Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракаментаваў дзеянні сяброў выбарчай камісіяй у Чашніках, якія сталі героямі скандальнага відэа.

У Сеціве з’явілася скандальнае відэа, зробленае пасля падліку галасоў на парламенцкіх выбарах 2008 г. на адным з выбарчых участкаў у Чашніках. Сайту, які першым змясціў відэа, ужо пачалі пагражаць судом за «ўмяшанне ў асабістае жыццё».

НН папрасіла юрыста Валянціна Стэфановіча пракаментаваць выпадак у Чашніках. Найперш спадар Стэфановіч адзначыў, што

факты адзначэння камісіямі заканчэння выбарчых кампаній носяць масавы характар, фактычна можна казаць пра беларускую выбарчую традыцыю.
Праваабаронца цвердзіць, што бачыў падобнае ў часе розных выбарчых кампаній на ўласныя вочы.

Адказваючы на пытанне пра юрыдычны аспект такіх святкаванняў, сп. Стэфановіч зазначыў, што пасля завяршэння выбараў, то бок пасля падліку галасоў, чальцы камісіі аўтаматычна страчваюць свае паўнамоцтвы. Але гэта не вызваляе іх ад адказнасці, найперш адміністрацыйнай, за свае наступныя за падлікам галасоў дзеянні на тэрыторыі выбарчага ўчастка.

Выбарчы ўчастак — гэта грамадскае месца, падкрэсліў юрыст, а таму распіццё спіртных напояў на яго тэрыторыі з’яўляецца адміністрацыйным парушэннем. Гэта таксама і парушэнне Дырэктывы №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», згодна якой ужыванне спіртнога на працоўным месцы забароненае, у тым ліку і пасля заканчэння працоўнага дня.

Калі справа ўсё ж дойдзе да судовага разбіральніцтва, то прадстаўлены на разгляд суда відэаролік можа быць выкарыстаны для ацэнкі дзеянняў знятых у ім персанажаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?