Сёлетні дзень гораду мала адрозьніваўся ад іншых сьвятаў, што ладзяць у беларускай сталіцы ўлады. Гэтым разам Менгарвыканкам нават не пайшоў на такую меру, як на забарону продажу алькагольных напояў. Горы выпітых пляшак ад піва і больш моцных трункаў на раніцу пасьля сьвяткаваньня даводзілася выграбаць са сталічных вуліцаў падмятайлам і камунальным службам. Усё б было як звычайна, каб не адзін інцыдэнт, што здарыўся ў электрычцы Менск-Пухавічы.

На электрычцы «Менск–Пухавічы» а 0:20 зьяжджалі дадому тыя, хто найболей забавіўся ў сьвяточнай сталіцы. Сярод іх значную частку складала моладзь, што добра наступіла на корак у Менску. Пасьля паміж імі акурат і пачаліся разборкі а-ля «мястэчка на мястэчка»: рудзенскія на пухавіцкіх, Мачулішчы на Міханавічы, і не разьбярэсься, хто на каго. У лепшым жанры вясковых дыскатэк, калі прадстаўнікі адной вёскі дзеля забавы пачынаюць высьвятляць адносіны з хлопцамі зь іншай. Усё сканчваецца морам крыві, разьбітымі тварамі і задавальненьнем ад уласнай «крутасьці».

Паводле словаў відавочцаў, п’яныя бэйбусы заступілі ўваход і выхад з трэцяга вагону электрычкі, а людзі, што спрабавалі ўсё адно выйсьці, былі зьбітыя, незалежна ад полу. Нарад міліцыі з двух чалавек, што дзяжурыў на маршруце, не дапамог пасажырам – моладзь значна перасягала іх у сіле.

Па нейкім часе бойка між групоўкамі пераходзіць на вуліцу, але некаторыя хлопцы працягвалі трымаць дзьверы. З вуліцы ў вагон паляцелі буйныя камяні. Са словаў старшага інспэктара аддзяленьня аховы правапарадку АУС на транспарце Аляксандра Жылінскага, было пабіта камянямі трынаццаць шыбаў вагонаў, але траўму атрымала толькі адна дзяўчына, якой разьбілі губу.

Электрычка ў гэты момант не магла рухацца, бо нехта ўвесь час націскаў на стоп-кран. Пасажыры супраць сваёй волі апынуліся ў самым пекле п’яных разборак, нібыта тыя закладнікі ў тэрарыстаў. Што рабіла ў той час міліцыя, немаведама.

Відавочцы запэўніваюць, што такія бойкі не перапыняліся да самага Рудзенску, калі мясцовыя боўдзілы нарэшце пакінулі вагон, але і на гэтым прыгоды іншых пасажыраў электрычкі ня скончыліся, бо з вуліцы ўжо ў другі раз за вечар паляцелі камяні. Людзі пачынаюць хавацца ад свайго бясьсільля хто куды можа.

У панядзелак у абед у Пухавіцкім РУУС увогуле нічога ня ведалі пра здарэньне на чыгунцы, яны казалі, што ў апэратыўную хроніку гэты інцыдэнт пакуль не трапляў.

Аляксандар Жылінскі гаворыць, што на гэтае здарэньне ўжо заведзена крымінальная справа па факце хуліганства, але цяжка меркаваць дакладна, ці будуць пакараныя вінаватыя. І хто ўвогуле вінаваты ў гэтай сытуацыі? П’яны ўгар на дзяржаўныя сьвяты становіцца звычайнай справай для нашай дзяржавы. Галоўнае, каб і здарэньні кшталту рудзенскага ня сталі нормай.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?