Учора ўвечары ў Менску каля 21 гадзіны ў кавярні Малой сцэны тэатру Янкі Купалы супрацоўнікамі праваахоўных органаў быў затрыманы апазыцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык. Супрацоўнікі палка асаблівага прызначэньня зайшлі ў кавярню нібыта для праверкі дакумэнтаў. У Сіўчыка не было з сабой пашпарта, і яго, хутчэй за ўсё, адвезьлі ў Цэнтральны РАУС пад маркай вызначэньня асобы.

Нагадаем, што ў часе сакавіцкіх падзей на Кастрычніцкай плошчы В.Сіўчык быў адным з натхняльнікаў намётавага мястэчка. Тады праваахоўным органам з дапамогай падману ўдалося вымусіць Сіўчыка пакінуць плошчу. У выніку яго зьбілі, і ён трапіў у больніцу. Тады сама ў палітыка забралі пашпарт.

Пасьля выпіскі з больніцы Сіўчыку ўдалося унікнуць затрыманьня. Ён быў завочна прысуджаны да адміністратыўнага арышту.

Калі палітыка зараз адправяць адбываць адміністратыўнае пакараньне, то гэта будзе парушэньнем дзейнага заканадаўства, бо ў выпадку адміністратыўнага правапарушэньня пакараньне мусіць быць прымененае не пазьней за два месяцы з моманту выяўленьня парушэньня. А ў выпадку зь Сіўчыкам двухмесячны тэрмін ужо даўно скончыўся.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?