20.04.2010 / 11:51

Адкрывальнік Багдановіча 2

20 красавіка спаўняецца стагоддзе з дня трагічнай смерці нашаніўца Сяргея Палуяна. Ён пражыў няпоўныя дваццаць гадоў.

20 красавіка спаўняецца стагоддзе з дня трагічнай смерці нашаніўца Сяргея Палуяна. Ён пражыў няпоўныя дваццаць гадоў.

Сяргей Палуян нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне. Ужо ў 15 гадоў, у 1905‑м, з‑за сувязі з сацыялістамі ў хлопца ўзніклі першыя канфлікты ў сям’і. Адміністрацыя мазырскай прагімназіі, дзе хлапец вучыўся, параіла бацькам забраць сына дадому. Але гэта не дапамагло. І бацька выгнаў Сяргея. Юнак накіраваўся ў Кіеў, дзе пачаў зарабляць напісаннем рэцэнзій і артыкулаў для ўкраінскіх газет. Пасля было знаёмства з «Нашай Нівай». Супрацоўніцтва з газетай прывяло Палуяна ў Вільню. Там ён уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду.

Менавіта Палуян адшукаў у архіве «Нашай Нівы» сшытак з вершамі Максіма Багдановіча. Рэдакцыя палічыла іх незразумелымі для селяніна, а Ядвігін Ш. ахрысціў «дэкадэнскімі». Але Палуян разглядзеў у Багдановічу генія ды настаяў на тым, каб вершы друкаваліся.

У 1910 годзе Сяргей Палуян зноў перабраўся ў Кіеў. Хто мог думаць, што жыццё гэтай энергічнай, кіпучай натуры так гвалтоўна перарвецца.

«…Жыццё не вартае таго, каб жыць. У марах жыццё — казка, а спраўдзi — гнiццё раба i вечная незабяспечанасць, — напісаў ён у апошнім лісце да аднаго з сяброў. — Перадайце шчыры прывет беларусам. Багата я думаў зрабiць, ды не зрабiў нiчога. Шкода памiраць так марна, але трэба. Няхай… I яшчэ адна драбнiца: я ўмiраю «пошло», павесiўшыся. Бо не было змогi купiць рэвальвера…»

Афіцыйная версія смерці — самагубства, хаця некаторыя даследчыкі выказваюць версію пра гвалтоўную смерць. Пахаваны Палуян на кіеўскіх Байкаўскіх могілках.

«Вянок» Максіма Багдановіча прысвячаецца Сяргею Палуяну. Янка Купала прысвяціў яму паэму «Курган», Цішка Гартны верш. Палуян і сам пісаў мастацкія творы. Але шмат што з напісанага згінула. Спадчына, што захавалася, была выдадзеная кнігай «Лісты ў будучыню».

Кастусь Матушыч

0
Марылька / Адказаць
22.04.2010 / 17:02
І адкуль у вас звесткі пра тое, што Палуян скончыў жыццё самагубствам 20 красавіка? Няпраўда! У ноч з 7 на 8-е. І з Вялікаднем, што быў прыкладна ў гэты час мініяцюрай "Хрыстос васкрос!" са старонак "Нашай нівы" беларускі народ віншаваў ужо мёртвы Палуян. Вестку пра яго смерць надрукавалі толькі ў наступным нумары газеты, што выйшаў праз 2 тыдні. Сорамна, спадарства. Рэд. - Звесткі ў нас з "Беларускай экцыклапедыі". А ноч з 7 на 8-е - то, мусіць, па старым стылі. Сапраўды, такая дата стаіць у артыкуле "Памяці Сяргея Палуяна" ("НН" №18 за 1910). І тамсама пазначана, што звестка пра смерць Палуяна прыйшла "перад самымі святамі". Але ж Вялікдзень у 1910 прыпаў на 11 (24 па новым стылі) красавіка.
0
Марылька / Адказаць
22.04.2010 / 17:04
Дзякуй, выправілі. - Рэд.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру