Былы кіраўнік Панамы 72‑гадовы Мануэль Антоніё Нар’ега быў у панядзелак экстрадаваны з ЗША ў Францыю

Нар’ега, які прыйшоў да ўлады ў 1983 годзе, спачатку лічыўся саюзнікам ЗША, але да канца 1980‑х ператварыў сваю невялікую краіну ў перавалачны пункт для калумбійскага какаіну.

У снежні 1989 у ходзе спецаперацыі ён быў арыштаваны ў Панаме амерыканскімі вайскоўцамі, вывезены ў ЗША і праз тры гады асуджаны ў Фларыдзе да 30 гадоў зняволення за ўдзел у наркагандлі.

Два гады таму Нар’ега быў датэрмінова вызвалены, але застаўся ў турме ў чаканні экстрадыцыі ў Францыю, дзе яго ў 1999 годзе завочна прысудзілі да 10 гадоў і грашовага штрафу за гандаль наркотыкамі і адмыванне грошай праз парыжскія банкі.

Федэральны суд Маямі прыняў рашэнне аб экстрадыцыі Нар’егі ў Францыю яшчэ 28 жніўня 2007 года, але яго адвакаты настойвалі на тым, што іх падабаронны, якому неўзабаве пасля вынясення прысуду быў дадзены ў ЗША статус ваеннапалоннага, не падлягае выдачы трэцім краінам і павінен быць адпраўлены ў Панаму.

Зрэшты, і гэта не палегчыла б лёс экс‑дыктатара, бо ў 1995 годзе Панамскі суд завочна прызнаў яго вінаватым ў палітычных забойствах і прысудзіў да 20 гадоў турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?