Расійскае Федэральнае архіўнае агенцтва (Росархіў) у сераду ўпершыню апублікавала ўзоры арыгіналаў дакументаў, якія датычаць Катынскай трагедыі. Такім чынам Расія дэманструе абсалютную адкрытасць у пытанні аб расстрэле польскіх вайскоўцаў у 1940 годзе ў СССР, заявіў кіраўнік Росархіва Андрэй Артызаў.

Нагадаем, у СССР так званы катынскі архіў дзесяцігоддзямі захоўваўся ў таямніцы як найвышэйшы дзяржсакрэт. Сёння, як перадае ІТАР‑ТАСС, ён быў размешчаны ў інтэрнэце паводле рашэння прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева.

«Мы, расійскі бок, дэманструем абсалютную адкрытасць у аповедзе пра тое, што адбылося ў Катыні, што адбылося ў іншых месцах з польскімі ваеннапалоннымі, апублікаваныя ўсе асноўныя дакументы аб гэтай падзеі», — прыводзіць «Інтэрфакс» словы Артызава з афіцыйнага сайта Росархіва.

У сувязі з гэтым, па яго словах, «прынятае рашэнне аб размяшчэнні на афіцыйным сайце Федэральнага архіўнага агенцтва электронных вобразаў арыгіналаў дакументаў аб Катыні, якія захоўваюцца ў нас у Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна‑палітычнай гісторыі».

«Я яшчэ раз хачу сказаць, што электронныя вобразы нідзе на афіцыйных сайтах нашых урадавых органаў не размяшчаліся, і размяшчэнне на нашым афіцыйным сайце — першае», — заявіў Артызаў.

Ён таксама адзначыў, што гэта былі дакументы асаблівай важнасці, звышсакрэтныя, і доступ да іх мелі адзінкі.

«Гэта знакамітыя дакументы з пакета нумар 1, пакета, які дзесяцігоддзямі захоўваўся ў закрытым архіве Палітбюро ЦК КПСС на правах асаблівай важнасці, і ўскрываць гэты пакет мелі права толькі генеральны сакратар і кіраўнік канцылярыі апарата ЦК або загадчык агульнага аддзела ў прысутнасці генеральнага сакратара. Больш ніхто доступу да гэтага пакету не меў», — сказаў кіраўнік Росархіва.

Ён нагадаў, што пакет нумар 1 быў перададзены апошнім генеральны сакратаром ЦК КПСС першаму прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну. Пакет быў ускрыты ў верасні 1992 году камісіяй па азнаямленні з дакументамі Архіва прэзідэнта РФ. «Там была знойдзеная запіска народнага камісара ўнутраных справаў Берыі ад сакавіка 1940 з прапановамі аб расстрэле і ліквідацыі ваеннапалонных польскіх афіцэраў».

З запіскі Берыі «вынікае, што ў лагерах для ваеннапалонных агулам утрымліваюцца, не лічачы салдат і унтэр‑афіцэрскага саставу (затым адпушчаны па дамах), 14 тысяч 736 былых афіцэраў, чыноўнікаў, памешчыкаў, паліцыянтаў, жандараў, турэмшчыкаў, асаднікаў, разведчыкаў, па нацыянальнасці звыш 97% — палякі», паведаміў Артызаў. Далей, як вынікае з запіскі, прапануецца правесці разгляд справаў без выкліку арыштаваных і без прад’яўлення абвінавачання.

Ён адзначыў, што «на гэтай запісцы ёсць сапраўдныя рэзалюцыі Сталіна і шэрагу іншых чальцоў Палітбюро, то бок Варашылава, Молатава, Мікаяна». Тамсама знаходзіцца тэкст пастановы Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 году, дзе выказваецца згода з прапановамі Берыі аб расстрэле польскіх афіцэраў «, — паведаміў Артызаў.

«Насупраць гэтай прапановы НКУС алоўкам адзначана, што гэтае пытанне вынесенае ў асобную папку і прынятая адпаведная пастанова Палітбюро па дадзеным пытанні», — паведаміў Артызаў. Па яго словах, у пакеце захоўваецца рукапісная запіска, датаваная 1959 годам, дзе тагачасны кіраўнік КДБ Аляксандр Шалепін інфармуе кіраўніцтва кампартыі аб знішчэнні справаў на расстраляных польскіх афіцэраў.

Артызаў паведаміў, што ў кастрычніку 1990 году па даручэнні Барыса Ельцына копіі дакументаў былі перададзеныя прэзідэнту Польшчы Леху Валенсе і былі апублікаваныя ў Польшчы. Кіраўнік Росархіва заявіў, што савецкія лідэры, якія ўзначалілі краіну пасля Сталіна, ведалі пра Катынскае злачынства. «На канверце, дарэчы, ёсць запісы, якія гавораць аб тым, што такія дакументы перыядычна ўскрывалі кіраўнікі партыі, знаёміліся з імі, а потым запячатвалі і клалі ў архіў да лепшых часоў», — сказаў Артызаў.

Ён таксама нагадаў, што Катынь «з’яўляецца трагічным месцам не толькі для палякаў, але і для нас, расійскіх, былых савецкіх грамадзян». Па словах кіраўніка архіўнага ведамства, «у катынскіх равах ляжыць каля 10 тысяч расстраляных прадстаўнікоў партыйнай, савецкай, гаспадарчай, як тады прынята было выказвацца, наменклатуры, то бок савецкіх грамадзян, ды і проста звычайных савецкіх грамадзян». Гэтыя людзі, удакладніў ён, «былі расстраляныя ў 1936‑м, 1937‑м, 1938‑м годзе ў гэтым месцы, а потым ужо па той жа тэхналогіі», па той жа методыцы такое злачынства было здзейсненае ў дачыненні да польскіх ваеннапалонных».

Андрэй Артызаў адхіліў версію пра тое, што польскіх вайскоўцаў у Катыні і шэрагу іншых месцаў Савецкага Саюза маглі расстраляць нямецкія акупанты. Па яго словах, яшчэ ёсць людзі, якія падвяргаюць сумневу дакументы, «звязаныя з катынскім злачынствам, кажуць, што гэта фальшыўка, кажуць, што такія дакументы зробленыя на замову, і ніякага расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні не было, а расстрэльвалі немцы», перадае РІА «Навіны».

«Трэба мець на ўвазе, што расстрэлы ў адпаведнасці з пастановай Палітбюро ад 5 сакавіка 1940 г. праводзіліся ў трох месцах. Пад Харкавам, Пяціхатка, у Катыні пад Смаленскам і ў Медным, тады Калінінскай, цяпер Цвярской губерні», — сказаў ён.

«І калі нам кажуць пра тое, што гэта фальшыўкі, то калі ў Катыні і Пяціхатцы немцы былі і, напрыклад, у Катыні сапраўды ёсць сведчанні, што ў 1941 годзе немцы праводзілі расстрэлы, значыць, сапраўды нейкі нямецкі след можна знайсці, то што ж рабіць нам з Медным, дзе ніколі не было нямецкіх акупантаў, тэрыторыя заўсёды была савецкай», — паведаміў кіраўнік Росархіва.

«І асноўны аб’ём расстраляных польскіх афіцэраў і генералаў падае якраз на гэтае месца — Меднае. Там расстралялі найбольш палякаў у адпаведнасці з гэтымі рашэннямі», — сказаў Артызаў.

РФ і Польшча павінны разам высветліць ісціну аб масавых расстрэлах польскіх ваеннапалонных

Кіраўнік Росархіва заявіў, што неабходная сумесная праца расійскіх і польскіх экспертаў па вывярэнні спісаў расстраляных польскіх і савецкіх грамадзян у Катыні і іншых месцах, дзе ёсць масавыя пахаванні. Па яго словах, у спісе ахвяраў маглі апынуцца і тыя, хто нейкім цудам выжыў у гэтай мясарубцы, зладжанай сталінскім рэжымам.

«І таму, — лічыць ён, — спецыялістам Расіі і Польшчы трэба сумесна выверыць дакументы, каб высветліць ісціну да апошняга прозвішча».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0