На экзамене ў медынстытуце прафесар пытаецца:
    — Чый гэта шкілет?
    — Не ведаю.
    Чаму вас пяць гадоў вучылі!
    — Ой. Няўжо Карла Маркса?!
    Народны анекдот
Паважаны прафесар Оргіш!

Прачытала Ваш артыкул «Галеча рэвалюцыйнай ідэалогіі» ў газеце «Беларусь Сегодня» за 23, 24, 25‑га красавіка 2010 і засумавала.

Прычынаю майго сумнага стану стала некаторая неадпаведнасць паміж афіцыйным і рэальным: прафесар паводле звання не можа быць настолькі пазбаўлены логікі ў развагах.

Мяне ў Вашым артыкуле, прафесар, здзівіла некалькі момантаў.

Момант першы: кранальная заклапочанасць уладаў (і Вас — з нядаўніх часоў выразніка іх інтарэсаў) «лёсам сухотнага племені абаронцаў дэмакратыі». Гэта нешта накшталт кракадзілавых слёз аднайменнай жывёліны з нагоды з’едзенага ім жа дробнага парнакапытнага.
Ну не верыцца мне, што ўлада перажывае праз слабасць канкурэнтаў. Я б на яе месцы не перажывала ні кроплі, і, паверце мне, любы палітык паступае дакладна гэтак жа. А асабліва мяне расчуліла Ваша згадка пра «вонкавых і ўнутраных куратараў» — прафесар, не судзіце па сабе. Калі ў Вас ёсць «куратар», гэта яшчэ не значыць, што ён ёсць у астатніх. Гэтак жа як калі Вы пішаце даносы на суседа — не трэба апраўдваць сябе тым, што сусед на Вас таксама «стукае». Цалкам магчыма, што ён проста больш прыстойны чалавек і гэтага не робіць.
Момант другі: ваша арыгінальная канцэпцыя «дыялогу ў беларускім грамадстве». Да вас дыялог у палітыцы быў не самамэтай, а ўсяго толькі адным з палітычных інструментаў. Дыялог дзеля дыялогу — гэта накшталт пеўня, якому курыца патрэбная, каб сагрэцца на бягу. Але курыца пеўню патрэбная для іншага, прафесар.
І Вы не горш за мяне ведаеце, што беларуская ўлада ў тым выглядзе, што ёсць цяпер, можа існаваць толькі ў фармаце маналогу. Гэта звязана з тым, што «кіроўная эліта» цалкам складаецца з людзей, якія нічога ў сваім жыцці не чыталі, — ну, можа, за выключэннем «Незвычайных прыгодаў Арбузіка і Бябешкі» Эдуарда Скобелева. Завучванне некалькіх цытат з «Капіталу» Карла Маркса таксама не дае разумення грамадскіх працэсаў, прафесар. Дыялог можна весці толькі з людзьмі, якія разбіраюцца ў пытанні і разумеюць, пра што гаворка. А як весці дыялог з папугаем, які бессэнсоўна паўтарае завучаныя фразы? Гэтыя выбары паказалі, што ўлада панічна баіцца любых сустрэч «сухотнага племені абаронцаў дэмакратыі» з выбаршчыкамі. Напрыклад, кандыдат ад улады па Клінічнай акрузе №51 Валерый Башметаў, між іншым, чалец Нацыянальнага Сходу, пры любым з’яўленні канкурэнтаў бянтэжыўся і траціў дар мовы. Гэта было настолькі відавочна, што чыноўнікам у Віцебску ўсе пляцоўкі для сустрэчаў з выбаршчыкамі давялося афармляць задняй датай на яго імя. Каб сустрэч не было. І сапраўды, Башметаў на занятых пляцоўках ні адной сустрэчы не знайшоў часу правесці — хаця б для прыстойнасці. Начальніку грамадскай бяспекі Кастрычніцкага раёну Аляксандру Каліноўскаму, кіраўніку адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Васілю Будкевічу і начальніку аддзела ідэалагічнай працы Івану Матвееву трэба было б разбіць намётавы лагер на тэрыторыі маёй выбарчай акругі — яны там былі і днём і ноччу. Калі мы такія слабыя і не папулярныя, то чаму ў «кіроўнай эліты» пачынаецца нервовы цік ад адной пагрозы нашага з’яўлення?
Момант трэці. Вашая трактоўка галоўных прыярытэтаў еўрапейскай культуры вельмі своеасаблівая: «Адзін з галоўных прыярытэтаў еўрапейскай палітычнай культуры — фармаванне паміж бакамі палітычнага канфлікту кансэнсусу адносна метадаў, якімі яго можна рэгуляваць».
Гэта ў Вас зноў певень пагрэцца захацеў. Бо прыярытэтам еўрапейскай культуры з’яўляецца пошук кансэнсусу паміж бакамі палітычнага канфлікту. Яны не метады падбіраюць, а кампрамісы шукаюць.
Момант чацвёрты. Вашая ідэя «партыйна‑палітычнага будаўніцтва «зверху» «іншай» апазіцыі, сацыяльна сталай, якая падтрымлівае прававую культуру краіны, здольная быць канструктыўным фактарам грамадскай згоды і развіцця», вельмі амбіцыйная і прэтэндуе на Нобелеўскую прэмію. Асабліва ў святле пастаўленай Вамі задачы: «Важна, каб ствараная «зверху» партыйная структура не аказалася, вобразна кажучы, гермафрадытам, як «Адзіная Расія». Нельга ехаць адначасова на поўнач і на поўдзень, прафесар.
Як не вельмі зручна быць адначасова мужчынам і жанчынай. Альбо апазіцыя ствараецца «зверху», і, вядома ж, становіцца такім жа «гермафрадытам», як «Адзіная Расія», альбо яна ствараецца, але не «зверху», а крыху інакш. Апазіцыя «зверху» не можа быць апазіцыяй. А раптам той, хто яе прызначыў «зверху», пакрыўдзіцца і здыме яе? Пакуль Вы, прафесар, зубрылі Карла Маркса, наш геніяльны народ прыдумаў адну непрыстойную, але вельмі дакладную прыказку: «Хто дзяўчыну частуе, той яе і танцуе». Ёсць і больш прыстойны яе варыянт: «Хто плаціць, той і заказвае музыку». Гэта я да таго, што калі апазіцыя прызначаецца «зверху», то і здымаецца яна таксама «зверху», а значыць, арыентавацца яна будзе зусім не на народ, і грамадская згода ёй будзе цалкам па барабане. Гэта ж якім непапраўным рамантыкам трэба быць, каб верыць, што «прызначаная» апазіцыя зможа стаць рэальнай альтэрнатывай існаму рэжыму? Прафесар, Вы працавалі ў «Народнай волі», якая доўга і нудна судзіцца з рознымі чыноўнікамі, прычым не па сваім жаданні. Вы бачылі хоць аднаго суддзю, які прыняў бы рашэнне не на карысць чыноўніка, а на карысць незалежнай газеты? Між іншым, беларускія суддзі — усе як адзін «сацыяльна сталыя і падтрымліваюць прававую культуру краіны». Таксама прызначаюцца «зверху». А ўжо колькі ў прызначаных суддзях канструктыву, прафесар, вельмі рэкамендую на сабе выпрабаваць. Суды ў нас не толькі прасякнутыя «прававой культурай краіны», яна з іх у выглядзе вадкай дабрадаці так і льецца проста на галовы звычайных грамадзян. А можа, Вы забыліся? Дык спытайце былых калегаў, прафесар, яны Вам столькі «канструктыўных гісторый» пра «прававую культуру» раскажуць, узгадайце, здзівіцеся. А пра працу прызначаных «зверху» дэпутатаў Вам могуць шмат расказать мае выбаршчыкі, якія на гэтых выбарах проста ў твар чальцам камісій шпурлялі перакрэсленыя бюлетэні! А дэпутаты ў нас таксама, прафесар, усе як адзін «сацыяльна сталыя» і ўсе як адзін за «грамадскую згоду і развіццё». Толькі ў Кіргізіі на вуліцы выходзілі не тыя, хто «зверху», — выходзіў жабрацкі і прыніжаны народ. Можна змагацца з «сухотнымі абаронцамі дэмакратыі», але нельга змагацца з уласным народам. Вайна з народам — гэта вайна на паразу. Народ заўсёды выйграе ў выніку. А народ, прафесар, нельга прызначыць «зверху». Як бы Вам ці каму‑небудзь яшчэ ні хацелася.
Момант пяты. Вашая ідэя аб тым, што свабода патрэбная толькі буржуазіі, таксама шыкоўная ў сваёй спрадвечнай чысціні ад хоць якіх заўважных намаганняў думкі. Яшчэ раз паўтараю, не судзіце па сабе, прафесар.
Калі Вам як «разначынцу» не патрэбная свабода, гэта яшчэ не значыць, што іншыя «разначынцы» з Вамі пагодзяцца. Чаму Вы вызначаеце важнасць толькі эканамічнай свабоды для дэмакратычных зменаў? І чым дрэнныя сацыяльныя прэферэнцыі, за якія выступае апазіцыя? Вядома, уладальніку малочнага заводзіка, пра якога Вы так клапоціцеся, яны ні да чаго. Яму б каб рабачаяў паболей працавала да паменей атрымлівала. Але не ўсім пашанцавала мець у запасе малочны заводзік, а атрымліваць вартыя грошы за цяжкую штодзённую працу — хочацца. Ды і на вуліцы, прафесар, калі і пойдуць, то зусім не дырэктары малочных заводзікаў або абутковых фабрык — пойдуць простыя працоўныя, якія якраз хочуць таго, што Вы называеце «абстракцыяй», — павелічэння заробку, яго своечасовай выплаты, сацыяльных гарантый , эфектыўнай медыцыны, зніжэння камунальных тарыфаў і якаснага абслугоўвання сферы ЖКГ. А яшчэ права на свабоду слова — ведаць, як улада марнуе дзяржаўны бюджэт і права ўдзельнічаць у размеркаванні грамадскіх дабротаў. Акрамя гэтага, прафесар, ёсць яшчэ і права на справядлівасць — тое, чаго так не хапае людзям сёння. Можаце ў вольны час пачытаць сацапытанні НИСЕПИ з гэтай нагоды — там шмат цікавых лічбаў.
Наконт таго, хто усё ж такі рыхтуе ў Беларусі рэвалюцыю

