Больш як 130 фірм з сямі краін бяруць удзел у Беларускім будаўнічым тыдні, што адкрыўся 20 красавіка ў выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў у Мінску. У рамках тыдня прадстаўлены спецыялізаваныя выставы «Вокны. Дзверы. Дахі» і «Маналіт. Будаўнічая тэхніка».

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця выставы начальнік галоўнага ўпраўлення навукова‑тэхнічнай палітыкі і ліцэнзавання Вячаслаў Канькоў, «гэта мерапрыемства дазволіць і падрадчыкам, і праекціроўшчыкам, і заказчыкам лепш зарыентавацца на рынку будаўнічых тавараў і паслуг і дапаможа выбраць найболей аптымальныя схемы сваёй працы».

Ён таксама адзначыў, што «ў краіне вызначаны важныя задачы па будаўніцтве жылля, унікальных аб’ектаў у Мінску, абласных цэнтрах і іншых гарадах, па навядзенні парадку на зямлі і паляпшэнні якасці будаўніцтва». Паводле слоў Канькова, «стаіць таксама важная задача па зніжэнні спажывання энергарэсурсаў за кошт будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля. Пачынаецца будаўніцтва энергапасіўных дамоў, адбудзецца міжнародная канферэнцыя па будаўніцтве інтэлектуальных дамоў».

Паводле слоў дырэктара дэпартамента па знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Валерыя Садохі, «канкурэнцыя на рынку будаўнічых паслуг вельмі жорсткая». «У гэтым мы пераконваемся, робячы шматлікія спробы выйсці на рынак Расіі», — падкрэсліў ён. Разам з тым чыноўнік адзначыў вялікія планы па будаўніцтве аб’ектаў у Венесуэле. «Супрацоўніцтва з гэтай краінай набывае стратэгічнае значэнне. У Венесуэле мы пачынаем будаўніцтва жылля, зборачную вытворчасць трактароў МТЗ і аўтамабіляў МАЗ», — сказаў Садоха.

Выстава будзе працаваць да 23 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?