23.04.2010 / 14:13

Беларускі першадрукар працаваў у Лондане 10

Пра беларускую прысутнасць у Вялікабрытаніі распавядае новая кніга Наталлі Гардзіенка.

Наш зямляк Ян Літвін выдаваў кнігі ў Вялікабрытаніі задоўга да Скарыны. Сістэму сігналізацыі для Брытанскай каралеўскай чыгункі таксама распрацаваў беларус. Англійскія арыстакраты святкавалі Дзень Волі 25 сакавіка… Пра беларускую прысутнасць у Вялікабрытаніі распавядае новая кніга Наталлі Гардзіенка.

«Наша Ніва»: Якія першыя звесткі аб ураджэнцах беларускіх земляў, што трапілі ў Злучанае Каралеўства?

Наталля Гардзіенка: Вядомая паўлегендарная асоба Яна Літвіна. Як сведчаць англійскія крыніцы, гэты John Lettou прыкладна ў 1480 годзе адчыніў друкарню ў лонданскім Сіці ля царквы Усіх Святых. Тады той раён займалі юрысты, то Літвін спецыялізаваўся на выданні праўных дакументаў па‑англійску. Гэта быў першы выхадзец з беларускіх земляў, аб якім захаваліся вартыя даверу дакументы. Трэба адзначыць, што ўласна англійскі першадрукар Какстон распачаў сваю дзейнасць усяго на тры гады раней.

Пазней ужо шмат хто наведваў Лондан: магнаты, дыпламаты, вандроўнікі. Асабліва часта наведваліся на выспы Радзівілы. Хтосьці як эмігрант палітычны, хтосьці як эканамічны. Хтосьці праездам — як Багуслаў, якога выкінула на англійскі бераг бура, калі ён плыў у Галандыю.


Гардзіенка Натальля. Беларусы ў Вялікабрытаніі.
— Мінск: Медысонт, 2010. — 620 с.
— («Бібліятэка Бацькаўшчыны»; кн. 18).

А ў XVIII—XIX стагоддзях Брытанія стала краінай з вялікім навуковым і прамысловым патэнцыялам. Часта было так, што ўраджэнцы беларускіх зямель маглі рэалізаваць свае задумы толькі там. Быў такі Ян Юзаф Бараноўскі са Смілавічаў, які распрацаваў сістэму чыгуначнай сігналізацыі. І яна выкарыстоўвалася на брытанскай чыгунцы на працягу ўсяго ХІХ ст.

«НН»: Але гэта ўсё яскравыя асобы. Калі ў Вялікабрытаніі з’явілася беларуская супольнасць?

НГ: У другой палове ХІХ ст. пачалася вялікая хваля эканамічнай эміграцыі з Расійскай імперыі. У большасці гэта былі ўраджэнцы Беларусі і Украіны. Прыязджалі ў Брытанію з рознымі мэтамі. Хтосьці трапляў выпадкова — людзі плацілі махлярам з параходных кампаній вялікія грошы за дарогу да Амерыкі, а тыя іх пакідалі ў Англіі. Шмат хто нават і не ведаў, што да жаданага берага цэлы акіян — жылі ў шчырым перакананні, што знаходзяцца ў ЗША.

Перасяленцы траплялі ва ўсходні Лондан, дзе ўтварыўся імігранцкі раён, населены выхадцамі з Расійскай імперыі. Шмат габрэяў і беларусаў там жыло.

Займаліся некваліфікаванай працай. Але тым не менш, захоўвалі свае звычаі. Найбольш рэлігію, зразумела. Дзейнічалі праваслаўныя цэрквы. Менавіта па запісах у царкоўных кнігах і магчыма аднавіць многія моманты з жыцця беларускіх імігрантаў у Лондане.

«НН»: Ці проста было тагачаснаму гастарбайтару аформіць дакументы на выезд?

НГ: У Расійскай імперыі ствараліся штучныя складанасці для выезду за мяжу. Было неабходна набыць пашпарт, аформіць яго адмысловым чынам. Гэта каштавала вялікіх грошай. Таму афіцыйная эміграцыя значна адрознівалася ад рэальнай. Існавала вельмі вялікая колькасць нелегальных эмігрантаў. Ехалі на сезонныя працы ў асноўным. Вялікабрытанія была хутчэй транзітнай краінай. Праз яе кіраваліся ў ЗША, Канаду, Аргенціну.

