«За апошні час мы нямала зрабілі ў выбудоўванні нармальных, добрасуседскіх адносін з нашымі заходнімі партнёрамі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў штогадовым інтэрв'ю агенцтву «Рэйтэр» 4 мая. Яго фрагменты былі паказаныя па беларускіх тэлеканалах.

«Што тычыцца дыпламатычнага, палітычнага ўзроўню, то тут адбыліся кантакты на ўсіх узроўнях і нават на ўзроўні прэзідэнта, якога вы так не любіце і не ўспрымаеце на Захадзе з асобнымі палітыкамі. Я не буду называць, вы добра аб гэтым інфармаваныя», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі з Захадам «па лініі бізнесу» выбудоўваюцца вельмі добрыя адносіны. «У нас па лініі фінансава-крэдытных інстытутаў неблагія адносіны, — адзначыў Лукашэнка. — Я маю на ўвазе Міжнародны валютны фонд, Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, рознага кшталту фонды, якія як інвестуюць, так і аказваюць бязвыплатную падтрымку нашай дзяржаве па многіх напрамках».

«Можа быць, Захаду хацелася б тут больш хутка правесці прыватызацыю. Не толькі Захаду ў дадзеным выпадку, але і Усходу, — мяркуе беларускі кіраўнік. — На што я заўсёды гаварыў: мы не супраць, але ў нас ёсць нацыянальны інтарэс, і нічога бясплатна не аддадзім».

«Каму гэты тэзіс падабаецца? Напэўна, не ўсім, — сказаў Лукашэнка. — Абсалютна мы не супраць, нармальны працэс, але за добрыя грошы, на рыначных умовах, і ніякага шарлатанства і карупцыйнай прыватызацыі ў Беларусі не было і не будзе. Таму, відаць, і гэты фактар раздражняе нашых заходніх партнёраў, і яны нас папракаюць ў павольных тэмпах рэфармавання эканомікі і, канкрэтызую, прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці».

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?