Адольф Гітлер і ягоная радзіма.

Перыядычна цень нацысцкага фюрэра нагадвае пра сябе на яго гістарычнай радзіме — Аўстрыі. То ўскрыецца «карычневае» мінулае вядомага палітыка, то новае пакаленне аўстрыйскіх нацы набярэ большасць на чарговых выбарах. У чым сакрэт такой жывучасці? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць, чым з’яўляецца Аўстрыя.

Калі Германію называюць «спозненай нацыяй», то Аўстрыю — «спозненай у квадраце».
На працягу стагоддзяў Аўстрыя была толькі адным, і не самым значным, уладаннем Габсбургаў, якія валодалі і Іспаніяй, і Партугаліяй разам з усімі іх калоніямі. У склад Габсбургскай імперыі магла трапіць і Беларусь. Праз дынастычныя шлюбы Габсбургі сталі сваякамі Ягелонаў, што, дарэчы, дапамагло ім заняць троны Чэхіі і Венгрыі, якія першапачаткова займалі нашчадкі Альгерда. Нездарма доктар Ф.Скарына пачынаў сваю дзейнасць у Празе Чэшскай. Пасля смерці Сцяпана Батуры ў 1586 годзе Габсбургі рэальна прэтэндавалі і на карону Рэчы Паспалітай, і толькі з невялікай перавагай перамагла шведская дынастыя Вазаў.

Чым жа была імперыя Габсбургаў?

Іван Франко называў яе «турмой народаў», але У. Ленін, які пазычыў ва ўкраінскага класіка гэтае найменне для Расіі, пісаў, што становішча народаў Аўстрыйскай імперыі лепшае, чым у расійскіх іншародцаў, бо там няма ні мяжы аселасці, ні ганенняў на нацыянальныя школы. Розніцу паміж аўстрыйскім і расійскім дэспатызмам можна бачыць і на прыкладзе лёсаў украінскіх класікаў. Тарас Шаўчэнка за напісанне крамольных твораў і ўдзел у нелегальным гуртку быў здадзены ў салдаты з забаронай пісаць і маляваць. Іван Франко за тое самае адседзеў некалькі гадоў, якія патраціў на вывучэнне марксісцкай літаратуры. Для большасці аўстрыйская манархія асацыюецца з часамі імператара Франца-Іосіфа, якія сатырычна паказаў Яраслаў Гашак, але трэба адзначыць, што да самога Гашака і яго кпінаў, у тым ліку з каранаваных асобаў, аўстрыйскія ўлады ставіліся досыць ліберальна.

Як вядома, у Кракаве (а гэта на той час таксама была Аўстра-Венгрыя) знаходзілі прытулак або друкавалі свае творы Францішак Багушэвіч, Францішак Аляхновіч, Цётка. Такім чынам, Франц-Іосіф ускосна спрычыніўся і да нашага адраджэння. Прывядзем і такі факт: на афармленне замежнага пашпарту ў імперыі патрабаваліся адны суткі. Нядзіўна, што часы імператара і караля ўспаміналіся з настальгіяй нашчадкамі яго падданых у сацыялістычным лагеры. Аб жывучасці габсбургскага міфу сведчаць такія факты, як праект помніка Францу-Іосіфу ў Львове, кананізацыя яго пляменніка Карла, рух чэшскіх манархістаў. Зразумела, не ўсё было ідылічна. Імперыю скаланалі нацыянальныя супярэчнасці. Чэхі ненавідзелі немцаў, украінцы — палякаў, венгры — румынаў. Аўстра-венгерскі кампраміс 1867 году, паводле якога Вена прызнала венгерскую дзяржаўнасць і самастойнасць Будапешта ва ўнутраных справах, спарадзіў такія ж надзеі ў чэхаў, якія лічылі свае правы на дзяржаўнасць не менш старажытнымі. Але Франц-Іосіф адмовіўся нават каранавацца чэшскай каронай. Чэшская літаратура адпомсціла яму злой карыкатурай у «Швейку». З аналагічнымі прэтэнзіямі выступалі палякі ў Галіцыі і харваты, але стары імператар больш за ўсё баяўся парушыць статус-кво, што, зразумела, не дадавала яму любові падданых. У такіх умовах рос будучы фюрэр Трэцяга рэйху. Адольф Гітлер, сын мытніка з Лінца (Верхняя Аўстрыя), постаць шмат у чым тыпова аўстрыйская, сфармаваная позняй Аўстра-Венгрыяй. Прозвішча яго не нямецкае, а хутчэй за ўсё чэшскае «Гіслар», Гісларчык». Як і Франц Кафка, Гітлер пакутаваў у дзяцінстве ад бацькавага дэспатызму і ярка апісаў яго ў аўтабіяграфіі. Як і мільёны школьнікаў па ўсёй імперыі, яго прымушалі вучыць гісторыю дому Габсбургаў на ўроках кшталту тых, якія вёў падпаручык Дуб з «Прыгодаў бравага салдата Швейка», па якой у будучага фюрэра заўсёды былі нездавальняючыя адзнакі. Стаўшы фюрэрам, ён адпомсціць дынастыі за свае школьныя пакуты і абвесціць Габсбургаў «жыдамі». Жадаючы весці свой радавод ад рымскіх цэзараў, яны былі не арыгінальныя: на гэта ж прэтэндавалі і літоўскія князі, і маскоўскія цары, аўстрыйскія імператары звязвалі сваё паходжанне з італьянскім родам Калона. Як высветлілася пазней, Калона мелі габрэйскія карані.

Гітлераўскі светапогляд склаўся ў Вене. Менавіта тут, у сталіцы імперыі, дзе сустракаліся германскія, славянскія, раманскія, габрэйскія, венгерскія пачаткі, нямецкі шавінізм займеў найбольш агрэсіўную, расісцкую афарбоўку. Мясцовыя немцы (паняцця «аўстрыйская нацыянальнасць» тады не існавала) лічылі, што манархія робіць празмерныя саступкі славянам, габрэям і тым прыніжае нашчадкаў тэўтонаў. Выйсце бачылася ў аб’яднанні з паўночным рэйхам, у пангерманізме.
Нацыянальная мешаніна спараджала комплекс чысціні нямецкай крыві і самыя дзікія расавыя тэорыі. Так, лідэр пангерманістаў Шонэрэр адкрыта заклікаў да забойства габрэяў і надаў антысемітызму расавы, а не рэлігійны характар, што вельмі цаніў Гітлер. Другім ідэолагам пангерманізму быў Ёрг фон Ланц. Згодна з тэорыямі Ланца, гісторыя ёсць барацьба паміж нардычнымі людзьмі і недачалавекамі: міжземнаморскай расай, неграмі і мангалоідамі, да якіх ён далучаў і славян. Ланц стаў выкарыстоўваць свастыку і прадказваў аўстрыйскім немцам выключную ролю ў расавай барацьбе. З такім ідэйным багажом малады Адольф Гітлер перасяліўся з Вены ў Мюнхен. У Германіі яго ўспрымалі як іншаземца. Быў распаўсюджаны жарт: «Што такое Гітлер? Помста Аўстрыі за Садовую». Садовая — вуліца ў Празе, дзе аўстрыйскія войскі пацярпелі паразу ад прусакаў, у выніку чаго Аўстрыя страціла свой уплыў у Германіі. Гітлер позна атрымаў нямецкае грамадзянства, і на першых этапах яго палітычнай дзейнасці неаднаразова абмяркоўвалася магчымасць выслаць амбітнага аўстрыйца на радзіму. С
таўшы нарэшце фюрэрам і рэйхсканцлерам, Гітлер пачынае працаваць над далучэннем Аўстрыі да рэйху — аншлюсам. Аншлюс не быў арыгінальнай гітлераўскай ідэяй. Аўстрыя хваравіта перажывала страту імперскага статусу. Канец імперыі азначаў крах шэрагу банкаў і ўстановаў, якія працавалі на імперскія патрэбы і — як вынік — беспрацоўе для тысяч людзей.
Межы новай рэспублікі ўрэзалі — туды не ўвайшлі Судэты і частка Тыроля. «Аўстрыя — тое, што засталося», — сказаў Клемансо. У краіне ішла жорсткая барацьба паміж правымі і левымі.

Аўстрыйская рэспубліка лічылася нежыццяздольнай дзяржавай. Выйсце бачылася або ў аднаўленні імперыі, або ў аншлюсе. Прыцягальным увасабленнем апошняга падаваўся лёс самога Гітлера: у Вене быў нікім, у Берліне стаў фюрэрам. Аўстрыйскія праціўнікі нацыстаў не змаглі супрацьстаяць аншлюсу, бо яны таксама ў большасці зыходзілі з таго, што аўстрыйцы з’яўляюцца немцамі. Ота Баўэр, лідэр аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў, называў «хімерай» ідэю аўстрыйскай нацыі.

У 1936 годзе ўрад аўстрыйскага канцлера К. Шушніга падпісаў дамову з Берлінам, па якой прызнаў сябе «другой нямецкай дзяржавай». У сакавіку 1938-га той жа Шушніг загадаў аўстрыйскай арміі не аказваць супраціву вермахту, матывуючы гэта тым, што трэба берагчы нямецкую кроў. Судзейнічанне інтэграцыі сваёй краіны ў рэйх не выратавала Шушніга ад канцлагеру. Нацысцкі перыяд стаў вызначальным у фармаванні аўстрыйскай нацыі.
Шмат хто з аўстрыйцаў удзельнічаў у нацысцкіх злачынствах. Дастаткова ўспомніць такія імёны, як Скарцэні, Кальтэрбрунар, Вальдхайм. З другога боку, імкненне аддзяліць сябе ад нацызму спарадзіла адчужанасць ад немцаў. Ужо ў 1943 годзе будучы прэзідэнт Аўстрыйскай рэспублікі Адольф Шэрф заявіў: «Аншлюс мёртвы. Любоў да германскага рэйху з аўстрыйцаў выбітая». Гэта знайшло сваё ўвасабленне ў дэкларацыях саюзнікаў аб Аўстрыі як першай ахвяры Гітлера, што і стала адным з самых галоўных міфаў новай нацыі.
Аўстрыя прызвычаілася да ролі маленькай нейтральнай дзяржавы, і большасць яе грамадзянаў стала лічыць сябе ўжо не немцамі, а аўстрыйцамі. Нават аўстрыйская партыя свабоды, якую называюць пераемніцай гітлераўскай НСДПА, паступова адмовілася ад ідэі тоеснасці з Германіяй, узяўшы асноўны лозунг «Аўстрыя перш за ўсё». Такім чынам, сам таго не жадаючы, Гітлер стаў галоўным фактарам фармавання новай нацыі. У гэтым сэнсе з ім сапраўды звязана не толькі дрэннае.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?