Каардынатар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання палемізуе са экс-спікерам парламента.

Інтэрвію былога старшыні Вярхоўнага Савета 12‑га скліканьня, генэрал‑лейтэнанта Мечыслава Грыба Віталю Цыганкову, надрукаванае ў газэце «Свободные новости плюс» і зьмешчанае на сайце НН, у якім ён спрабуе паказаць сябе абаронцам дэмакратыі, а дэпутатаў Апазыцыі БНФ асобамі, якія перашкаджалі яму гэтую дэмакратыю абараняць, — вымагае некалькіх удакладненьняў.

Першае. Апазыцыя БНФ не магла станоўча ўспрыняць абраньне Грыба на пасаду старшыні ВС у студзені 1994 г., паколькі раней ён як старшыня Камісіі ВС па абароне і нацыянальнай бясьпецы набыў у ВС імідж рэпрэзэнтанта прамаскоўскіх сілаў. Прыгадаем, што пасьля аднаўленьня Незалежнасьці ў жніўні 1991 г., Апазыцыя БНФ патрабавала стварэньня ўласнага войска і фармуляваньня вайсковай дактрыны, якая б адпавядала інтарэсам Беларусі, а не Расеі. Кіраўніцтва ж вайсковага ведамства і профільная парлямэнцкая камісія занялі супрацьлеглую пазыцыю.

У 1991—1993 гг. з беларускага войска было звольнена некалькі сотняў афіцэраў‑актывістаў БЗВ (Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў), якія жадалі прынесьці прысягу на вернасьць Беларусі — у той час як у Міністэрства абароны былі пераведзеныя на працу дзесяткі афіцэраў з Расеі, якія абсалютна адкрыта выступалі за аднаўленьне СССР. У 1992 годзе «Звязда» надрукавала заяву з гэтай нагоды, падпісаную, акрамя 55 дэпутатамі ВС, Васілём Быкавым і іншымі прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі. У 1992—1993 гг. значная частка высілкаў БНФ была накіраваная на тое, каб супрацьстаяць уцягваньню Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі, якое выяўлялася ў далучэньні да сыстэмы Калектыўнай бясьпекі СНД. Менавіта М. Грыб, як старшыня парлямэнцкай камісіі, выконваў ролю «тарана», які прабіваў уступленьне Беларусі ў гэтую сыстэму.

Менавіта Грыб і на сэсіях, і на Прэзыдыюме ВС прымушаў (ці скажам больш мякка — настойліва пераконваў) тагачаснага старшыню ВС Шушкевіча падпісаць дамову аб Калектыўнай бясьпецы (што Шушкевіч і зрабіў 31 сьнежня 1993 г., зрэшты, не ўратаваўшыся ад адстаўкі). Нарэшце, адразу пасьля абраньня спікерам ВС генэрал‑лейтэнанта міліцыі М. Грыба міліцыя пачала затрымліваць актывістаў БНФ, чаго з моманту аднаўленьня Незалежнасьці, ад жніўня 1991‑га, не было (першыя затрыманьні — пачатак лютага 1994, у стэнаграмах сэсіі ВС ёсьць выступ аўтара гэтых радкоў з гэтай нагоды).

Другое. У сакавіку 1994 года менавіта спікер ВС М. Грыб настаяў на ўвядзеньні ў Беларусі прэзыдэнцкай улады. Так, ён правёў рашэньне аб галасаваньні пайменнымі бюлетэнямі па тых разьдзелах Канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзеньне прэзыдэнцкай улады. Гэтае рашэньне супярэчыла Рэглямэнту ВС, Апазыцыя БНФ удзелу ў ім ня брала і заявіла пра яго нелегітымнасьць.

Трэцяе. Са слоў Мечыслава Іванавіча складаецца ўражаньне, што ў красавіку 1995‑га ён нібыта быў на баку дэпутатаў БНФ і выступаў супраць прапанаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць ВС. Але дэпутаты БНФ яго, як ён кажа, «кінулі». Насамрэч, спікер М. Грыб не рабіў нічога, каб заблякаваць рэфэрэндум Лукашэнкі.

Нагадаю, што дыскусія ішла некалькі дзён, дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі дзесяткі разоў і з трыбуны, і ад мікрафонаў, праводзілі кулюарныя перамовы, але менавіта ў тым ліку і таму, што ад спікера М. Грыба не было ніякай падтрымкі, да 11 красавіка 1995 г. мы вычарпалі ўсе магчымасьці «парлямэнцкім» чынам ўплываць на сытуацыю. Заставалася галадоўка. Факт, што толькі пасьля абвяшчэньня намі галадоўкі пытаньні, вынесеныя Лукашэнкам на рэфэрэндум, пачалі не набіраць належнай колькасьці галасоў дэпутатаў і «правальвацца».

Аднак 12 красавіка, пасьля начнога зьбіцьця дэпутатаў БНФ, М. Грыб вёў сэсію цалкам у рэчышчы інтарэсаў Лукашэнкі, хаця раніцай, калі зьбітыя дэпутаты прыйшлі да яго ў кабінэт, быў настроены нібыта рашуча. Я разумею, якія спосабы ўзьдзеяньня маглі прымяніць да М. Грыба ці яго родных людзі з атачэньня Лукашэнкі — але ня варта ў сваіх дзеяньнях (дакладней, адсутнасьці дзеяньняў) абвінавачваць тых, хто ў сваім супрацьстаяньні Лукашэнку быў пасьлядоўным.

Чацьвертае. Абсалютна незразумела, чаму ў сярэдзіне 1995 года Грыб аддаў будынак Вярхоўнага Савета па вул. Карла Маркса кіраўніцтву справамі прэзыдэнта (будынак — скажу ўжо адкрытым тэкстам — у выпадку моцнай пазыцыі кіраўніцтва ВС, можна было пераўтварыць у крэпасьць, што, наколькі мне вядома, цяпер і зроблена Лукашэнкам). Але, як памятаю, і аўтамабіль (‑лі), і ахова, і ўрадавая сувязь былі ў спікера ВС Грыба ўвесь 1995 год. І галоўнае — да пэўнага моманту заставалася магчымасьць апэляваць да народа. Аднак гэтага Мечыслаў Іванавіч Грыб не зрабіў.

Але па‑пятае, хацеў бы ўсё ж аддаць належнае Мечыславу Іванавічу за паводзіны пад час першых прэзыдэнцкіх выбараў летам 1994 года. Тады Грыб заняў канструктыўную пазыцыю, зразумеўшы, якая небясьпека ўзьнікае з прыходам Лукашэнкі.

Яшчэ не надышоў час казаць пра ўсе акалічнасьці, але калі б такі ж канструктывізм выявіў і Вячаслаў Францавіч Кебіч, Лукашэнка ў выніку выбараў 1994 года прэзыдэнтам бы ня быў.

Сяргей Навумчык, каардынатар Апазыцыі БНФ у ВС 12 скліканьня.

 Галадоўка дэпутатаў ад апазіцыі ў Вярхоўным Савеце 11 красавіка 1995 г., злева направа: на прэзідэнцкім месцыпад бел-чырвона-белым сцягам - Аляксандр Лукашэнка, перад прэзідыумам - Зянон Пазняк, Лявонці Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук, Сяргей Папкоў, у прэзідыюме сядзяць - Мечыслаў Грыб, віцэ-спікерІван Бамбіза,далей - Алег Трусаў, Cяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Аляксандр Шут, Пётра Садоўскі, Валянцін Голубеў, Віталь Малашка, Юрась Беленькі, zianonpazniak.de.

Галадоўка дэпутатаў ад апазіцыі ў Вярхоўным Савеце 11 красавіка 1995 г., злева направа: на прэзідэнцкім месцы
пад бел-чырвона-белым сцягам - Аляксандр Лукашэнка, перад прэзідыумам - Зянон Пазняк, Лявонці Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук, Сяргей Папкоў, у прэзідыюме сядзяць - Мечыслаў Грыб, віцэ-спікер
Іван Бамбіза,далей - Алег Трусаў, Cяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Аляксандр Шут, Пётра Садоўскі, Валянцін Голубеў, Віталь Малашка, Юрась Беленькі, zianonpazniak.de.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0