У Мінску прайшла прэзентацыя новага альбома гродзенскага барда «Шчаслівая сямёрка».

 На канцэрт у Мінск Шалкевіч прывёз акардэаніста Барыса Фадзіна і скрыпача Вячаслава Панька.

На канцэрт у Мінск Шалкевіч прывёз акардэаніста Барыса Фадзіна і скрыпача Вячаслава Панька.

Зала Палаца культуры ветэранаў у Мінску, у якой увечары 28 красавіка прэзентаваў свой новы альбом гродзенскі бард і актор Віктар Шалкевіч, здаецца, ідэальна пасуе да такіх мерапрыемстваў. Невялікая, досыць утульная. Але з першых акордаў «Такой доўгай зімы» пачало з’яўляцца навязлівае адчуванне таго, што чагосьці ў інтэр’еры бракуе, штосьці тут настойліва патрабуе перастаноўкі. І неўзабаве здагадка прыйшла ў выглядзе кіношнага вобразу: зала глядзелася б яшчэ больш арганічна, калі б з яе прыбраць шэрагі крэслаў і замест іх паставіць столікі. Уражанне гэтае падмацоўваў акампанемент запрошаных на канцэрт акардэаніста Барыса Фадзіна і скрыпача Вячаслава Панька. Ды гэта зусім не азначае, што Шалкевіча можна слухаць у якасці рэстараннага фону. Акурат такі ягоныя песні і прадмовы да іх наўрадці далі б камусьці засумаваць ды адцягнуць увагу на іншае.

Прэзентуючы мінчукам «Шчаслівую сямёрку» — новыя песні і анекдоты, як пазначана на вокладцы новага альбому — Віктар перасыпаў свае песні новымі і старымі показкамі, якія ўжо самі па сабе сталі творамі. Праанансаваўшы песню «Сакулка-Беласток», спявак распавёў пра ўласны досвед паездак у Польшчу з мэтай прадаць-купіць. Прывёў колькі красамоўных прыкладаў — «Ездзілі мы з тэатрам, то адна мае калега там косы прадавала — стаяла абстаўленая імі, як смерць», «А аднойчы да гандляроў на беластоцкім кірмашы падышлі двое добра апранутых мужчынаў. Дзіка азіраліся на ўсё хараство тавараў. Адзін з іх быў тагачасны міністр МЗС Пятро Краўчанка».

У новых песнях ад Шалкевіча дастаецца не толькі хрыпата-пазнавальнаму герою “Балады пра “Славянскі базар”, але і дэмакратам ды змагарам з рэжымам — «Новыя хвалі радыё «Свабода», «Голуб на секвойі, галубка на пальме» (апошнюю песню, паколькі ў ёй спяваецца пра Швецыю, спявак прысвяціў прысутнаму на канцэрце шведскаму амбасадару Стэфану Эрыксану).

Ладную частку імпрэзы музыка аддаў песням-прысвячэнням беларусім гарадам — Гродна, Валожыну, Наваградку. Расказваючы пра апошні, Віктар прыгадаў пра рэстаўрацыю наваградскага замка: «А мо і не варта яго чапаць, бо яшчэ зробяць што не так?»

Дваццатай па ліку была песня з «Шчаслівай сямёркі» «Лета, якое мы зноў змарнавалі». Яна ўжо гучала ў гэты вечар і ад таго ў галаве пасялілася трывожная думка: «Ну як жа так — дэмакратаў бэсціць, а сам у камерцыю ўдарыўся, піярыць бессаромна новы альбом?!" Але не лёс быў гэтай думцы спраўдзіцца — менш чым праз паўхвіліны пасля сыходу за кулісы Віктар з музыкамі вярнуўся. Каб з фірмовай усмешкай праспяваць «Кукарачу», таксама на біс. Ча-ча-ча!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?