Рэвалюцыю ў Беларусі рыхтуе «кіроўная эліта». Рыхтуе яе старанна і даволі актыўна. Я сцвярджаю гэта з некалькіх прычынаў.

1. Падрыў чыноўнікамі народнага даверу да інстытутаў улады.

Галоўным фактарам стабільнасці любой сістэмы з’яўляецца давер людзей да выбараў і выбарчых інстытутаў. Калі даверу ў выбаршчыкаў няма, тады застаецца адзіная дарога — на вуліцу.
З пагромамі, беспарадкамі, масавымі хваляваннямі і намётавымі мястэчкамі. У гэтыя выбары, як зрэшты, у любыя іншыя, парушэнняў — два вазы і цэбар. Але на гэтых выбарах рэакцыя выбаршчыкаў была больш балючай для ўлады. Гэта звязана з некалькімі прычынамі. Па‑першае, з тым, што пераможцамі абвешчаныя людзі, за якіх практычна ніхто не галасаваў. Улада не змагла зрабіць сваіх кандыдатаў прывабнымі для насельніцтва. Дарэчы, упершыню на выбарах кандыдаты ад улады былі так масава і так відавочна непапулярныя. У 2003 годзе мне было складана змагацца за перамогу — мае канкурэнты ад улады былі сапраўды людзьмі паважанымі. У 2010 годзе з канкурэнтамі ад улады было лёгка: іх альбо ніхто не ведаў, альбо яны не карысталіся павагай народа. І так па ўсім Віцебску — і думаю, што па ўсёй Беларусі. А ім жа «намалявалі» па 50%, г.зн. кожны другі голас. Людзі, вядома, пытаюцца адно аднаго: «За каго ты галасаваў?» Атрымліваюць адказ і… пачынаюць сумнявацца ў афіцыйных выніках. Сумнеў — самае страшнае для сістэмы, таму што наводзіць выбаршчыкаў на думку, што і наш «усенародна абраны» (о, жах!) не такі ўжо і ўсенародна абраны. А наперадзе — прэзідэнцкія выбары. З усімі наступствамі. Чым больш сумневаў у сумленнасці выбараў у народа — тым больш шанцаў выхаду народных масаў на вуліцы падчас прэзідэнцкіх выбараў. Па‑другое, чальцам камісій выканкам (прынамсі ў Віцебску) забараніў казаць праўду. Чаго дамагліся? Правільна, прафесар, цяпер яны ўсім сваім знаёмым «па вялікім сакрэце»… Выбары прайшлі, а ажыятаж не прайшоў. Па‑трэцяе, упершыню на маёй памяці людзі былі гатовыя абараняць «сваіх» кандыдатаў. У 2003 годзе, памятаю, яны былі гатовыя проста прагаласаваць. Не больш за тое. На гэтых выбарах пратэст стаў модным і, яшчэ жахлівей для «кіроўнай эліты», ён стаў публічна‑модным. Абмяркоўваным і весела‑хуліганскім. Такога раней не было…

2. Адсутнасць легальных механізмаў развязання грамадскіх канфліктаў.

Паводле Маркса, рэвалюцыя ў любым грамадстве наспявае не проста праз наяўнасць сацыяльнага канфлікту паміж кіроўным і прыгнечаным класамі. Канфлікты ў грамадстве ёсць заўсёды. Рэвалюцыя ў грамадстве наспявае, калі гэты сацыяльны канфлікт нельга развязаць эвалюцыйна, калі няма легальных інструментаў для змены шляху развіцця. На шчасце для апазіцыі, чыноўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб любы канфлікт звычайнага чалавека з чыноўнікам стаў невырашальным менавіта праз адсутнасці легальных механізмаў яго дазволу.
Прафсаюзы, пракуратура, суды, адміністрацыя прэзідэнта, міліцыя — няма ніводнага легальнага механізму абароны правоў звычайнага чалавека…

Куды б просты чалавек ні звярнуўся па дапамогу ў абароне парушанай годнасці — адказ усюды будзе адзін. Пачуццё сацыяльнай несправядлівасці назапашваецца і расце: калі чыноўнікамі пакрыўджаны адзін чалавек — гэта незаўважна. А калі 100 тысяч? А калі больш? Крыўда на несправядлівасць забівае і страх, і інстынкт самазахавання, і логіку. Проста ў нейкі момант чалавеку робіцца ўсё адно, што з ім будзе… У маіх перадвыбарчых улётках лозунг быў «У Справядлівасці ёсць імя!». Я была ўражаная тым, што так шмат людзей мне тэлефанавалі і вельмі эмацыйна гаварылі, што ў Беларусі справядлівасці няма, але яны гатовыя на ўсё, каб яе дасягнуць. Для ўлады гэта павінен быць трывожны званочак. Чаму за мінулы год адбылася такая жахлівая колькасць самагубстваў міліцыянтаў, прычым самагубстваў проста на працоўным месцы? Людзі звычайна ідуць у міліцыю з рамантычным настроем: стаяць на варце Закона, абараняць звычайных грамадзян ад злачынцаў і бандытаў, каб дзеці ганарыліся татам, а жонка — мужам… А сутыкаюцца з тым, што ім трэба абараняць загад, парушаючы закон. Міліцыянты сёння ператварыліся ў ілжэсведак і займаюцца палітычным вышукам. Як мне трапна сказаў адзін з міліцыянтаў, што канфіскоўвалі ў нас газету (прыхільнік дзейнай улады, паміж іншым): «Буду заўтра галіцца з раніцы, і мне будзе агідна глядзець на сябе ў люстэрка. Проста брыдка, што я гэта я». Наконт грамадскай павагі — сёння не кожны хлопец будзе сустракацца з дзяўчынай, якая да гэтага ўжо сустракалася з хлопцам‑міліцыянтам. Такіх пагардліва клічуць «мянтоўкамі». Ведаю дзяўчат, якія хаваюць ад бацькоў, што іх хлопцы працуюць у міліцыі, — бацькі за такое могуць і пабіць.

3. Абыходжанне чыноўнікаў з выбаршчыкамі, якое зневажае чалавечую годнасць. Кожны сутыкаўся ў Беларусі з хамствам і абразлівым стаўленнем з боку чыноўнікаў. Ну, можа, прафесар, акрамя Вас. Вядома, адзін раз чалавек можа сцярпець хамства і пагарду чыноўнікаў, можа сцярпець і другі раз. Але наступае момант, калі хамства надакучвае. Хочацца адказаць. У беларусаў ёсць пачуццё ўласнай годнасці — не такі ўжо мы забіты і цярплівы народ, як камусьці хочацца верыць. Ведаеце, прафесар, што мяне больш за ўсё ўразіла і натхніла на гэтых выбарах? Чальцы камісіі, вядома, публічна не раскажуць, але нашыя назіральнікі бачылі, як масава народ ладзіў скандалы на выбарчых участках, як перакрэсліваў бюлетэні і кідаў у твар чальцам камісіі. Прафесар, я ніколі не думала, што людзі, паказаўшы свой пашпарт і ідэнтыфікаваўшы сябе ў вачах чыноўнікаў, могуць так сябе паводзіць. Я пасля выбараў апоўначы разбірала тое, што нашыя назіральнікі запісалі на дыктафоны і відэакамеры… А людзі ж нават не за мяне ўступаліся: яны абаранялі сябе і сваю чалавечую годнасць, сваё права на выбар і сваё права быць людзьмі. Яны, прафесар, абаранялі справядлівасць. Тую, якую чыноўнікі адбіралі ў іх шмат разоў за гэтыя гады. Кожнаму з іх нейкі чыноўнік калісьці вызначыў «яго месца» — раба, служкі, жывёлы, мэблі або чагосьці яшчэ… Кожнага з іх нейкі чыноўнік пакрыўдзіў ці абразіў… Ведаеце, прафесар, калі б Вы чулі, як народ называе «кіроўную эліту», далібог, Вам, як чалавеку інтэлігентнаму, стала б няёмка — за тое, з кім Вы прапануеце апазіцыі шукаць «шляхі дыялогу». Так гэта было ў межах адной акругі. А гэта ідзе і па ўсёй краіне — проста пакуль не так прыкметна.

4. Вялізны эканамічны разрыў паміж кіроўным класам (чыноўнікамі) і прыгнечанымі (усімі астатнімі). Карл Маркс сапраўды распрацаваў нядрэннае паняцце «грамадскага класу». Паводле яго,

беларускія чыноўнікі сёння — гэта і ёсць асобны грамадскі клас. Яны валодаюць уладай, кантралююць эканоміку, маюць доступ да сродкаў вытворчасці, а таксама да пераразмеркавання грамадскіх дабротаў. У іх канкрэтныя спосабы атрымання і памеры долі грамадскага багацця — і, як паказала публікацыя прыбыткаў чыноўнікаў на гэтых выбарах, даволі вялікія памеры гэтай самай долі грамадскага багацця. Гэты клас востра зацікаўлены ў захаванні існага стану рэчаў — у той час як іншыя сацыяльныя групы або класы ў захаванні існага стану рэчаў не зацікаўленыя.
Дарэчы, прафесар, Вы самі ж гэта і пацвярджаеце, калі кажаце пра тое, што «большасць заводаў і фабрык у краіне знаходзіцца (прынамсі, пакуль знаходзіцца) пад кантролем дзяржавы». Публікацыя прыбыткаў кандыдатаў — гэта была даволі сур’ёзная памылка «кіроўнай эліты», прафесар. Калі людзі ўбачылі, што іх прыбыткі і прыбыткі начальнікаў адрозніваюцца ў 5‑10 разоў, то, мяркуючы па іх рэакцыі і перачытваючы Вашага любімага Карла Маркса, пытанне аб класавых інтарэсах і непазбежнасці барацьбы за іх рэалізацыю паўстала вельмі востра. Увогуле, прафесар, вялікая памылка думаць, што народ можа паўстаць толькі супраць буржуазіі. З чаго Вы зрабілі такую глыбакадумную выснову? Паводле Маркса, прыгнечаны народ можа паўстаць супраць класа‑эксплуататара, але часы мяняюцца, і класы‑эксплуататары таксама. Вы самі выпадкова напісалі гэта ў артыкуле, але чамусьці не зразумелі. Усё вельмі проста: 70% уласнасці знаходзіцца ў руках дзяржавы, г.зн. кіруецца чыноўнікамі. Хто кіруе, той і робіцца эксплуататарам працоўнага народа, так бы мовіць, піяўкай на яго працоўным целе. У наяўнасці востры сацыяльны канфлікт разам з невырашальнымі «супярэчнасцямі паміж працай і капіталам» — усё, як апісаў Ваш любімы Маркс.

5. Чыноўнікі не прызнаюць права на існаванне любога іншай пункту гледжання. Вы, прафесар, правільна заўважылі, што рэвалюцыі не будзе, калі «бакі палітычнага канфлікту прызнаюць яго рэальнасць, наяўнасць адрозненняў, права адзін аднаго на існаванне, а таксама пэўныя правілы гульні, якія здольныя падтрымліваць баланс у іх ўзаемаадносінах. Уваходзячы ў грамадскую практыку, гэтыя нормы абмяжоўваюць магчымасці гвалтоўнага развіцця класавага канфлікту». Праўда, высновы са сваіх словаў зрабілі не тыя, якія трэба было. Чыноўнікі не прызнаюць наяўнасці адрозненняў і права іншых на існаванне, а значыць, тым самым ствараюць базіс і магчымасць для гвалтоўнага развіцця канфлікту, г.зн. рэвалюцыі. Так,

калі чыноўнікі робяць усё, каб рэвалюцыя стала непазбежнай, прычым тут апазіцыя і Ваша артыкул пра яе? Я скажу больш, прафесар. Калі б галасы лічыліся на выбарах нават з 30% фальсіфікацый, то ведаеце, прафесар, дзе былі б Вы з усёй сваёй «кіроўнай элітай»?
У тым самым месцы, якім Вы зарабілі сваё прафесарскае званне. І Маркс з Энгельсам ні Вам, ні «кіроўнай эліце» не дапамаглі б…

І, дарэчы, прафесар, мне так спадабаліся Вашыя словы: «Паважаныя, не надрывайте марна вашыя і без таго надарваныя галасавыя звязкі, лепш уважліва перачытайце мае старыя тэксты. Вы лёгка пераканайцеся ў тым, што ваш пакорны слуга заўсёды знаходзіўся там, дзе знаходзіцца сёння, даўно раіў апазіцыйным палітыкам закапаць сякеру вайны і дамагацца сістэмнай акрэдытацыі». Я чалавек дапытлівы і Вашыя артыкулы перачытала. Вось, напрыклад, цудоўны артыкул «Пяты кут, або Пра тое, як у Белазёрску распраўляюцца з небяспечнымі палітыкамі». Артыкул падпісаны Вамі, ад 18.03.2005. Там ёсць такія выдатныя словы: «Цяпер быць у апазіцыі нялёгка і небяспечна. Людзі, што абралі служэнне дэмакратыі, — сапраўдныя героі, на якіх павінна раўняцца беларуская грамадскасць. Чым больш будзе ў нас такіх людзей, тым хутчэй краіна вызваліцца ад аўтарытарных путаў і вернецца ў цывілізаваную сям’ю еўрапейскіх народаў». Вы зусім нядаўна «сухотных абаронцаў дэмакратыі» называлі героямі, прафесар. І казалі зусім у іншай танальнасці. Гэта я да таго, што падманваць нядобра, прафесар. Тым больш нядобра падманваць і прэтэндаваць на званне інтэлігентнага чалавека адначасова. Дарэчы, ёсць і іншы цудоўны артыкул, таксама падпісаны Вамі, — «Статыстыка супраць Аляксандра Лукашэнкі, адначасова прадстаўнікі рэспубліканскай эліты не хочуць бачыць яго на пасадзе прэзідэнта».

Цытую Вас, прафесар: «Аднак прыслужнікі кіраўніка дзяржавы з дапамогай другога Усебеларускага народнага сходу і падкантрольных дзяржаўных СМІ, жанглюючы лічбамі і фактамі, спрабуюць намаляваць грамадзянам хлуслівую карціну сённяшняга і заўтрашняга дня і пераканаць народ у тым, што годнай замены цяперашняму беларускаму лідэру не знайсці»…

Тут Вы кажаце праўду, прафесар: прызначаная «зверху» апазіцыя дакладна годнай замены беларускаму лідэру не знойдзе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?