тым, што армяна‑турэцкія адносіны застаюцца напружанымі. Далёкімі ад нармалізацыі, зразумела, застаюцца і стасункі паміж Арменіяй і Азербайджанам , які падтрымлівае Анкара.

Турцыя імкнецца ўступіць у Еўразвяз, але многія яго краіны — найперш, Францыя, адкрыта выступаюць супраць гэтага, вымагаючы ад кіраўніцтва гэтай краіны больш паслядоўнага датрымання правоў чалавека і нацыянальных меншасцяў (напрыклад — курдаў). У сваю чаргу, Турцыя, адчуваючы сваю стратэгічную важнасць як краіна, што знаходзіцца паміж Еўропай, Блізкім Усходам і Расіяй і мае агромністы эканамічны патэнцыял, усё часцей крытыкуе палітыку ЕЗ.

І не толькі ў адносінах да Кіпра, які застаецца падзеленым на кіпрыёцкую і турэцкую часткі. Прэмьер‑міністр Эрдаган не аднойчы заяўляў, што ЕЗ не павінен быць «хрысціянскім клубам». Нядаўна ён зрабіў публічную вымову канцлеру ФРГ Ангеле Меркель за тое, што нямецкі бундэстаг не хоча ўзаконіць існаванне ў Германіі турэцкіх гімназій, а таксама дазволіць этнічным туркам у гэтай краіне мець падвойнае грамадзянства.

Варта нагадаць, што Германія, якая даволі ліберальна ставіцца да шматмільённай турэцкай дыяспары ў сваёй краіне і нават да ўзвядзення там мячэцяў і мінарэтаў, у свой час прайшла праз прызнанне Халакосту і нацыянальнае пакаянне.

У Турцыі таксама мяняюцца некаторыя ацэнкі мінулага, праўда, вельмі марудна. Прынамсі, за выказванне пазіцыі адносна армянаў, адрознай ад афіцыйнай, прадстаўнікам турэцкай інтэлігенцыі, у тым ліку, гісторыкам, ужо не пагражаюць жорсткія рэпрэсіі. Пра генацыд армян пісаў нобелеўскі лаўрэат — турэцкі пісьменнік Архан Памук. Не так даўно ў турэцкім інтэрнэце разгарнулася грамадская кампанія пад назвай «Даруйце нам, армяне». Праўда, у адказ разгарнулася кампанія супрацьлеглага зместу.

Так ці інакш, без аб’ектыўнага асэнсавання ўласнай гісторыі, без прызнання памылак мінулага, не кажучы пра злачынствы, немагчыма рухацца да збліжэння з Захадам.

Гэта пачынаюць разумець у Турцыі. І нават у Расіі, выглядае, кіраўніцтва за апошні час крыху змяніла сваё стаўленне да Катыні, да гісторыі Другой сусветнай вайны ды ўвогуле сталінскай спадчыны…

Беларусь пакуль застаецца ў баку ад гэтага працэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?