Адметнасьцю сёлетнага міжнароднага тэатральнага фэстывалю «Белая Вежа» зьяўляецца адсутнасьць спэктакляў на беларускай мове.

Запрошаныя сёлета ў Берасьце пераважна расейскамоўныя тэатральныя калектывы. Апроч расейскамоўных твораў, у конкурснай праграме драматычныя тэатры пакажуць спэктаклі на польскай, славацкай, пэрсыдзкай, турэцкай мовах.

Міністэрства культуры Беларусі ўжо некалькі гадоў запар не знаходзіць сродкаў на правядзеньне фэстывалю. Сёлета ў фінансаваньні ўдзельнічае Пастаянны камітэт «Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі».

Адпаведны й дэвіз, пад якім адбываецца фэстываль.

Вядомы беларускі драматург Сяргей Кавалёў:

Кавалёў: Фэстываль праходзіць пад дэвізам "Расейская культура ў краінах былога СССР". Гэты фэстываль прысьвечаны расейскай культуры. Можа таму й няма спэктакляў на беларускай мове. Хаця расейская клясыка ёсьць і па-беларуску. Фэстываль «Белая Вежа» самы буйны, але ёсьць яшчэ фэстывалі. У Магілёве моладзевы міжнародны фэстываль - сёлета адбудзецца другі раз. Фэстываль у Гомелі называецца "Славянскія сустрэчы". А ў канцы верасьня ў Маладэчне будзе міжнародны фэстываль монаспэктакляў. У Польшчы ў кожным горадзе ёсьць свой фэстываль, а ў некаторых па некалькі. У Любліне - два фэстывалі. На «Белую Вежу» трапляе больш клясыка, экспэрымэнты рэжысэрскія. Праблема мовы відавочная і для тэатраў, і для драматургаў. Усё менш драматургаў піша па-беларуску. Зараз арганізуюцца чытаньні беларускай драматургіі ў Любліне пры фэстывалі «Канфрантацыя». Арганізатары мелі клопат. А ў зборніку беларускай сучаснай драматургіі, які выходзіць у Варшаве, усе тэксты - пераклады з расейскай. Відавочная тэндэнцыя пераходу на расейскую мову. Гэтага не было яшчэ гадоў 10 назад, было, напэўна, пароўну.

У 11 Міжнародным фэстывалі „Белая Вежа» прымае ўдзел 21 дзяржава. Апроч суседніх краінаў, Бэльгія, Германія, Турцыя, Ізраіль, Іран, Паўднёвая Карэя. Будзе прадстаўлены нават сумесны аргентынска-балівійскі праект. За тыдзень плянуецца паказаць 25 драматычных і 24 лялечныя спэктаклі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?