06.05.2010 / 11:20

Чым пагражаюць беларускаму інтэрнэту пастановы Саўміна 2

Савет міністраў за адзін дзень наштампаваў цэлых пяць пастановаў датычна інтэрнэту.

Савет міністраў за адзін дзень наштампаваў цэлых пяць пастановаў датычна інтэрнэту. Усё гэта зроблена ў межах даручэнняў прэзідэнта па напаўненні сэнсам нормаў указу № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнэт». Удасканалілі беларускі інтэрнэт у найлепшых традыцыях сучаснай Беларусі — разабрацца ў нагрувашчанні адсылак і пастаянных змяненнях наўрад ці зможа нават дасведчаны юрыст.
У байнэце ўжо суткі цішыня і здзіўленне — толькі ўвечары з’явіліся кароткія пераказы тэкстаў пастановаў у стужках інфармагенцтваў.

Падсумоўваючы новаўвядзенні можна сказаць, што ўрад паспрабаваў адрэгуляваць доступ карыстальнікаў у інтэрнэт у месцах калектыўнага карыстання, сфармуляваў агульныя патрабаванні да дзяржаўных сайтаў, акрэсліў методыку ўліку оптавалокнавых ліній і інфармацыйных рэсурсаў байнэту, а таксама ўвёў новыя правілы працы інтэрнэт-крамаў (трэці раз за паўтара года).

На думку Electroname.com, спроба не зусім удалая:

1. Пастановы № 646 і № 647. Патрабаванне ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і захаванне логаў у месцах калектыўнага карыстання было і раней. Былі нават камеры назірання. Іншая справа, што ніхто гэтага патрабавання не выконваў, і вялікае пытанне, ці будуць яго выконваць і надалей. Навінкай можна назваць захаванне ідэнтыфікацыйных звестак пра абаненцкія прылады (МАС-адрас, унутраныя і вонкавыя IP-адрасы).

Напэўна, гэта і ёсць тая самая шчыліна, якая павінная дазволіць «Белтэлекаму» развіваць сетку Wi-Fi. Адкрыем жудасны сакрэт — усе гэтыя MAC- і IP-адрасы можна змяніць, і БДУІР для гэтага заканчваць неабавязкова. Можа, прымем цяпер пастанову, якая забараняе змяняць MAC-адрас сеткавай карты на асабістым кампутары, а яго канфігурацыю рэгістраваць у ААЦ?

2. Спадчына аграрэнесансу невыносным цяжарам ціснула на распрацоўшчыкаў пастановы № 645 «Аб некаторых пытаннях інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый». З аднаго боку, добра, што ўрад штурхае ў спіну лянівых чыноўнікаў і прымушае прывесці дзяржаўныя сайты ў адносна чалавечы выгляд. З другога — прымаць дакументы па юзабіліці не справа прэзідэнта і прэм’ера. Так недалёка і да ўрадавых рэкамендацый па PHP і Java дапісацца. Непрыемным, але лагічным новаўвядзеннем стаў перанос усіх сайтаў дзяржорганаў на дамены GOV.BY і MIL.BY. Кагэбэшнікам, падаткавікам і пажарнікам давядзецца адмовіцца ад сваіх гучных і раскручаных даменаў у нацыянальнай зоне. BY. Звяртае на сябе ўвагу пункт, паводле якога падтрымкай сайта павінныя займацца дзяржслужбоўцы. Ці значыць гэта, што аддаць на аўтсорс падтрымку нельга?

У цэлым пастанова атрымалася мяккай і прыязнай. Набор рэкамендацый, не больш. Хто будзе адказваць за вынікі і якое перадугледжана пакаранне за невыкананне пастановы — незразумела. Электронным урадам тут і не пахне.

3. Асаблівую занепакоенасць выклікае пастанова № 644. Гаворка пра Дзяржаўны рэестр інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў, у які заносіцца анкета інфармацыйнай сеткі, сістэмы або рэсурса з больш чым трыццаці пунктаў. Займацца гэтым будуць пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг (вызначэнне вельмі цьмянае — цяпер пад імі маюцца на ўвазе хостынгавыя кампаніі, інтэрнэт-правайдэры і дата-цэнтры).

Пасля прачытання пунктаў заявы аб рэгістрацыі апускаюцца рукі. Напрыклад,

для рэгістрацыі сайта (а рэгістравацца павінныя як юрасобы і ІП, так і фізічныя асобы), трэба ўказаць імя, прозвішча, пашпартныя дадзеныя, адрасы і тэлефоны, электронную пошту, звесткі з АДР, уліковы нумар платніка, нумар дамовы з хостэрам, правы на сайт, апісанне сайта, сеткавыя (IP) адрасы, выкарыстоўваныя рэсурсы, даменныя імёны, рэгістрацыйны нумар ЦАД, тып хостынгу, выкарыстоўваныя рэсурсам парты транспартных пратаколаў, пералік сеткавых адрасоў.

Возьмем просты прыклад — змена хостынгу. Цяпер гэта займае лічаныя гадзіны і часам жыццёва неабходна для бесперабойнай працы сайта. З 1 ліпеня давядзецца перапісваць анкету, адпраўляць на ўзгадненне, плаціць за гэта грошы, урэшце. Вельмі зручна.

Ці варта казаць, што пастанова фіксуе існуючы ў Беларусі ўзровень развіцця інтэрнэт-тэхналогій, заганяе іх у рамкі і фактычна забараняе эксперыменты і інавацыі ў гэтай галіне. Воблачныя хостынгі, гнуткае маштабаванне сістэм, рэгіянальныя люстэркі, API і многае іншае, што яшчэ будзе прыдумана ў найбліжэйшы час, застаецца за мяжой разумення распрацоўшчыкаў дакумента, а ўслед за імі — і ўсяго байнэту.

Відавочна, інтэрнэт у Беларусі як бізнэс-асяроддзе перастаў быць выспай свабоды і цяпер цалкам адпавядае агульнаму бізнэс-клімату ў краіне.

4. Яскравым пацверджаннем гэтага служыць пастанова № 649 «Аб рэгістрацыі інтэрнэт-крамаў у Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь, механізме кантролю за іх функцыянаваннем». За апошнія некалькі гадоў беларускі інтэрнэт-гандаль намаганнямі афіцыйнай прапаганды ператварылі ў жупел, рассаднік шэрага імпарту і беззаконня. Умовы працы інтэрнэт-крамаў мяняліся тры разы, і цяпер разабрацца, што можна рабіць, а што нельга, практычна нерэальна. Беларускі інтэрнэт-гандаль аддзячыў тым жа і за дзесяцігоддзе існавання далей онлайн-ждановічаў не пайшоў. Нешматлікія выключэнні ў выглядзе кніжных крамаў толькі пацвярджаюць правіла.

У цэлым набор прынятых дакументаў не вырашае ніводнай існуючай праблемы беларускага інтэрнэту, а толькі стварае новыя перашкоды на шляху яго развіцця.
Уводзяцца бессэнсоўныя працэдуры і правілы, якія, па агульным настроі інтэрнэтчыкаў, закліканыя толькі «закруціць гайкі» і павялічыць кошт выхаду любога бізнэсу ў онлайн. У нашай краіне няма 1,5 млрд жыхароў, мы не можам замкнуць нацыянальны сегмент сеткі толькі на сабе, і шанцаў у беларускага онлайн-бізнэсу ў такіх умовах няшмат.

0
объявить байкот интернету!!! / Адказаць
06.05.2010 / 11:47
месяц на выходить в сеть - вот это будет демонстрация силы!!! это пострашнее чем плошча будет - выйти на плошчу страшно. а не выйти в инет - раз плюнуть. Будут после страшные смски приходить: "не ходите на улицу дышать свежим воздухом - там крысы отравленые и грузины. Идите в интернет - там тихо и спокойно".
0
Libertarian / Адказаць
07.05.2010 / 14:26
Не забіваць Ня красьці Не нахабнічаць Ня кідаць, ня выліваць, ня выпускаць у атмасфэру адходы Выконваць дабравольныя двухбаковыя дамовы. Вось і бадай і ўся юрыспрудэнцыя для ЛЮДЗЕЙ ВОЛЬНЫХ. Чыноўнае быдла ў гэтую схему ня ўпісваецца. Гэта воры, бандыты, нахабнікі, паразыты, дурні і махляры. Іх трэба байкатаваць. Калі лезуць у нахабіцу, ім трэба даваць адлуп, хто сьмелы -- збройна, хто больш рахманы -- хлусіць, вылузгвацца як мага. Парушаць усё магчымае адміністратыўнае права Не падаткам Не паперкам Не пашпартам і пасьведчаньням кіроўцы Не "разрашэніям" і вертыкальным "сагласаваніям" Калі тэхналёгіі па-за разуменьнем сьвінагаловых, ужываць гэтыя тэхналёгіі, для найхутчэйшага зьнішчэньня дэгенератыўнай сістэмы ўлады адсталых і стварэньня ЖЫВОЙ сістэмы, у гармоніі з прыродай. LIBERTATIS EQUILIBRITAS
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру