Перад канцэртам у клубе «Рэактар» гутарка з рэперам.

7 мая ў клубе «Рэактар» мае быць вялікі канцэрт аднаго з лідэраў беларускага рэпу эм-сі Vinsent’а. У гэты вечар спявак выканае свае найлепшыя песні. Аднак гэта будзе не сольны выступ, а цэлы фэст белмоўнага рэпу. У конадзень канцэрту пра творчасць і пра беларускі рэп гутарка з Vinsent’ам.

«НН»: Ваш кліп «Восеньскі вальс» трапіў у лік 5 найлепшых кліпаў зімы паводле тэлеканала АНТ. Як так вас такога нефарматнага ўзялі на тэлевізію?

V: Калі шчыра сам не чакаў. Мяне паказалі ў блоку беларускамоўных кліпаў, разам з кліпамі Ірынай Дарафеевай і J-морсам. Але паколькі было інтэрактыўнае галасаванне, дык людзі пачалі падтрымліваць мяне сваімі галасамі, і ў выніку я трапіў у пяцёрку найлепшых. Цяпер круцяць кліп досыць рэгулярна, людзі пачалі пазнаваць на вуліцах.

«НН»: Рэп і патрыятычная песня (маем на ўвазе ваш трэк «Слава героям», прысвечаны Кастусю Каліноўскаму)… Спалучаеце неспалучальнае?

V: Каліноўскі вядома герой, але як чалавек поўны супярэчнасцяў, і таму я вырашыў пераапрацаваць яго вобраз на свій манер. У чымсьці даверыўся Караткевічу. Першыя слупкі песні - маё асабістае прачытанне ліста Алеся Загорскага, галоўнага героя рамана «Каласы пад сярпом тваім», як ён з Магілёва піша Кастусю Каліноўскаму, што знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. А апошні слупок — чыста мае ўражанні, (апісанае падаражжа з сучаснага Мінску ў Вільню-карэс.), мае развагі пра волю, пра тое, што за сто пяцьдзесят гадоў фактычна нічога не змянілася.

«НН»: Аднак на тэлебачанне вы патрапілі з лірычнай «Восеньскі вальс»…

V: Я не падзяляю сваю творчасць — усе песні напісаныя ад шчырага сэрца: і лірычная «Восеньскі вальс» і патрыятычная «Слава героям». Проста зразумела, што другую песню наўрад ці пусцяць у эфір. Але ж людзі, паглядзеўшы лірычную песню , зайшлі ў Сеціва і спампавалі сярод іншых і «Слава героям». А лірычная песня — гэта яшчэ і шанец трапіць на экран.

«НН»: Цяпер праблем з выступамі няма?

V: Не, абы запрашалі. Вось бачыце — выступаем у самым вялікім клубе Мінску. Сітуацыя з выступамі значна палепшылася, цяпер не тое што было колькі гадоў таму. У сталіцы дык увогуле ніякіх праблемаў, калі хто надта жорстка выконвае свае абавязкі дык гэта ў правінцыі. Калі прыязджаюць альтэрнатыўныя музыкі, дык работнікаў райвыканкамаў проста шок: «А што гэтыя музыкі выкінуць? А што нам скажуць у Мінску?».

Такім парадкам, 7 мая. Клуб «Рэактар» (Харужай 27). Канцэрт беларускамоўнага рэпера Vinsent’а і тых, хто робіць падобную музыку — Lunclan, PANaNieba і Вожыка.

Кошт квіткоў: 15 000 (папярэдне), 20 000 (у дзень канцэрту на ўваходзе), 25 000 (месца за столікам). Падчас фэсту будуць праведзены конкурс на найлепшага рэп-чытальніка з ліку гледачоў (трэба будзе зымправізаваць некалькі радкоў) б пераможцу чакаюць прызы. Падчас канцэрту таксама адбудзецца запіс відэакліпа.

Глядзець яшчэ: кліп «Восеньскі вальс»:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?