20.04.2010 / 16:08

Лукашэнка: Мы на каленях стаялі, выпрошваючы грошы 26

Падчас штогадовага паслання да народу і парламенту Лукашэнка быў суровы. Ён паабяцаў далейшую эканамічную лібералізацыю, а таксама пляжыў Расію.

Падчас штогадовага паслання да народу і парламенту Лукашэнка быў суровы. Ён паабяцаў далейшую эканамічную лібералізацыю, а таксама пляжыў Расію.

Трансляцыя з Авальнай залы парламента пачалася ў той момант, калі Лукашэнкі за трыбунай яшчэ не было. Аператары адвольна выхоплівалі тых, хто збіраўся слухаць ужывую. Прэм’ер Сідорскі размаўляў з старшынём Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам. Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч пра нешта перамаўлялася з віцэ‑прэм’ерам Андрэем Кабяковым, а паміж імі сядзеў яшчэ адзін віцэ‑прэм’ер Уладзімір Патупчык.

Гледачы маглі пабачыць у новым іміджы старшыню прэзідыума Акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча, які адрасціў бараду‑эспаньёлку. Звярнула ўвагу, што міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі сядзелі на адных з першых шэрагаў, а вось міністры адукацыі і культуры Аляксандр Радзькоў і Павел Латушка — на галёрцы.

Лукашэнка традыцыйна пачаў з эканамічнага блоку. Пачынаў чытаць па паперцы. Кіраўнік дзяржавы пачаў казаць пра працяг эканамічнай лібералізацыі.

Найперш ён загадаў даць зялёнае святло для замежных інвестараў. «Чаму яны прыходзяць сустракацца асабіста са мной? Бо згубілі веру ў тых, хто ніжэй. Адмовы інвестарам будуць успрымацца як сабатаж», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён спытаў у кіраўніка Адміністрацыі Уладзіміра Макея за бюракратыю, чаму ёй не ўдаецца даць рады. У якасці прыклада прывёў выпадак з будаўніцтвам транспартна‑лагістычнага цэнтру ў аэрапорце, дазвол на будаўніцтва якога кампанія не магла атрымаць цягам 2,5 гадоў.

Лукашэнка паставіў амбітную задачу бліжэйшым часам выйсці ў трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці. «Арандатары павінны адчуць палёгку. Да восені павінна адбыцца спрашчэнне падатковай сістэмы. Крэдыты ў банках павінны быць даступнымі», — вяшчаў з трыбуны лідэр.

Экспарт сваіх тавараў Лукашэнка назваў адной з найбольш прыярытэтных задач для ўраду. Разам з тым, ён паведаміў, што бліжэйшым часам Макей разам з кіраўніком дзяржкантролю Ломацем павінны зрабіць даклад аб выніковасці дзеянняў ураду па засваенні новых рынкаў.

Кіраўнік краіны настойвае на працягненні палітыкі меліярацыі зямель, што на ягоную думку можа павысіць даходы дзяржавы ад сельскай гаспадаркі з трох мільярдаў даляраў да сямі.

Яшчэ адной пастаўленай задачай з’яўляецца ўваходжанне Беларусі ў топ‑50 краін з найвышэйшым індэксам чалавечага патэнцыялу.

«Мы на каленях стаялі перад некаторымі арганізацыямі, выпрошваючы грошы, — сказаў Лукашэнка, яўна маючы на ўвазе МВФ. — Цяпер нам іхняя дапамога ўжо не патрэбная».

Асабліва на арэхі дасталася будаўнічай сферы. На думку Лукашэнкі, цэны ў гэтай галіне завышаныя, а канчатковы прадукт не адпавядае нормам. «Прыйдзе дзяржкантроль і здыме з вас штаны. І выкіне на вуліцу без штаноў», — папярэдзіў кіраўнік краіны будаўнікоў.

Блок пра культуру быў традыцыйным. Лукашэнка патрабаваў новых шэдэўраў. «Я прашу: дайце мне «Вайну і мір», дайце «Паднятую цаліну», я вам за гэта заплачу. Няма ні вайны, ні міру».

Дзвюхмоўе было названае вялізнай каштоўнасцю, а гвалтоўнай беларусізацыі не будзе. «Штучна адмаўляцца ад расійскай мовы — гэта дурасць, тупасць».

Пасля культуры пачалося выступленне пра замежнапалітычнае становішча краіны. І тут найперш гаворка зайшла пра Расію.

«Расія, безумоўна, застаецца нашым асноўным партнёрам, — традыцыйна пачаў Лукашэнка. — Мы падпісвалі сотні дамоваў з Расіяй. І нам пляскалі ў Крамлі. Цяперашняе ж кіраўніцтва Расіі пайшло на так званую прагматызацыю адносінаў. Уведзеныя мыты на нафту. Усё гэта падрывае падмуркі саюзнай дзяржавы. Нас выдушвалі з расійскага рынку».

Тым не менш, лідэр Беларусі не адчайваецца. «Нафта амаль у два разы падаражала. Нам даюць 6 мільёнаў тонаў, але нашы заводы штогод перапрацоўваюць 22‑25 мільёны тонаў. І што, цяпер трэба спыніць заводы? Я еду дамаўляцца па нафце. Ужо пайшла нафта з Венесуэлы, пачалі здабываць у Іране. А чаму мы гэта не можам рабіць у Расіі? З нас смяюцца, што мы вязём нафту праз акіян. Я ўсё даўно пралічыў. Калі б нам гэта выгадна не было, то ніхто не вазіў».

«Нахіляць, выспяткаў сабе даваць я не дазволю. Калі нахіляюць мяне, то нахіляюць увесь беларускі народ. Кіраўніцтва Расіі думае, што мы нікуды не дзенемся. Дзенемся! У цэнтры Еўропы краіна пуставаць не будзе. Я не магу дазволіць сабе прыніжаць уласны народ. У зямлянкі пойдзем, але выжывем!» — кажа Лукашэнка.

«Я не Расіі мушу дзякаваць, сваім «ворагам» з МВФ, Еўропы, Захаду, што нам грошы далі, каб мы выжылі. Мы прайшлі ўжо той пункт, калі нас могуць паставіць на калені. Расія, калі згубіць Беларусь, згубіць свой прывабны выгляд. Ніхто Расіі болей не паверыць. Я не хачу канфрантацыі з Расіяй. Мы яшчэ не разышліся канчаткова, яшчэ не позна вярнуцца. Але ад залежнасці і дыктату мы павінны сысці», — зазначыў лідэр.

Лукашэнка задаволены «адкрытаму і прадметнаму» дыялогу з Еўрасаюзам. Асабліва рады, што яго ініцыююць такія краіны, як Францыя, Германія, Італія. Узгадаў Лукашэнка і пра «Еўранэст». Ён зазначыў, што там павінны быць дэпутаты парламента, а не апазіцыянеры.

Пакрыўджаным лідэр дзяржавы быў за тое, што Беларусь не запрасілі ў Вашынгтон на саміт па ядзернай бяспецы. «Не запрасілі, бо не станцавалі пад дудку ЗША і Расіі. Расіяне паабяцалі амерыканцам, што вывезуць адсюль уран. Нічога яны адсюль не вывезуць. Гразныя ядзерныя бомбы мы ствараць не будзем».

Было ў выступе і пра апазіцыю. Пра Казуліна было зазначана: «Няхай радуецца, што вызвалілі, сядзіць і не вякае».

Калі атамную станцыю адмовяцца будаваць расейцы, то пойдзем у Кітай, зазначыў лідэр.

«Не зусім добра, калі Пяткевіч і Зімоўскі камунікуюць паміж сабой праз інтэрнэт. Але і ён, і яна маюць рацыю. Лепш сустрэньцеся асабіста і пагаварыце. Але такая спрэчка таксама надае новы каларыт», — адгукнуўся Лукашэнка на нядаўнюю дыскусію паміж чыноўнікамі аб ролі ідэалогіі.

Зміцер Панкавец

0
Dzianis / Адказаць
20.04.2010 / 16:50
фотаздымак, канешне, уражвае..) лічбавіком з тэлеэкрана...што за вычварэнства? :)
0
Хведзя / Адказаць
20.04.2010 / 17:13
А я не хачу ў зямлянку:((
0
Альховік Мікалай / Адказаць
20.04.2010 / 17:18
Сядзіць і ня вякае, дурасьць, тупасьць - адным словам, паханок мясцовага маштабу Пра лёгіку і не кажу.
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру