На рынку друкаваных СМІ адбываюцца буйнамаштабныя зьліцьці й паглынаньні. Сьледам за зьяўленьнем інфармацыі пра продаж Алішэру Ўсманаву выдавецкага дому «Коммерсант» стала ведама, што адразу два буйныя выдавецкія дамы маняцца прадаваць свае актывы. Вось жа, паводле інфармацыі газэты GZT.ru, выдавецкі дом «Секрет фирмы» жадае памяняць уладальніка за 60 млн даляраў. Патэнцыйны пакупнік на частку актываў дому – Выдавецкі дом Радыёнава.

Гэтаксама, як паведамляе газэта «Ведомости», прадаецца і блёкпакет ВД «Аргументы и факты», у які ўваходзіць шэраг папулярных выданьняў, тыпаграфія і паліграфічны комплекс. Набыць тыя акцыі ВД «АиФ» маніцца паўднёваафрыканская кампанія Naspers. Сума ўгоды сягае паўмільярда даляраў.

Продаж «Секрета фирмы»

У склад ВД уваходзяць пяць выданьняў: газэта «Бизнес», часопісы «Секрет фирмы», «Имеешь право» і «Все ясно», а таксама інфармацыйны інтэрнэт-праект «Газета.ру». Паводле зьвестак, агульная сума, якую просяць уладальнікі за ВД, – 60 млн даляраў.

Асноўны прэтэндэнт на гэтыя актывы ўжо вызначыўся. Паводле інфармацыі GZT.ru, гэта Выдавецкі дом Радыёнава, які валодае вялікім наборам СМІ самага рознага кшталту (найвядомейшыя – часопісы «Профиль», «Компания», Business Week). Што праўда, дом Радыёнава цікавіць ня ўвесь «Секрет фирмы», а толькі два выданьні – газэта «Бизнес» і «Газета.ру».

Выбар ВД Радыёнава даволі зразумелы. Часопісныя праекты «Секрета фирмы» могуць скласьці наўпроставую канкурэнцыю з ужо існуючымі часопісамі дому. Тым болей што такая канкурэнцыя ўжо высьпявае паміж выданьнямі самога ВД Радыёнава – так піша GZT.ru. Пры гэтым кампаніі не стае штодзённага СМІ, замест якога добра функцыянуе «Бизнес», ды інтэрнэт-праекту.

Покуль немаведама, ці пагадзіліся ўладальнікі «Секрета фирмы» на продаж толькі часткі ВД. Гэтаксама невядомая й сума, якую ВД Радыёнава гатовы заплаціць за дзьве газэты.

Продаж ВД «Аргументы и факты»

Выдавецкі дом «Аргументы и факты» кіруе аднайменнай газэтай, а таксама газэтай «Труд», тыпаграфскім комплексам «Медиа Пресса», сеткаю распаўсюду, а ад нядаўняе пары – яшчэ і 75% мінус 1 акцыя ВД «Экстра М Медиа», які выдае дармовыя рэклямна-інфармацыйныя газэты «Экстра М» і «Округа» і валодае паліграфічным комплексам «Экстра М». Паводле зьвестак самае кампаніі, чаканы зварот у 2006 г. – 330 млн даляраў. Аляксей і Зьміцер Ананьевы, якія кантралююць ВД АиФ, мяркуюць выставіць на продаж блёкпакет кампаніі. Сума ўгоды можа сягнуць 400–500 млн даляраў.

Меркаваны пакупнік – паўднёваафрыканская мэдыягрупа Naspers, якая працуе ў сфэры друкаваных і электронных СМІ і інтэрнэт-тэхналёгіяў.

Акром Паўднёвай Афрыкі, кампанія вядзе сваю дзейнасьць у краінах Азіі, Эўропы і Паўночнае Амэрыкі. Паводле зьвестак Hoover’s, заработак за фінансавы год, які выйшаў у сакавіку 2005 г., сягнуў 2,2 млрд даляраў, чысты прыбытак – 417 млн даляраў.

Цяперака Naspers ладзіць ацэнку расейскіх мэдыйных актываў, паведамляюць «Ведомости». Пры гэтым тая ўгода найхутчэй будзе закрытая толькі ў 2007 г., бо спачатку кампанія «Промсвязькапитал», якая кіруе ВД АиФ, мусіць завяршыць рэструктурызацыю мэдыяактываў.

Угода Ананьевых з Naspers, можа, стане адной з найбуйнейшых на расейскім мэдыярынку. Паводле ацэнаў прэзыдэнта Выдавецкага дому Радыёнава Аляксея Воліна, за 25–30% кампаніі Naspers можа заплаціць 400–500 млн даляраў.

ВД «АиФ» – не адзіная расейская кампанія, да якой Naspers мае інтэрас. У траўні стала ведама, што Naspers ладзіць перамовы пра куплю пэўнай долі ў ВД «Ск-Пресс» (выдае глянцавітыя часопісы Men’s Fitness, Auto Motor und Sport, InStyle ды іншыя). Але пакуль угоды тае так і не адбылося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?