1 мая ўстаноўлены новы памер бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, БПМ складае 266 тыс. 230 рублёў у сярэднім на душу насельніцтва і вырас на 4,3% у параўнанні з дзейным з 1 лютага па 30 красавіка (255 тыс. 220 рублёў).

Памеры БПМ з 1 мая па 31 ліпеня ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна‑дэмаграфічных групах зацверджаны пастановай Савета міністраў № 651 ад 29 красавіка. БПМ для працаздольнага насельніцтва складае 284 тыс. 860 рублёў, для пенсіянераў — 238 тыс. 380 рублёў, для дзяцей‑студэнтаў — 285 тыс. 500 рублёў, для дзяцей ад 3 да 16 гадоў — 325 тыс. 980 рублёў, для дзяцей да 3 гадоў — 237 тыс. 410 рублёў.

У структуры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах сакавіка прадукты харчавання складаюць 53,6%, плата за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі — 16,4%, прадметы гардэроба — 17,2%, бытавыя і транспартныя паслугі — 6,9%, тавары бытавога і гаспадарчага прызначэння — 3,3%, прадметы першай неабходнасці, санітарыі і лекі — 2,2%.

Бюджэт пражытачнага мінімуму ўяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору матэрыяльных даброт і паслуг, неабходных для забеспячэння жыццядзейнасці чалавека і захавання яго здароўя, а таксама абавязковыя плацяжы і ўзносы.

Бюджэт пражытачнага мінімуму як сацыяльны нарматыў выкарыстоўваецца для аналізу і прагназавання ўзроўню жыцця насельніцтва; аказання дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам (сем’ям); абгрунтавання мінімальных дзяржаўных сацыяльна‑працоўных гарантый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?