21.04.2010 / 22:47

Эканамічны суд прыняў пазоў ураду Беларусі да ўраду Расіі 1

Пасьля закрытай нарады калегія Эканамічнага суду СНД пастанавіла прыняць да вытворчасьці пазоў афіцыйнага Менску да Расеі аб скасаваньні расейскага мыта на нафтапрадукты, якія паступаюць у Беларусь.

Цяпер калегія суду цягам 30 дзён правядзе распарадчае пасяджэньне, на якім вырашыць пытаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай справы да разгляду. Пасьля гэтага будзе прызначана дата судовага разьбіральніцтва. Пакуль ніхто ў судзе ня можа сказаць дакладна, колькі працягнецца працэс. Падчас падрыхтоўкі справы для разгляду бакі павінны падаць дадатковыя дакумэнты.

Калегія суду вызначыла, што, да прыкладу, беларускі бок павінен падаць у суд копію адказу прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна на ліст беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага ад 30 студзеня гэтага году. А таксама копію ліста віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына ад 1 сакавіка гэтага году. Расейскі ўрад павінен падаць у суд інфармацыю пра парадак разьмеркаваньня ў бюджэты абедзьвюх краінаў экспартнага мыта, якое бярэцца з прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі з расейскай сыравіны.

Судзьдзя-дакладчык па справе Сабіт Жалдыбаеў, які прадстаўляе Казахстан, адзначыў, што афіцыйны Менск просіць Эканамічны суд канстатаваць факт парушэньня Расеяй міжнародных абавязацельстваў:

«Апроч гэтага заяўнік просіць, каб суд рэкамэндаваў Расеі прыняць меры па адмене вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Расеі ў Беларусь».

Нарада калегіі суду была закрытай і працягвалася больш за дзьве гадзіны. Пасяджэньне вёў старшыня суду Файзуло Абдулоеў (судзьдзя ад Таджыкістану)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Адлеглы / Адказаць
22.04.2010 / 02:47
Вельмі аптымістычная навіна! Яшчэ каля 100 год таму нават прагрэсіўныя дэмакратычныя дзяржавы вырашалі любыя спрэчкі з іншымі дзяржавамі пры дапамозе гармат, падобна, як 150 год таму людзі вырашалі свае спрэчкі на дуэлях. Але калі дзяржавы пачынаюць замест гэтага, як людзі, судзіцца... то гэта добры знак для нас усіх! :-) Калі так пойдзе, то вайны больш ня будзе! І споўніцца мара беларусаў «абы не было вайны». Лепш да сьмерці судзіцца, чым насьмерць біцца.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру