Сярод першамайскіх святаў савецкага перыяду найбольш адметнымі былі, бадай, два. Піша Віталь Тарас.

1 мая 1986 году ў Гомелі адбылася святочная дэманстрацыя, падчас якой тысячы людзей трапілі пад радыектыўныя ападкі. Вышэйшае партыйнае начальства СССР і БССР пра маштаб Чарнобыльскай катастофы ўжо добра ведала.

1 мая 1960 года здарыўся адзін з галоўных эпізодаў халоднай вайны. У раёне Екацерынбурга (тады Свярдлоўска) быў збіты амерыканскі самалёт U‑2.

Пісьменніца Клара Скопіна, якая была ў той час карэспандэнткай «Комсольской правды», у сваіх успамінах прыводзіць аповяд саўгаснага кіроўцы Уладзіміра Сурына. У той дзень раніцай яны разам з сябрамі сабраліся за святочным сталом. Раптым пачулі нейкі шум, падобны да сірэны, потым убачылі ў небе парашутыста. Паводле Сурына, пад’ехалі на машыне да месца яго прызямлення акурат у час: «прызямліўся парашутыст не вельмі ўдала — упаў на спіну. Мы кінуліся да яго. Думка была адна — дапамагчы (…) Сталі тушыць парашут і бачым — на ім нерускія літары. У гэты момант я заўважыў у лётчыка пісталет». Карацей кажучы, пільныя савецкія саўгаснікі здалі шпіёна ўладам.

Яго звалі Фрэнсіс Гэры Паўэрс.

У той дзень ён вылецеў з ваеннай базы ў Турцыі і пасля дазапраўкі ў Пакістане накіраваўся на базу ў Нарвегіі праз тэрыторыю СССР. Самалёт павінен быў адолець 4 тысячы міль. Гэта быў не першы палёт амерыканскіх самалётаў такога кшталту над Савецкім Саюзам з мэтай фатаграфавання ваенных аб’ектаў. Канструкцыя U‑2 была незвычайнай: яго даўгія крылы былі такога вузкага сячэння, што ён літаральна махаў імі ў палёце. Самалёт быў лёгкі, не разлічаны на вялікія грузы. Але ён выконваў палёты на вышыні да 22 тысяч метраў і быў недасягальны для савецкіх знішчальнікаў, а таксама для зенітчыкаў.

Таму Паўэрс быў абсалютна спакойны, калі ўбачыў далёка ўнізе пад сабой СУ‑9 (гэты знішчальнік лётаў на зусім нізкіх вышынях). Ён не мог ведаць, што савецкі лётчык атрымаў заданне ісці на таран, але не змог гэтага зрабіць. Але не ведаў Паўэрс і таго, што савецкая ППА ўжо мела ракеты класу «зямля‑паветра» з дакладным навядзеннем. U‑2 быў збіты першым жа стрэлам. Пілот катапультаваўся на вышыні 4,5 кіламетры. Але праблема была ў тым, што ракетчыкі не бачылі, што ракета трапіла ў цэль. Былі выпушчаны яшчэ сем ракет, і адна з іх трапіла ў МІГ — адзін з двух, якія вылецелі на перахоп амерыканскага самалёта. У выніку загінуў лётчык Сяргей Сафонаў.

Нічога з гэтага савецкая прэса, зразумела, не паведамляла. Масква маўчала пяць дзён. А 5 мая кіраўнік СССР Хрушчоў, выступаючы на сесіі Вярхоўнага Савета, нечакана, прыканцы даклада заявіў, што амерыканскі шпіён быў збіты над Савецкім Саюзам з першага стрэлу. Ракетчыкі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды. (Дарэчы. гэта быў першы ўказ, падпісаны новаабраным старшынём прэзідыюма ВС Брэжневым).

Амерыканцы адмаўляліся прызнаць факт шпіянажу — яны настойвалі на тым, што самалёт вёў метэаназіранні на мяжы з СССР і заблукаў. 16 мая ў Парыжы пачалася чатырохбаковая сустрэча з удзелам прэзідэнтаў ЗША, Францыі, прэмьер‑міністра Вялікабрытаніі і старшыні Саўміна СССР Хрушчова. Яны павінны былі вызначыць статус Берліна, якія пасля вайны заставаўся падзеленым на сектары паміж краінамі‑пераможцамі Германіі. Але Хрушчоў запатрабаваў прабачэнняў ад прэзідэнта Эйзенхаўра за палёт амерыканскага самалёта над СССР. Але той адмовіўся, настойваючы на сваім даўнім праекце «Чыстае неба», які быў павінен гарантаваць бяспеку заходніх краін і дазваляў бы падобныя палёты. Тады Хрушчоў заявіў, што далейшая дыскусія не мае сэнсу і сустрэча сарвалася. («Берлінскі крызіс» хутка ледзь не прывёў да пачатку вайны ў Еўропе, а сам Берлін быў падзелены сцяной).

Фрэнсіса Паўэрса судзілі ў Маскве ў жніўні 1960. Далі дзесяць гадоў, але пазней абмянялі на савецкага шпіёна, палкоўніка дзяржбяспекі Рудальфа Абеля (псеўданім Уільяма Фішэра), арыштаванага ў ЗША.

Гэтая гісторыя апісаная ў савецкіх кнігах і кінафільмах шмат разоў і стала свайго роду апокрыфам. Нядаўна на 1 расійскім канале выйшоў чарговы серыял на гэтую тэму. Прычына ў настальгіі па тых часах, калі Савецкі Саюз (а для многіх гэта тое самае, што і Расія) была «супердзяржавай». На пачатку 60‑х СССР дасягнуў апагея сваёй магутнасці. Ён вырабляў балістычныя ракеты, паводле выразу Хрушчова, «як сасіскі». Вось толькі сапраўдных сасісак у савецкіх крамах не хапала.

Пабочным эфектам гонкі ўзбраенняў стаў палёт Гагарына ў космас — меней, чым праз год пасля інцыдэнта з Паўэрсам. Але ні палёты ў комас, ні міжкантынентальныя ракеты «Сатана» з ядзернымі боегалоўкамі, ні супермагутная ядзерная зброя не змаглі запабегчы заняпаду савецкай імперыі. Надзеі новых дыктатараў на тое, што наўянасць у іх ядзернх матэрыялаў альбо сучасных атамных тэхналогій нададуць моцы і міжнароднага прэстыжу іх рэжымам — усяго толькі шкодная ілюзія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?