Андрэй Дынько адказвае Уладзіміру Коласу.

Дапусцім, у 2011 годзе Масква падтрымае не свайго даўняга кліента Аляксандра Лукашэнку, а «адзінага кандыдата ад апазіцыі, вызначанага Радай беларускай інтэлігенцыі». Несумненна, абодва гэтыя праціўнікі будуць выступаць за пабудову незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі. Якім тады будзе твой выбар, чытач?

І хай такі сцэнар гучыць трохі фантастычна, ён можа аказацца не такім далёкім ад праўды. Падзеі ў Кіргізіі былі званочкам. У 2011 годзе Беларусь чакаюць трохі іншыя выбары, чым усе тыя, да якіх мы звыклі за мінулае дзесяцігоддзе. Не, не ў сэнсе дэмакратычнасці. За падлікам галасоў, як паказалі мясцовыя выбары, ніхто сачыць не дазволіць. Аднак кандыдаты ад апазіцыі будуць мець вельмі розныя матывацыі і планы дзеяння. І кандыдатам трэба быць гатовымі, што ацэньваць іх будуць з той жа мерай цынізму, з якой яны будуць дзейнічаць.

Калісьці досыць было выступаць супраць Лукашэнкі і за незалежнасць, каб народ цябе падтрымліваў, і гэта была мудрая падтрымка. Аднак Лукашэнка даўно перайшоў на незалежніцкія пазіцыі, і ягоныя апаненты стаяць перад патрэбай пераацэнкі прыярытэтаў. Што на сёння самае эфектыўнае ў справе нацыябудавання, якое застаецца галоўнай задачай незалежнага грамадства? І якая тактыка здольная найхутчэй наблізіць беларускае грамадства да дэмакратычных вартасцяў?

Гэта былі мае агульныя заўвагі, а цяпер да канкрэтнага пытання працэдуры вызначэння кандыдата на выбары і, шырэй, лідэра апазіцыі на наступныя гады.

Уладзімір Колас гаворыць прыгожыя словы пра «адказнасць перад Народам, Краінай, перад сваім сумленнем. Калі будуць адкінутыя ўсе кан’юнктурныя, амбіцыйныя ці карысныя матывы».

Аднак

сцэнар, што прапануе Колас, нешта нагадвае. А менавіта 2001 год. Тады кучка бяздарных наменклатурных работнікаў, няздольных нават сабраць 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку, таксама вызначыла адзінага кандыдата шляхам круглага стала, а, калі называць рэчы сваімі імёнамі, метадам кулуарных камбінацый. Той «адзіны кандыдат» пырхнуў з краіны на сінэкуру ў Маскве назаўтра пасля выбараў.

Словы і тады гучалі харошыя. Толькі ніякай адказнасцю і не пахла.

Рымэйк 2001 года — найгоршае, што можа выбраць дэмакратычная апазіцыя
ў сітуацыі, калі яе ідэі не толькі жывуць, але і перамагаюць. А яны перамагаюць адна за адной — і незалежнасць, і рынак, і еўрапейскі вектар; лукашэнкаўцы і хапаюцца за ідэі апазіцыі.

Ці не сам Колас, які цяпер цягне на сябе тогу арбітра, у 2006 годзе, калі адзіным кандыдатам аказаўся не ён сам, палец аб палец не ўдарыў у той поўнай ахвяраў кампаніі? Было б добра, каб ён патлумачыў, якое прасвятленне прывяло яго да ўсведамлення патрэбы «кансалідацыі намаганняў» цяпер. Палітыку фальш даруюць. Дысідэнту, як і маральнаму аўтарытэту, — з цяжкасцю.

Ідэя, каб лідэра апазіцыі вызначылі маральныя аўтарытэты, па-свойму светлая
ў сітуацыі, калі апазіцыя загнаная ў паўпадполле. Толькі ў такім выпадку старшынёй рады аўтарытэтаў не павінен быць удзельнік палітычнага працэсу. А сама Рада аўтарытэтаў не павінна фармавацца пераважна з прыхільнікаў пэўнай палітычнай групоўкі (прынамсі, тры з Коласавага спісу самі былі няўдалымі прэзідэнцкімі кандыдатамі). І няма чаго прыкрывацца імёнамі выдатных людзей, якія і не падазраюць, што іх выкарыстоўваюць у якасці шырмы для дасягнення вузкагрупавых інтарэсаў.

Зрэшты, ідэал заўжды недасяжны.

Мы ж маем канкрэтную сітуацыю, калі лідэры асноўных груповак апазіцыі не маюць унутранай матывацыі да вылучэння адзінага кандыдата. Вось не маюць, і ўсё. Можа быць, у такой сітуацыі варта дазволіць ім напачатку паказаць, на што яны здольныя паасобку?
Прынамсі, у такой сітуацыі непрыстойна размахваць плакатам з надпісам «інтэлігенцыя», каб даказаць, што менавіта твая групоўка мае рацыю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0