Гутарка пра падзеі ў Кыргызстане з усходазнаўцам Сяргеем Богданам.

«Наша Ніва»: Чаму пяць гадоў назад і сёння мы назіраем практычна аднолькавыя сітуацыі на вуліцах Бішкека?

Сяргей Богдан: Мы будзем назіраць падобнае і пазней. Усё гэта звязана са слабасцю кіргізскай дзяржавы.

Тое, што мы бачым сёння ў Бішкеку, укладваецца ў сцэнары развіцця краін чорнай Афрыкі. Калі сыходзіць каланізатар, палітыка якога была заснаваная на гвалце, разам з ім сыходзіць і стабільнасць. Кыргызстан з усіх сярэднеазіяцкіх краін быў найменш падрыхтаваны для функцыянавання мадэрновай дзяржавы. У Кыргызстане адсутнічае якая б то ні была іерархічная структура ўлады. Мясцовае насельніцтва да савецкага часу існавала ў племянным стане. У кіргізаў ніколі не было свайго хана ці нейкага вярхоўнага правадыра. Як вынік усё гэтай нецэнтралізаванасці дзяржавы — частыя племянныя войны.

«НН»: Чаму Кыргызстан з’яўляецца самай русіфікаванай дзяржавай Сярэдняй Азіі?

СБ: Яны папросту не былі падрыхтаванымі да прыходу квазізаходняй імперскай культуры, што ішла з Расіі. Узбекі супраціўляліся. Нават казахі пасля пэўных паразаў змаглі мадэрнізавацца. Для мяне тут пэўным прыкладам ёсць кіргізскі пісьменнік Чынгіз Айтматаў, якога можна лічыць узорам русіфікацыі. Ён напісаў цудоўныя творы, але адначасова так і не ўзняў праблему русіфікацыі Кыргызстана. Напрыклад, у казахаў ёсць Алжас Сулейменаў, які паставіў гэтыя пытанні ў кнізе «Аз і Я».

«НН»: Разам з тым, Кыргызстан з’яўляецца самай дэмакратычнай краінай рэгіёна. Чаму?

СБ:

Кыргызстан быў самым дэмакратычным таму, што гэта самая слабая дзяржава ў Цэнтральнай Азіі. Тэрмін failed state («дзяржава, што не адбылася») можна ўжываць і ў дачыненні да Кыргызстана. У найбліжэйшы час ён можа стаць рэгіёнам палітычнай і эканамічнай нестабільнасці, злачыннасці, галечы.

«НН»: Гвалтоўны захоп улады наколькі характэрны для цэнтральнаазіяцкага рэгіёна?

СБ: Зусім нехарактэрны. У Туркменістане ўжылі пераварот унутры рэжыму, у частцы эліты. Ва Узбекістане дамінуюць рэлігійныя матывы процістаяння. Таджыкістан — кланава-рэлігійныя. У Кыргызстане ў нейкай ступені можна гаварыць пра вяртанне трайбалізму — міжплемянной варожасці.

«НН»: Супрацьстаянне поўначы і поўдня сапраўды так актуальнае для Кыргызстана, ці гэта надумана СМІ?

СБ: Там няма кансалідацыі нацыі, няма лаяльнасці да дзяржавы. Мне Бішкек чужы — я яго рабую. Людзі не мысляць катэгорыямі нацыі. Яны мысляць катэгорыямі племя, клана, сям’і. Дарэчы, ва ўсёй Цэнтральнай Азіі можна пачуць праклёны ў бок Сталіна за адвольна праведзеныя межы паміж дзяржавамі. Таму і між краінамі існуе напружанасць. У Беларусі і Украіны таксама ёсць пэўныя пытанні па мяжы, але нашы краіны дастаткова давяраюць адна адной, каб не ўсталёўваць міны на граніцы. А Узбекістан і Кыргызстан — не. Патэнцыйна гэта можа быць вельмі небяспечны рэгіён свету.

«НН»: Якую ролю ў кіргізскім грамадстве адыгрывае іслам?

СБ: Найменшую ў Цэнтральнай Азіі. Іслам ёсць толькі намінальным веравызнаннем кіргізаў, але не з’яўляецца якім-небудзь вызначальным палітычным чыннікам, чаго не скажаш пра Узбекістан і Таджыкістан. Рэлігія — гэта першы крок, які разбурае племянную ідэнтычнасць. Другім крокам ёсць мадэрнізацыя.

«НН»: Наколькі важны ў Кыргызстане чыннік Расіі?

СБ: Вельмі важны. Гэта тая вонкавая сіла, якая можа быць зацікаўленая ў структурных пераўтварэннях кіргізскай дзяржавы. Ёсць яшчэ Кітай, але ён хутчэй дзейнічае там у эканамічнай сферы. У Кыргызстане самыя моцныя прарасійскія пазіцыі. Суседзі заўсёды закідвалі кіргізам гэта. Расійскія ўлады зацікаўленыя ў стварэнні ў Кыргызстане надзейнага плацдарма ў Азіі. Таму ў інтарэсах Расіі ўсталяванне ў Бішкеку больш-менш стабільнага рэжыму.

Людзі, якія прыйшлі ў 2005 годзе на месца каманды Акаева, часта мелі досыць крымінальныя ўхваткі. Той жа Бакіеў спакойна мог размаўляць на фені. Урад Бакіева проста хацеў зарабіць, ухапіць грошай. Таму яму спакойна ўдавалася дамаўляцца і з амерыканцамі. Напэўна, для Расіі гэта быў не самы лепшы варыянт.

«НН»: Які лёс можа чакаць Кыргызстан бліжэйшым часам?

СБ: Нестабільнасць і аслабленне дзяржавы. Тут шмат што будзе залежыць ад вонкавага фактару. Ці будзе выгадна ўкладваць у Кыргызстан рэсурсы, ці апраўдае мэта сродкі?

Думаю, рэсурсы будуць недастаткова вялікія, каб забяспечыць нармальнае функцыянаванне дзяржавы, каб дзеці элементарна хадзілі ў школу. Фактычна, Кыргызстан стаў першым failed state на тэрыторыі былога СССР. Шмат хто думаў, што ім стане Таджыкістан. Але, дзякуючы моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці таджыкаў, дзяржава працягвае функцыянаваць, нягледзячы на татальную галечу. Не факт, што ў Кыргызстане так будзе заўсёды. Але хто ведае, калі структурныя перамены могуць прыйсці ў Рэспубліку Конга? Тое ж і з Кыргызстанам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?