Выезд, нават нелегальны, каштаваў дорага. Шматлікія параходныя кампаніі рэкламавалі свае паслугі. У афіцыйным друку, у сваю чаргу, з’яўляліся час ад часу папярэджанні аб небяспецы эміграцыі. Нешта накшталт сучаснай рэкламы аб небяспечнасці працы за мяжой, якую мы бачым з экранаў дзяржаўных каналаў.

«НН»: Што змяніла вайна? Якой была паваенная эміграцыя з Беларусі ў Вялікабрытанію?

НГ: Паваенных перасяленцаў адрознівала выразная беларускасць. Былі розныя шляхі з’яўлення імігрантаў: праз удзел у польскім войску (пераважна выхадцы з Заходняй Беларусі, якія праз Сібір трапілі на Брытанскія выспы), праз сваяцтва (сваякі беларускіх жаўнераў польскага войска, пераважна дзеці і жанчыны) і самая невялікая група — перамешчаныя асобы часоў вайны.

Увогуле ў паваеннай Брытаніі былі не вельмі спрыяльныя ўмовы для перасяленцаў і ўцекачоў. У адрозненне ад іншых еўрапейскіх краін, Брытанія запрашала выключна асоб працаздольнага ўзросту з добрым здароўем.

«НН»: Існуе стэрэатып, што беларуская паваенная эміграцыя — гэта былыя паліцаі. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?

НГ: Брытанія абвяргае гэты стэрэатып. На 80% гэта былі былыя жаўнеры польскага войска, людзі, якія гэтаксама змагаліся з фашызмам, як і тыя беларусы, што служылі ў Чырвонай Арміі.

Была група беларусаў, што далучылася да польскага войска толькі ў 1944 годзе. Але гэта былі найчасцей былыя ўдзельнікі Саюза беларускай моладзі, а не паліцыі.

«НН»: У чым бачылі сваю задачу паваенныя беларускія арганізацыі ў Вялікабрытаніі?

НГ: Найбольш вядомай і значнай з’яўляецца Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі. Яно ўзнікла ў 1946 годзе і дзейнічае не толькі ў Лондане, але і па ўсёй краіне: у Манчэсцеры, Брэдфардзе, Бірмінгеме, Ковентры.

Вылучае ЗБВБ сярод іншых арганізацый беларускай эміграцыі тое, што яно здолела прыдбаць сабе даволі шмат нерухомасці па ўсім каралеўстве і добра яе скарыстаць.

Цікава, як гэта адбывалася. У 1960—1970‑я ў Манчэстары і Брэдфардзе існавалі беларускія клубы, якія карысталіся тым, што ў той час у Вялікабрытаніі існавала абмежаванне на продаж алкаголю ў пабах. Але яно не датычыла клубаў.

У выніку сталымі наведнікамі беларускіх клубаў амаль на 80% былі звычайныя брытанцы, што прыходзілі туды прапусціць шклянку‑другую.

А беларусы на заробленыя такім чынам грошы выдавалі часопісы, кнігі, падтрымлівалі ініцыятывы не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ў Беларусі.

Сярод іншых арганізацый трэба адзначыць Беларускую каталіцкую місію ўсходняга абраду, якая стварыла ўнікальны беларускі асяродак у паўночным Лондане са святарскім домам і бібліятэкай.

Варта згадаць і ўнікальнае Англа‑беларускае таварыства. Яго стварылі сумесна беларусы і брытанскія арыстакраты. Для іх Беларусь была экзотыкай, і гэта прыцягвала. З дапамогай таварыства адбываліся прыёмы на найвышэйшым узроўні. Часам святкаванні ўгодкаў незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі ладзіліся ў Брытанскім парламенце. Гэта, напэўна, найвышэйшы ўзровень, на які ўздымаліся беларусы ў Еўропе.

«НН»: Ці складана было беларусам тады інтэгравацца ў англійскае грамадства?

НГ: Большасць з тых, хто трапіў на Туманны Альбіён пасля вайны, пачыналі з некваліфікаванай працы. Аднак былі і выключэнні. Адзін з цікавых прыкладаў — Ян Дамінік. Ён жыў у Лондане і паспяхова займаўся нерухомасцю, валодаў адразу некалькімі будынкамі ў самых прэстыжных раёнах.

На пачатку 1990‑х, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, адзін са сваіх будынкаў ён прапанаваў беларускай амбасадзе бясплатна. І яна там месцілася да сярэдзіны 90‑х.

Пасля рэферэндуму аб змене нацыянальнай сімволікі жонка ўжо памерлага на той час Яна Дамініка папрасіла амбасадара вызваліць памяшканне. Беларускім уладам прыйшлося шукаць новы будынак для прадстаўніцтва.

«НН»: Як упісалася сучасная хваля эміграцыі ў жыццё беларускай грамады Вялікабрытаніі?

НГ: Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі цікавасць у брытанскіх беларусаў хутка замянілася расчараваннем. Сапраўдная Беларусь аказалася зусім не такой, як яны чакалі. У Брытанію пачалі прыязджаць беларусы, якія нават па‑беларуску не размаўлялі. Новыя эканамічныя эмігранты далучаліся да актыўнага грамадскага жыцця дыяспары не так актыўна, як паваеннае пакаленне. Таму сёння па‑ранейшаму ядро беларускіх арганізацый ўтвараюць людзі старой хвалі, такія, як апостальскі візітатар для беларусаў‑каталікоў замежжа Аляксандр Надсан, што апякуецца ўнікальнай бібліятэкай Скарынаўскага цэнтра; кіраўнічка ЗБВБ Лёля Міхалюк. Тым не менш, прадстаўнікі новай хвалі складаюць прыкладна палову ад складу сённяшняй арганізацыі. І менавіта ад іх дзейнасці залежыць будучыня культурнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, назбіранага папярэднікамі.

Гутарыў Алесь Пілецкі

***

Радзівіл — парушальнік пашпартнага рэжыму

Карабель Багуслава Радзівіла, які ў 1639 плыў у Галандыю, бура выкінула на англійскі бераг. Беларускі магнат выкарыстаў гэта як нагоду наведаць Лондан, дзе яго прыняў кароль Чарльз І Сцюарт. А ў наступным годзе, вяртаючыся праз Англію ў Францыю, Багуслаў быў затрыманы за тое, што не меў пашпарта.

Будны: лісты ў Англію

Сярод прыкладаў першых беларуска‑брытанскіх сувязяў можна назваць ліставанне Сымона Буднага з англійскім гісторыкам Джоанам Фоксам. Адзін з лістоў беларускага асветніка ад 4‑га траўня 1574 г. з уласным подпісам аўтара захоўваецца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Оксфардзе.

Панятоўскага расчараваў парламент

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі так апісваў свае ўражанні ад наведвання брытанскага парламента: «Я быў нямала расчараваны, убачыўшы, што тая зала, якую я ўяўляў сабе такой велічнаю, значна больш сціплая паводле аздаблення і прыгажосці, чым палата нашага Сената».

***

Кнігу можна набыць у наступных крамах Мінска:

«Кнігарня пісьменніка», вул. Казлова, 2.

«Акадэмкніга», пр. Незалежнасці, 72.

«Кнігарня «Эўрыка», вул. Куйбышава, 75.

Сядзіба ТБМ, вул. Румянцава, 13

Управа БНФ, вул. Варвашэні, 8.

«Дом кнігі «Веды», вул. К. Маркса, 36.

КнігарняЎгалерэі, пр. Незалежнасці, 37А.

Крама «Подземка», пр. Незалежнасці, 43

Інтэрнет-кнігарня Prastora.by

***

Наталля Гардзіенка. Нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1999), аспірантуру БДУ, кандыдат гістарычных навук (2003). Займаецца вывучэннем гісторыі беларускай эміграцыі. Займаецца таксама навукова-даследчай і педагагічнай дзейнасцю. У 2004 г. выйшла яе кніга «Беларусы ў Аўстраліі».

0
г / Адказаць
23.04.2010 / 14:48
Занимаемся опять мифотворчеством. Надо писать английский друкар паходжання з ВКЛ.
0
Равяка / Адказаць
23.04.2010 / 16:12
для г : ну дык самі напішыце сапраўдную гісторыю і выдайце... а то большасьць беларусаў умее добра крытыкаваць, але самі нічога зрабіць ня могуць.. нават беларускую мову інсталяваць на кампе...
0
Dzjadulja / Адказаць
24.04.2010 / 05:19
Выглядае на тое, што праблема ў “г” з ўсталёўкаю Беларускае мовы ў ягоных глуздох, а не кампутару. Бо на ім дастаткова проста падлучыць беларускаю раскладку клявішні (у Windows -- усяго 5 мышыных пстрыкаў). Але наконт агалоўку артыкулу “г” мае рацыю. У тыя часы аніякіх “Беларусаў”, зразумела, не існавала. І так пісаць — неахайна. Міжволі ў сьвядомасьць чытача закладваецца памылковае ўяўленьне. На мой розум, варта так: Ліцьвінскі першадрукар працаваў ў Лёндану.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру