Або нашто нам крутыя мабілкі? Піша Руслан Равяка.

Культ рэчаў валадарыць Беларусяй. Шкодныя звычкі сярэднявечных магнатаў ды азіяцкіх шагаў дасюль не пакідаюць нас. Савецкі рэжым, хаця і сьцьвярджаў адваротнае, замацаваў у нас гэтыя прынцыпы. Ня важна, колькі ты зарабляеш, галоўнае, як ты выглядаеш.

Некалі, у 1996 годзе, калі сярэдні заробак сягаў 50 даляраў, знаёмая галяндка, што пісала дыплёмную працу ў Баранавічах пра суіснаваньне хрысьціянскіх канфэсіяў, распавяла, што найбольш уразіла яе тут. Найперш гасьціннасьць, калі на стол гасьцям (асабліва замежным) выкладаецца ўсё, што ёсьць у хаце; уменьне 95 працэнтаў жыхароў садзіць і капаць бульбу; а таксама аўтамабілі…

– Вы ўвесь час стогнеце, што бедныя, што ў вас малыя заробкі… але на якіх шыкоўных аўто вы езьдзіце?

Я тады змаўчаў, што ў гэтыя дарагія самаходы нават заможныя ўладальнікі лілі танны бэнзін, калі не дармавое калгаснае/вайсковае дызпаліва. У лепшым разе 92-гі перамешваўся з 76-м напалову.

Гэткая паказуха трывае і дасюль. Хто жыў на Захадзе больш-менш доўга, ведае: рэчы мусяць быць прыдатныя табе, а не людзям. Большасьць палякаў і цяпер пры добрых заробках не сьпяшаюцца мяняць свае старыя мабілкі зь зялёнымі манахромнымі дысплэямі. Калі тыя, зразумела, працуюць. У нас жа сотавыя сталіся такой самай рэччу, што вызначае ступень тваёй заможнасьці. Як некалі першыя відэамагнітафоны.

Крутыя мабілкі з FM-прымачамі, лічбавымі камэрамі ды нават падлікоўцамі крытычных жаночых дзён уражваюць сваёй крутасьцю. Але шмат хто з гаспадароў таго тэлефона ледзь-ледзь падтрымліваюць станоўчы балянс, па некалькі разоў даведваючыся пра стан свайго рахунку.

Тое самае датычыць і вопраткі, і ежы, і мэбляў у кватэры… Шмат чаго. Паказуха. У Расеі, кажуць, дайшло да таго, што модна і шыкоўна нават зьбіраць кардонкі-візытоўкі ўрадоўцаў і выбітных асобаў. Некалі гэтым грашылі магнаты і шляхта. Бальшавікі, раўняючы ўсіх, прывялі да таго, што тая загана распаўсюдзілася на ўсё грамадзтва. Нястача простых і патрэбных рэчаў прынесла гэткія наступствы.

У Баранавічах дасюль старыя людзі вам раскажуць байку, як у 1940 годзе, па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР, дочкі прыежджых камуністаў (іншых не дапускалі на ўзьяднаныя землі) прыйшлі ў школу на выпускную вечарыну ў начных кашулях з вышыванкамі. Тутэйшыя дзяўчаты жагналіся, мясцовыя хлопцы сьмяяліся. Усходнікі думалі, што гэта сукенкі для балю.

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0