5 траўня ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца сьвяточная імпрэза, прымеркаваная да 20‑годзьдзя тэатру аднаго актора «Зьніч».
Беларускі паэтычны тэатар аднаго актора «Зьніч» — гэта першы і адзіны тэатар у Беларусі, які працуе ў жанры монаспэктаклю. Гэта азначае, што ў тэатральнай пастаноўцы ўдзельнічае актор, які цягам паўтары‑дзьвюх гадзінаў застаецца на сцэне адзін. Такія дзеі вымагаюць вялікага майстэрства ад усіх 22 актораў, якія працуюць у тэатры.
За 20 гадоў рэпэртуар тэатру склаў 19 спэктакляў — паэтычных, драматычных, лялечных і нават опэрных. Пра сакрэт посьпеху гаворыць дырэктарка і мастацкая кіраўніца Галіна Дзягілева:
«У тэатры самае ўлюбёнае — гэта нашы спэктаклі. Галоўнае — каб яны былі цікавыя, прафэсійныя, каб былі высокага мастацкага напаўненьня. Каб не было сумна і сорамна — вось гэта самае галоўнае».
Тэатар аднаго актора «Зьніч» цалкам беларускамоўны. Некалькі год таму тэатар распачаў супрацоўніцтва зь беларускім музычна‑фальклёрным калектывам «Прымакі» з Гарадка, што на Беласточчыне. «Прымакі» будуць галоўнымі гасьцямі «Зьніча» на сьвяткаваньні юбілею.
Мастацкі кіраўнік «Прымакоў» Юрка Астапчук:
«Я калі ўпершыню пабачыў спэктакль «Зьніча», то амаль што стаў на калені. Бо быў вельмі глыбока і пранікнёна перададзены сэнс і зьмест гэтага спэктаклю».
У рэпэртуары тэатру такія спэктаклі, як «Мне сьняцца сны аб Беларусі» Янкі Купалы, «У краіне сьветлай…» Максіма Багдановіча, «Нобіль — барвяны ўладар» Уладзіміра Караткевіча.
«Зьніч» — выдатная зьява сёньняшняй беларускай культуры, кажа намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:
«Відаць, што дзейнасьць тэатру абумоўленая нават яго назвай «Зьніч». Гэта сапраўды як зорка на небасхіле беларускай драматургіі, якая падсьвечвае дзейнасьць многіх выбітных асобаў Беларусі і некаторыя старонкі беларускай гісторыі. Таму «Зьніч» ужо некалькі гадоў застаецца непаўторнай зьявай у гісторыі беларускай культуры».
Творчая імпрэза з нагоды 20‑годзьдзя тэатру «Зьніч» пачынаецца а 19‑й гадзіне ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі.