У Нацыянальнай бібліятэцы ў мінулую суботу ажно 11 параў адначасова ўзялі шлюб. Мерапрыемства было прымеркаванае да сьвята гораду.

У інэце задоўга да гэтага зьявіліся злыя чуткі пра тое, што і першую шлюбную ноч маладыя правядуць у "дыяманце ведаў", маўляў, дзеці тады будуць надзвычай разумнымі. У мяне, па шчырасьці, адразу зьявіліся асацыяцыі з набудаванымі па ўсёй краіне лядовымі палацамі, у якіх, каб хоць трохі акупіць шалёныя грашовыя ўкладаньні, рабілі кірмашы і канцэрты поп-зорак. Аднак, арганізатары адразу заўпэўненілі маладых і журналістаў, што мерапрыемства гэтае робіцца ў першы і апошні раз, і ў гэтым і ёсьць уся ягоная фішка.

У будынак Нацыянальнай бібліятэкі запусьцілі толькі маладых, сьведак і журналістаў. Для сваякоў і гасьцей уся працэдура шлюбу транслявалася на вялікіх экранах на вуліцы. Сама цырымонія адбывалася на адкрытай пляцоўцы на 23 паверсе. Высьвятлілася, што з трох ліфтаў працуе толькі адзін, таму наверх падымаліся некалькімі партыямі: за два разы паднялі журналістаў, затым сьведкаў і асобна жаніхоў і нявестаў (на адваротным шляху мужоў і жонак у ліфт запусьцілі разам).

Журналісты доўга гадалі, навошта на і без таго цеснай пляцоўцы прысутнічалі байцы спецназу. Вядучая з тэлеканалу БТ нават пажартавала: "Гэта калі хтосьці з жаніхоў захоча збегчы..." Аказалася, што хлопцы ў камуфляжы, якія яўна сумавалі на чужым сьвяце, трымалі гірлянды з паветраных шарыкаў! Бо вецер быў такі, што дзіўна, што ніводны вэлюм не ўляцеў.

Напрыканцы мерапрыемства дырэктар бібліятэкі ўручыў маладым чытальніцкія білеты. "Калі да нас наступным разам?", - запытаўся ён у новасьпечаных мужоў і жонак. "У панядзелак!" – хорам адказалі тыя. "Ну добра, заўтра можаце не прыходзіць", - пагадзіўся ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0