20.04.2010 / 19:42

Праз воблака вулканічнага попелу адменены хакейны турнір у Мінску

Федэрацыя хакея аб'явіла пра адмену «Турніру чатырох на прызы BelSwissBank», які планавалася правесці ў Мінску 22—25 красавіка з удзелам каманд Беларусі, Германіі, Славакіі і Швейцарыі.

«Спаборніцтвы не адбудуцца з прычыны немагчымасці каманд прыбыць у Беларусь, — адзначаецца ў паведамленні. — Усе ўдзельнікі планавалі дабрацца да Мінска авіярэйсамі, аднак з-за гіганцкага воблака вулканічнага попелу, якое ўтварылася пасля вывяржэння вулкана Эяф'ятлаёкудль у Ісландыі, авіязносіны дагэтуль не наладжаны».

«Адмена турніру ніяк не павінна адбіцца на яго перспектывах у будучыні. Федэрацыі хакея Славакіі, Швейцарыі і Германіі пацвердзілі, што ў наступным сезоне гатовы прыехаць да нас на такія спаборніцтвы», — адзначае прэс-служба ФХРБ.

Пакуль невядома, ці будзе нацыянальная зборная Беларусі праводзіць таварыскія матчы з іншымі камандамі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру