Атмасферны ціск у Беларусі пачне інтэнсіўна расці ў нядзелю, 25 красавіка. Пад уплывам антыцыклону, што перамяшчаецца з Заходняй Еўропы, надвор’е пачне паляпшацца, паведамілагалоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

Рэзкае пахаладанне з 22 красавіка абумоўлена паступленнем паветраных мас з Паўночнай Атлантыкі. Сярэднясутачная тэмпература за мінулыя суткі панізілася да 3‑6 градусаў цяпла, прайшлі дажджы, месцамі снег. Дарэчы, снег у трэцяй дэкадзе красавіка ў паўночных раёнах Беларусі адзначаецца прыкладна раз у пяць гадоў, на поўдні — раз у 13‑15 гадоў.

У найбліжэйшыя суткі халоднае надвор’е яшчэ захаваецца.

Атмасферныя франты з Балтыйскага мора прынясуць дажджы гэтай ноччу ў асноўным у паўночна‑заходнія раёны, а днём на большую частку тэрыторыі краіны. Магчымы і мокры снег. Падзьме парывісты паўднёва‑заходні вецер, які ўдзень зменіцца на паўночна‑заходні, месцамі магчымы парывы да 15‑20 метраў у секунду. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 2 да плюс 4 градусаў, а заўтра днём не перавысіць 6‑12 градусаў цяпла, па поўдні будзе да 15 градусаў вышэй за нуль.

У нядзелю ў асноўным будзе без ападкаў, толькі ноччу на ўсходзе краіны пройдзе невялікі дождж з мокрым снегам. Уначы будзе яшчэ холадна: ва ўмовах малавоблачнага надвор’я слупок тэрмометра апусціцца да адзнакі мінус 5 — плюс 2 градусы.

А вось днём у нядзелю сонца прагрэе паветра да 8‑15 градусаў цяпла, у Брэсцкай вобласці будзе да плюс 17 градусаў.

26 красавіка Беларусь застанецца ва ўладзе антыцыклону, таму ападкаў не чакаецца. Раніцай у нізінах магчымы туман. Уначы таксама будзе холадна — ад мінус 5 градусаў па ўсходзе да плюс 4 градусаў па паўднёвым захадзе Беларусі. А днём у панядзелак паветра прагрэецца да 11‑18 градусаў цяпла, у Брэсцкай вобласці — да 20 градусаў.

27 красавіка ноччу будзе ўжо ад 1 да 8 градусаў цяпла, днём — плюс 9‑16 градусаў, на паўднёвым усходзе паветра прагрэецца да 20 градусаў.

У цэлым да сярэдзіны наступнага тыдня надвор’е можна будзе ахарактарызаваць як няўстойлівае: месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?