07.05.2010 / 19:29

«Многія са здзіўленнем даведаліся, што ёсць такія газеты, як «Газета Слонімская» ці «Intex-press» 3

Пра ўдзел незалежных выданняў у форуме «СМІ ў Беларусі» расказала дырэктарка Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі» Алена Шостак.

Пра ўдзел незалежных выданняў у выставе «СМІ ў Беларусі» расказала дырэктарка Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі» Алена Шостак.

З 4 па 7 мая ў Мінску ў прайшла штогадовая выстава «СМІ ў Беларусі». Сёлета яна адбывалася чатырнаццаты раз. І ці не ўпершыню на гэтым форуме прысутнічала прадстаўнічая дэлегацыя незалежнай рэгіянальнай прэсы — Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі» прэзентавала на выставе больш за 20 выданняў. Пра «першы блін» расказала выканаўчы дырэктар асацыяцыі Алена Шостак.

Многія з гасцей выставы, яе ўдзельнікаў, найперш прадстаўнікоў дзяржаўных выданняў, сёлета ўпершыню даведаліся пра факт існавання ў рэгіёнах такой колькасці незалежных газет. «Многія нават не ведалі, што ёсць такія выданні, як «Газета Слонімская», ці «Intex-press» з Баранавічаў. І што гэтыя газеты выходзяць дваццацітысячнымі накладамі, але пры гэтым самастойна вырашаюць праблемы распаўсюду», — кажа спадарыня Алена. Па яе словах, свае выданні — больш за два дзесяткі — на выставу прапанавалі 14 рэгіянальных выдаўцоў. Незалежныя газеты разбіралі, як гарачыя піражкі. Тым не менш, кажа кіраўніца асацыяцыі, наўрад ці ўдзел у выставе дапаможа незалежным выданням падвысіць продажы і знайсці новых падпісчыкаў. «Калі да нас і падыходзілі з канкрэтнымі пытаннямі і прапановамі, то, як правіла, гаворка ішла пра рэкламу».

Расказала Алена Шостак і пра ўмовы ўдзелу ў выставе. Заяўку асацыяцыі арганізатары «СМІ ў Беларусі» задаволілі ў дзень яе падачы. Ніякіх умоў не выстаўлялася, не спатрэбілася і ўзгадняць асартымент выданняў, што меркавалася прэзентаваць на выставе.

Квадратны метр выставачнай плошчы абышоўся ў 80 еўра, 85 еўра давялося заплаціць у якасці ўнёску, які ўключаў у сябе акрэдытацыю, уключэнне прэзентацыйных выданняў у агульны каталог выставы і г.д. Яшчэ некалькі дзесяткаў еўра каштавала афармленне павільёна.

На наступны год Асацыяцыя плануе таксама ўдзельнічаць у форуме.

Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі» была зарэгістраваная ў ліпені 2009 году. Узначаліў арганізацыю кіраўнік выдавецкага дома «Інтэкс-прэс» Уладзімір Янукевіч. У асацыяцыю «Аб’яднаныя масмедыі» ўвайшлі выдаўцы такіх газет, як «Intex-Press» (Баранавічы), «Борисовские новости», «Газета Слонімская», «Газета для вас» (Івацэвічы), «Інфа-кур’ер» (Слуцк), «Информ-прогулка» (Лунінец), «Вольнае Глыбокае», «Брестский курьер», «Брестская газета», «Вечерний Бобруйск», «Бобруйский курьер», «Рэгіянальная газета» (Маладзечна), «Ганцавіцкі час», «Нясвіжскі час». Большасць з гэтых выданняў ад 2006 г. не маюць доступу да дзяржаўнай сістэмы распаўсюду.

Сямён Печанко

0
Brudny / Адказаць
07.05.2010 / 19:49
Дык скааперавалiся б з народнай воляй, яшчэ з кiм, калi такiм ужо дарагiм атрымлiваецца удзел. У мiлiка б грошау паспыталi, а ня дау бы-патлумачылi б людзям, што ен звычайны жлоб. Такая выстава -гэта ж пiяр у чыстым выглядзе!Гэта рэпутацыя...
0
Не зразумеў? / Адказаць
08.05.2010 / 09:31
А нахалеры ім Мілік?
0
Рамуальд са Смургоняў / Адказаць
10.05.2010 / 21:24
\"Новая газета Смаргоні\" у 2002 годзе зрабіла целы свой стенд пад назвай \"Газета - гэта бізнес\" у выставе \"СМІ у Беларусі\". Безумоўна, былі каляровыя выпускі газеты, а таксама 2 тэлефонных даведніка Смаргоні, карта Смаргоні, футбольны буклет і другія друкваня вырабы, зроблены \"Новай газетай Смаргоні\"... У снежні гэтага ж года Смаргонскі выканкам падаў у суд на закрыццё газеты і ў студзені зачынілі выдаўца газеты. У весну 2003 года, ужо тады нас, разам з БДГ выкінулі з шапікаў Саюздруку і з паштовай падпіскі. Так што, вось такія бываюць наступствы ўдзелу ў выставах! Дай Бог шчаслівейшага лёсу нашым калегам!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру