Беларускім парламентам распрацаваны праект «Кодэкса аб адукацыі», які выклікаў хвалю абурэння ў незалежных экспертаў. Па іх словах, дакумент скіраваны выключна на тое, каб падпарадкаваць усю сферу адукацыі дзяржаве. На пытанні «НН» адказвае кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

«НН»: Чым вас насцярожвае праект кодэкса?

Святлана Мацкевіч: Я лічу, што дзейнага заканадаўства ў галіне адукацыі дастаткова для таго, каб сістэма функцыянавала добра. Пры прыняцці гэтага кодэкса адбудзецца зніжэнне планкі адукацыйных адносін. Гэта праявіцца ў тым, што рэзка звузіцца суб’ектнасць адукацыі. Уся адукацыя будзе зведзена да педагогаў і навучэнцаў, што дасць магчымасць дзяржаве кантраляваць іх дзейнасць. Але паўстае пытанне: «Хто будзе кантраляваць дзейнасць саміх дзяржаўных служачых? Як дзяржава будзе адказваць перад грамадзянамі за тую адукацыйную палітыку, якую яна праводзіць?»

Як эксперт, магу канстатаваць, што
дадзены кодэкс напісаны непасрэдна для Міністэрства адукацыі, каб паспяхова кантраляваць дзейнасць педагогаў і навучэнцаў. І выключаецца магчымасць кантраляваць само міністэрства
і тыя дзяржаўныя ўстановы і асобаў, якія прымаюць рашэнні наконт будучага беларускай школы і адукацыі.

Зніжэнне планкі адукацыйных адносін фундуецца ў кодэксе і недасканалым тлумачэннем асноўных тэрмінаў пра адукацыйную дзейнасць, сістэму адукацыі, адукацыйныя праграмы, працэсы, стандарты і г.д. Фактычна, у кодэксе выкарыстоўваюцца паняцці, якія былі распрацаваны ў 1970-80-х гадах. Я разумею, што бястварымі структурамі лягчэй кіраваць, чым самавызначанымі спецыялістамі і прафесіяналамі ці універсітэцкай супольнасцю. Таму заканадаўства фіксуе менавіта структуру адукацыі і цплкам выключае самастойнасць дзеючых асоб у адукацыі, акадэмічныя свабоды і цэлы шэраг правоў чалавека.

«НН»: Што яшчэ небяспечнага нясе ён?

Святлана Мацкевіч працавала вядучым экспертам аналітычнага аддзела ў Міністэрстве адукацыі ў 1997-2000. Цяпер з’яўляецца экспертам Агенцтва гуманітарных тэхналогій. Кандыдат педагагічных навук.

СМ: Выключэнне прынцыпу гуманітарызацыі. Праектаванне зместу адукацыі (вучэбных планаў і г.д.) сыходзіць з канкрэтных навуковых устаноў. Калі прынцып гуманітарызацыі выключаецца, то гэта азначае, што з вучэбных планаў і праграмам будзе апушчаны шэраг гуманітарных дысцыплін, праз якія дасягаецца спецыфічная якасць адукацыі — здольнасць асобы жыць у грамадстве, кіраваць уласным жыццём, рэфліксійна і крытычна ставіцца да рэчаіснасці. Гэта можа прывесці да таго, што сфармуецца некалькі пакаленняў функцыянальна непісьменных беларусаў, якім будзе ўсё роўна што адбываецца ў свеце, у грамадстве, у палітыцы, у гарадах і вёсках, дзе яны пражываюць. Можна прадбачыць, што будзе ажыццяўляцца татальны ідэалагічны кантроль.

У праекце кодэкса заяўляецца дзяржаўна-грамадскі характар адукацыйнай дзейнасці. У той час, як у версіі закона «Аб адукацыі» 1991 года абвяшчаўся грамадска-дзяржаўны характар. Гэта азначала, што дзяржава была падкантрольнай грамадзянскай супольнасці.
І грамадскі кантроль першасны, а дзяржаўная дзейнасць — другасная. Калі абвяшчаецца дзяржаўна-грамадскі характар кіравання адукацыяй, гэта гаворыць, што дзяржава цалкам прымае на сябе ўсю адказнасць за рэалізуемую адукацыйную палітыку, і нікому не дазваляе і не дэлегуе права займацца адукацыйнай дзейнасцю акрамя сябе самой. Рэалізаваць дадатковую адукацыйную дзейнасць без дазволу стане немагчымым.

«НН»: Кодэкс скіраваны выключна на кантроль над суб’ектамі адукацыйнага працэсу?

СМ: Амаль што так.

У праекце кодэкса гаворыцца пра тое, што педагагічную дзейнасць не могуць ажыццяўляць людзі, пазбаўленыя права займацца такой дзейнасцю. Хто пазбаўляе, на якой падставе, па якім праве?
Гэта не вызначаецца ў кодэксе. Калі ў законе не патлумачана гэта, то трэба разумець, што забараніць займацца педагагічнай дзейнасцю можна без падстаў.
Калі начальнік захоча звольніць педагога без прычыны, ён гэта зможа зрабіць. У праекце кодэкса парушаецца канстытуцыйнае права на рэалізацыю прафесійнай дзейнасці, уводзіцца забарона на прафесію.

Педагагічным работнікам забараняецца выкарыстоўваць адукацыйны працэс для палітычных мэтаў. І не ўказана, што разумеецца пад палітыкай. Гэта развязвае рукі дзяржаўным чыноўнікам для рэалізацыі ідэалагічных установак і розных суб’ектыўных тлумачэнняў аб палітыцы.

Пры тых фармулёўках, якія складваюцца ў праекце кодэкса, фактычны ўсталёўваецца магчымасць уводзіць забарону на прафесію сярод педагогаў на падставах і па прычынах, якія не абавязкова павінны быць агучаны, па самастойным меркаванні кіраўніка ўстановы адукацыі.

«НН»: А плюсы ў праекце вы бачыце?

СМ: Я не бачу ніякіх плюсаў у тым, што ўсё заканадаўства, якое было ў сістэме адукацыі, проста сістэматызавалі і аб’ядналі. Наколькі такая ўніфікацыя дазваляе казаць пра плюсы ці мінусы? Гэта звычайная нармальная праца па кадыфікацыі заканадаўства, якая павінна сістэматычна весціся ў гэтай сферы ў галіне прававога афармлення. Гаварыць, што гэта нейкая інавацыя ў адукацыйным заканадаўстве, не выпадае. Кодэкс замацоўвае тое, што ўжо склалася. Ён не падахвочвае да развіцця, да рэфармавання. Паколькі не абвяшчаецца праграмны характар адукацыі, а гаворыцца пра тое, што адукацыя павінна толькі прагназавацца. Дзеючая сістэма замацоўваецца і далей прагназуецца як яна сябе будзе весці. Кодэкс зацвярджае фактычна ўладу чыноўнікаў у сістэме адукацыі.

Фіксуе тое, што прыватнай адукацыі амаль няма. Грамадскага фокусу кіравання адукацыяй таксама няма.

Грамадзяне Беларусі не ініцыююць ніякіх працэсаў у гэтай сферы. Гэта гаворыць пра тое, што зменаў не будзе.

«НН»: Для чаго патрэбен такі кодэкс?

СМ: Калі кодэкс пачаў распрацоўвацца, я падумала, што гэта спроба заняць парламент і Міністэрства адукацыі не сваёй справай, замест таго, каб абмяркоўваць праграму развіцця адукацыі ці стратэгіі ўступлення ў Балонскі працэс. Парламент, Міністэрства адукацыі сфарміраваныя. І яны павінны чымсьці займацца. Па статусе яны павінны займацца рэформамі адукацыі. Але замест гэтага ім быў «скінуты» заканадаўчы дакумент. А заканадаўства — гэта такая рэч, якой можна бясконца займацца і не звяртаць увагі на іншыя, сапраўды актуальныя праблемы.

Цяпер зразумела, што кодэкс будзе выкарыстоўвацца як механізм для фільтрацыі тых ці іншых грамадскіх арганізацый і адукацыйных ініцыятыў.

Для нашай дзяржавы не кодэкс першасны, гэта толькі інструмент для таго, каб рэгуляваць бягучую палітычную сітуацыю. Калі заўтра, да прыкладу, у рамках Усходняга партнёрства зменіцца палітычная сітуацыя, то дзяржава можа заплюшчыць вочы на гэты кодэкс і рабіць тое, што трэба рабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?