Мне здаецца, што заплянаваная моўная рэформа рухаецца ня ў тым напрамку, без уліку апошніх геапалітычных тэндэнцыяў. Адным з галоўных чыньнікаў новай сытуацыі відавочна стане калянізацыя Вэнэсуэлы, што стартавала цяпер. А там, як вядома, народ гаворыць на мове Дон Кіхота і Лопэ дэ Вэга.

Посьпехі беларускага «дрангу нах сэльва» залежаць у тым ліку ад здольнасьцяў бульбашоў да камунікацыі з лацінасамі, іншымі словамі – ад таго, як хуценька нашыя акадэмікі будуць здольныя падагнаць беларускую пад гішпанскую, стварыўшы варыянт беларуска-вэнэсуэльскай трасянкі (гішпасянка).

У такім разе нашыя людзі, якія трапілі на палаючы кантынэнт, будуць ужо пампаваць нафту, у той час пакуль канкурэнты – расейцы і іншыя швэды – яшчэ толькі пачнуць вымаўляць гэткую прымітыўную фразу, як «Мe llamo Vasia» (мяне завуць Вася).

Перш за ўсё нам трэба абеларусіць гішпанскія словы паўсядзённага жыцьця.

Напрыклад, прапаную наступныя лексычныя і артаграфічныя інавацыі ў актыўны вакабуляр – набеберыцца (ад «beber» – піць), мортыфэрны чычагон (ад «chicha» – пяршак і «mortifero» – забойны), тамары крэдыту на тынту (ад «tomar a credito» – пазычаць, «tinta» – чарніла).

Натуральна, шкаляры мусяць вывучаць лексыку сямейных дачыненьняў: вівэрыцца зь вехамі («vivir» – жыць і «viejo» – стары), дыстрыбуірка фарсадная (ад «distribuir» – разьмеркаваць і «forzado» – прымусова), пагаднае аддзяленьне (ад «pagado» – платнае).

Гішпасянку на працоўныя месцы!

Перафум (ад «fumar» – курыць), заканклюрыць трабахны кантракт (ад «concluir» – укласьці, заключыць; «trabajo» – працоўны), разрампэрыць кантракт (ад «romper» – парваць), пайсьці ў фарзадную ліцэнзію (ад «forzado» – прымусовы і «licencia» – адпачынак), мець дэдку па саляры («deuda» – пазыка і «salario» – заробак).

Натуральна, не абысьціся без ідэалягічнага напаўненьня: за эстабілідадную Беларусь! (ад «estabilidad» – стабільнасьць), падцька (ад «padre» – бацька), аблігаторная падпіска на «Беларусь гой» (ад «obligatorio» – абавязковы і «hoy» – сёньня), кантроль будзе бруталь (ад «brutal» – жорсткі).

Паверце мне, калі мы ўвядзём гішпасянку, праз пару гадоў багаты лацінаамэрыканскі рынак аўтаматычна ўпадзе да нашых ног: мулаткі будуць насіць «Мілавіцу», генэралы пясчаных кар’ераў у перапынках паміж гоп-стопамі смактаць «Налібоцкую пушчу», а Кастра, замест цыгары, курыць прадукцыю гарадзенскай тытунёвай фабрыкі.

Між тым беларусы, шпацыруючы сталічнай вуліцай Каракасу – праспэкту Пераможцаў (был.Балівара), будуць пачувацца, нібыта на родным раёне.

– Вы батэллу не аддэхарыце (ад «dejar» – пакінуць і «botella» – бутэлька)? – спытае ў вас на зразумелай гішпасянцы мінак-індзеец.

– Ды адкамінарся ты (ад «caminar» – ісьці)...

Як прыемна размаўляць на роднай мове!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?